Сьвярдлоўскі абласны суд у Расеі прызнаў незаконным рашэньне ніжэйшага суда, які адмовіўся вярнуць двух прыёмных дзяцей Юліі Савіноўскіх. Органы апекі забралі хлопчыкаў, калі жанчына зрабіла апэрацыю па выдаленьні грудзей. Справа адпраўлена на новы разгляд па сутнасьці, паведамляецца на сайце Міжнароднай праваабарончай групы «Агора».
Органы апекі забралі дваіх прыёмных дзетак у Юліі Савіноўскіх і яе мужа ў канцы жніўня. Акрамя двух прыёмных хлопчыкаў, узятых з прытулку, у сям’і гадуюцца яшчэ двое родных дзяцей. Раней пасьля родаў і праблем са здароўем з-за вялікага памеру грудзей жанчына вырашыла зрабіць апэрацыю па яе выдаленьні. Перад апэрацыяй яна дзеля псыхалягічнай падрыхтоўкі вяла блог ад імя выдуманага трансгендэра, які рыхтуецца зьмяніць пол.