Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арыштаванага беларуса зьвязваюць з адной з найбуйнейшых кібэрзлачынных сетак


Следчы камітэт і Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі днямі паведамілі, што сумесна з амэрыканскім ФБР спынілі дзейнасьць міжнароднай кібэрзлачыннай групоўкі, у склад якой уваходзіў і беларускі грамадзянін.

У паведамленьні гаворылася, што беларус прадаваў шкоднаснае праграмнае забесьпячэньне, а таксама быў адміністратарам форумаў, дзе абмяркоўвалі, як рабіць кібэрзлачынствы.

«У ходзе сумесных мерапрыемстваў удалося ідэнтыфікаваць асобу гэтага мужчыны, — пішацца ў паведамленьні. — Ім аказаўся жыхар Гомельскай вобласьці 1983 года нараджэньня. Пасьля гэтага супрацоўнікі ФБР ЗША ажыцьцявілі закупку ў беларуса шкоднаснага праграмнага забеспячэньня. Зыходны код гэтай праграмы быў правераны спэцыялістамі ў галіне інфармацыйнай бясьпекі, якія далі заключэньне аб яго шкоднаснасьці».

Агенцтва Reuters паведамляе, што арыштаваны беларус быў адміністратарам сеткі Andromeda, якая аб’ядноўвала «ботнэты» — сеткі кампутараў, заражаных вірусамі, якія дазвалялі хакерам кантраляваць іх дыстанцыйна і выкарыстоўваць для кібэрзлачынстваў.

Прадстаўнікі швэдзка-амэрыканскай фірмы ў сфэры інфармацыйнай бясьпекі Recorded Future паведамілі Reuters, што яны маюць «высокую ступень упэўненасьці» пра асобу арыштаванага беларуса. Паводле іх, гэта Сяргей Ярац з Рэчыцы, які дзейнічаў пад нікам Ar3s і быў вядомы ў расейскамоўным кібэрзлачынным сьвеце з 2004 году. Яго называюць, сярод іншага, стваральнікам сеткі Andromeda, якая штомесяц заражала ў сярэднім больш за мільён кампутараў па ўсім сьвеце прынамсі з 2011 году.

У прафэсійнай сетцы LinkedIn Ярац мае пасаду галоўнага інжынэра ААТ «Тэлевід». Калега з кампаніі пацьвердзіў Reuters, што Ярац арыштаваны, але адмовіўся даць іншыя падрабязнасьці. Reuters таксама спасылаецца на ананімную крыніцу ў беларускіх уладных структурах, якая пацьвердзіла, што менавіта Ярац арыштаваны па справе сеткі Andromeda.

Адзін з блізкіх знаёмых Сяргея Яраца пацьвердзіў Радыё Свабода, што ён арыштаваны.

Што вядома пра Сяргея Яраца

Яму 33 гады, жыве ў Рэчыцы, жанаты, мае дзіця. Знаёмыя кажуць пра яго як пра спакойнага, адэкватнага, працавітага чалавека.

Скончыў Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўнівэрсытэт імя П. Сухога

З 2003 і да моманту арышту працаваў у Рэчыцкай тэлекампаніі «Тэлевід». На сайце кампаніі дагэтуль значыцца на пасадзе галоўнага інжынэра.

У 2013 годзе ў інтэрвію Сяргей распавядаў пра сваю працу так:

«Кожны ранак у мяне пачынаўся з таго, што я тэставаў прыстаўкі лічбавыя. Адпраўляў дадзеныя. Месяцаў 5-6. Так мы падагналі нашае айчыннае абсталяваньне да заходняга кшталту кадзіроўкі сыгналу. Гэта наш унёсак. Яны пісалі — мы тэставалі. Усё ў гэтых сьценах».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG