Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нельга прасіць на беднасьць і крычаць, што мы горды народ


Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін на саміце АДКБ у Менску. 30 лістапада 2017

Беларускія дзяржаўныя мэдыя атрымалі загад даць адлуп расейскаму тэлеканалу НТВ. Але выглядае гэта трохі забаўна.

Варта заўважыць, што перадача «Месца сустрэчы» на расейскім НТВ на мінулым тыдні, дзе востра крытыкавалася «няверная жонка» Беларусь, зьявілася ў момант, калі афіцыйны Менск дэманструе такую ляяльнасьць Расеі, якой не было апошнія чатыры гады. Тут і сумесныя вайсковыя вучэньні «Захад-2017», і адмова Лукашэнкі ехаць у Брусэль, і шпіёнскі скандал з Украінай. Здавалася б, чаго ім яшчэ трэба? Магчыма, менавіта гэтыя абставіны і выклікалі такую вострую рэакцыю ў беларускіх уладаў.

Спачатку ў газэце «Советская Белоруссия» выйшла карыкатура на НТВ з адпаведным камэнтаром, у якім вядоўцы расейскага тэлеканалу абвінавачваліся ў зьнявазе беларусаў і Беларусі. Потым у пятніцу на «Клюбе рэдактараў» (тэлеканал «Беларусь-1») рэзка крытыкавалі расейскую перадачу. Там галоўны рэдактар «Советской Белоруссии» Павел Якубовіч назваў вядучых НТВ «пігмэямі». А ў панядзелак 4 сьнежня тэлеканал АНТ прысьвяціў гэтай тэме ток-шоў «Наша жыцьцё», на якое запрасіў нават лідэра партыі БНФ Рыгора Кастусёва.

З Расеяй тут усё зразумела. Пасьля Крыму яе накрыла шавіністычная хваля, якая раз-пораз дасягае і беларускіх берагоў.

З Расеяй тут усё зразумела. Пасьля Крыму яе накрыла шавіністычная хваля, якая раз-пораз дасягае і беларускіх берагоў.

Але што ў гэтай інфармацыйнай кампаніі дзяржаўных мэдыя супраць НТВ мне здалося ненатуральным? Вялізны разрыў паміж рыторыкай і рэальнай палітыкай.

Калі беларусы — горды народ, калі, як піша «Советская Белоруссия», «Лукашэнка ні пад кога не кладзецца», то навошта беларускае кіраўніцтва ўвесь час вымольвае ў Расеі чарговыя эканамічныя субсыдыі? Каб стаць сапраўды незалежнай, Беларусь павінна стварыць жыцьцяздольную эканоміку, здольную эфэктыўна функцыянаваць пры сусьветных цэнах на энэргарэсурсы (як жывуць суседзі), а не прасіць расейскай дапамогі.

Больш за год (2016/2017) цягнулася беларуска-расейская нафтагазавая вайна. У чым яе прычына? Калі проста, то Беларусь выбівала льготныя цэны на газ, а Расея доўга супраціўлялася, а потым усё ж пагадзілася. Усе беларуска-расейскія энэргетычныя войны зводзяцца да патрабаваньня Менску ад Масквы ўсё новых ільготаў.

Без замежнай фінансавай дапамогі беларуская эканоміка сёньня ня можа існаваць, дакладней, падтрымліваць стабільнасьць.

Тое самае адбываецца з крэдытамі. Без замежнай фінансавай дапамогі беларуская эканоміка сёньня ня можа існаваць, дакладней, падтрымліваць стабільнасьць, дасягнуты ўзровень жыцьця і сацыяльнае статус-кво. З пачатку 2017 году замежны дзяржаўны доўг Беларусі павялічыўся на 19,5%. Прыкладна палову ўсяго беларускага замежнага доўгу прыпадае на Расею і Эўразійскі фонд стабілізацыі і разьвіцьця, які кантралюецца РФ. Сёньня дзейнічае восем міжурадавых пагадненьняў аб даваньні Беларусі расейскіх дзяржаўных крэдытаў. Прычым, на што варта зьвярнуць асаблівую ўвагу, беларускі бок гэтыя пазыкі не вяртае. Калі надыходзіць час плаціць па рахунках, Беларусь пералічвае 25-30% патрэбнай сумы, а потым кажа, што няма грошай, і просіць аб рэфінансаваньні доўгу. Расея ў большасьці выпадкаў ідзе насустрач. Бо ня можа ж яна аб’явіць пра дэфолт беднай сваячкі. Ствараецца крэдытная піраміда, якая з кожным годам павялічваецца.

Нешта падобнае адбываецца і з замежнай палітыкай. Пасьля вайсковых вучэньняў, якія моцна сапсавалі вобраз Беларусі як незалежнай краіны, Лукашэнку запрасілі ў Брусэль. Што адбылося потым? Міністар замежных спраў Уладзімер Макей едзе ў Маскву, і пасьля гэтага аб’яўляецца, што кіраўнік Беларусі замест Брусэлю едзе ў Буда-Кашалёва. Паралельна ў Менску знайшлі ўкраінскіх шпіёнаў, што вылілася ў дыпляматычны канфлікт з Кіевам. У выніку ўкраінскія СМІ цяпер дружна называюць Беларусь расейскай марыянэткай. А агульны настрой эўрапейскіх палітыкаў выразна выказала прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце: «Я лічу, што гэта дэманструе тое ж самае, што дэманстравалі вайсковыя вучэньні — на сваёй тэрыторыі гаспадарыць Масква, а не Беларусь, ня Менск. І рашэньні, каму і куды ехаць, прымае Масква, а ня Менск». Так насамрэч думаюць суседзі і эўрапейскія палітыкі.

Таму, калі хочаце, каб Беларусь паважалі, то трэба праводзіць адпаведную палітку. Бо нельга ўвесь час прасіць падаць на беднасьць і пры гэтым крычаць, што мы горды народ. Тут трэба выбіраць. Выгляд чалавека, які працягвае руку суседу далоньню ўгору і пры гэтым спрабуе захаваць на твары выраз годнасьці і нават пыхлівасьці, вельмі ненатуральны. Уся гэтая гісторыя выяўляе комплекс нахлебніка з амбіцыямі гаспадара жыцьця і звонку выглядае вельмі дзіўна.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG