Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Верш і фота расстралянага беларускага паэта знайшлі ў Японіі


Фатаздымак расстралянага беларускага паэта-маладнякоўца Паўлюка Шукайлы (фрагмэнт фота)

Доктар філялягічных навук, адзін з заснавальнікаў Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, стваральнік Беларускага грамадзка-культурнага таварыства ў Санкт-Пецярбургу Мікола Нікалаеў расказаў пра ўнікальную знаходку, якую ён зрабіў падчас выправы ў Японію.

Паводле дасьледніка, у музэі Удзяку Акіта ў невялікім гарадку Кураісі ў прэфэктуры Ааморы захоўваецца фатаздымак расстралянага беларускага паэта-маладнякоўца Паўлюка Шукайлы.

«Вялікая радасьць — знайсьці ў далёкай японскай правінцыі аўтограф ураджэнца Бераставіцкага раёну Паўлюка Шукайлы з радкамі ягонага верша, — падзяліўся навіной у Facebook спадар Нікалаеў. — Паэту давялося ўпасьці „ніцам на зямлю“ нашу, яго расстралялі ў 1938 годзе (паводле іншых зьвестак — у 1939-м. — РС)».

Вось урывак вершаванага твору, напісанага аўтарам ад рукі проста пад здымкам.

...Браткі мае,
у мазгох і душы
адчынеце венцілятары,
вочы палкія накіруйма на жыццё.
Зачым ніцам
на зямлю падаць —
зямлю падпарадкуем
пад свой закон!..

Паўлюк Шукайла — беларускі паэт, крытык, празаік. Прафэсар. Нарадзіўся ў 1904 годзе ў вёсцы Малая Лапеніца колішняга Ваўкавыскага павету, цяпер Бераставіцкі раён.

Паўлюк Шукайла
Паўлюк Шукайла

На пачатку 1920-х — удзельнік падпольнага рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі. Перайшоў празь мяжу ў БССР, ад 1925 году кіраваў філіяй «Маладняка» ў Слуцку і рэдагаваў акруговую газэту. У 1926-м паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленьне пэдагагічнага факультэту БДУ. На наступны год арганізаваў у Менску «Беларускую літаратурна-мастацкую камуну», у якую ўваходзілі таксама Апанас Атава, Пятрусь Броўка, Ян Скрыган, Алесь Гародня, Язэп Сукала, Макар Шалай ды іншыя.

У верасьні 1930-га арыштаваны ОГПУ СССР у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі», але неўзабаве справа была спыненая. Працаваў паліткарэктарам у Галоўліце СССР, загадчыкам катэдры мэтадалёгіі мастацтва ў Інстытуце кінэматаграфіі, кіраваў Беларускай сэкцыяй Маскоўскай асацыяцыі пралетарскіх пісьменьнікаў, быў рэдактарам маскоўскай газэты «Кино», дырэктарам Цэнтральнага тэхнікуму тэатральнага мастацтва. Ад 1932 году — віцэ-прэзыдэнт Дзяржаўнай акадэміі мастацтваў у Ленінградзе.

1 лістапада 1938 году арыштаваны і ў красавіку наступнага году асуджаны Вайсковай калегіяй Вярхоўнага суду СССР да найвышэйшай меры пакараньня. Пахаваны на могілках «Камунарка» пад Масквой. Пасьмяротна рэабілітаваны ў 1959-м.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG