Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ адзін прыз. Анімацыйны фільм Юліі Рудзіцкай прызнаны найлепшым на фэстывалі 2ANNAS у Рызе


Юлія Рудзіцкая. Фота з прыватнага архіву.

Як паведаміла Юлія Рудзіцкая на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, яе анімацыйны фільм «І месяц спыніўся» (And The Moon Stands Still) атрымаў галоўны прыз «Найлепшы анімацыйны фільм» на міжнародным кінафэстывалі 2ANNAS у Рызе.

Анімацыйны фільм «І месяц спыніўся» раней атрымаў галоўны прыз «Best Animated Film» на фэстывалі ў Санта Круз у Каліфорніі, галоўны прыз за анімацыю на кінафэстывалі «Лістапад», быў прызнаны найлепшым на фэстывалі «Анімаёўка-2017» у Магілёве, меў узнагароды на міжнародных фэстывалях у Расеі, Дамінікане, Партугаліі і іншых краінах.

Юлія Рудзіцкая нарадзілася ў Менску, цяпер жыве ў Нью-Ёрку, працуе рэжысэрам, аніматарам, ілюстратарам і моўшн-дызайнэрам у розных праектах для ТБ, брэндаў, сацыяльнай рэклямы, кліпах з фокусам на аўтарскае анімацыйнае кіно. 35-гадовая Юлія Рудзіцкая — ляўрэатка шматлікіх міжнародных кіна- і анімацыйных фэстываляў. Яна свабодна гаворыць па-беларуску і працягвае здымаць у Амэрыцы беларускае па духу кіно.

— Гэты фільм шмат паказвалі на розных фэстывалях у розных краінах, і ў Амэрыцы, і ў Эўропе, і ў Азіі. Мне казалі, што ў ім вельмі адчуваюцца моцны ўсходнеэўрапейскі ўплыў і матывы. Асабліва гэта бачаць тыя, хто знаёмы з усходнеэўрапейскай анімацыяй, — распавядала Юлія раней у інтэрвію Свабодзе. — У фільме ёсьць эпізод пра паводку. Я вельмі шмат ідэй, фактуры ўзяла з таго, што бачыла падчас вялікай паводкі ў Беларусі, і як схаваныя сымбалі і дэталі ўключыла іх у фільм. Гэта па духу вельмі беларускі фільм, а не амэрыканскі ў клясычным разуменьні амэрыканскай кінэматаграфічнай традыцыі.

Для мяне было дзіўна і адначасна прыемна, што ў ЗША фільм успрынялі і зразумелі. І ня толькі ў ЗША. Зразумелі яго ў Кітаі і ў Тайляндзе, дзе зусім розныя традыцыі і культура. Гэта аўтарскае кіно. Але ж аўтарская, экспэрымэнтальная анімацыя і ў ЗША адрозьніваецца кардынальна ад мэйнстрыму і камэрцыйнай анімацыі.

У 2011 годзе кароткі фільм Юліі «Будзьма беларусамі» ў 2011 годзе стаў сапраўдным гітом у інтэрнэце.

Рэжысэрка «Будзьма беларусамі» Юлія Рудзіцкая пра кар’еру ў ЗША і беларускую традыцыю ў анімацыі

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

XS
SM
MD
LG