Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшынём Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў ізноў абраны Аляксандар Ярашук


Аляксандар Ярашук у студыі Радыё Свабода.

Такое рашэньне прыняў дзясяты справаздачна-выбарны зьезд арганізацыі 2 сьнежня ў Менску.

Для Ярашука, які ўзначальвае Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў з 2002 году, новы трохгадовы тэрмін на чале асацыяцыі стане шостым.

Паводле агенцтва БелаПАН, выбары прайшлі ў форме тайнага галасаваньня і на безальтэрнатыўнай аснове. Удзельнікі зьезду прапаноўвалі вылучыць кандыдатамі таксама намесьніка старшыні БКДП Сяргея Антусевіча і старшыню прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча, аднак яны абодва ўзялі самаадвод.

З прысутных на зьездзе 54 дэлегатаў у выбарах кіраўніцтва ўдзельнічалі 47. У падтрымку кандыдатуры Ярашука выказаліся 37 чалавек, 10 выступілі супраць.

Прадстаўляючы сваю кандыдатуру, Ярашук заявіў: «Дарагія мае! Калі мы сёньня бяжым, мы на справе стаім на месцы. Трэба ня проста бегчы — трэба быць спрынтэрам. Сытуацыя прасьцейшай ня будзе, гэта несумненна».

Паводле вынікаў зьезду плянуецца прыняць рэзалюцыі аб парушэньнях правоў прафсаюзаў і працоўных у Беларусі, аб сацыяльна-эканамічнай сытуацыі ў краіне і становішчы працоўных, пэнсіянэраў, іншых сацыяльна неабароненых груп насельніцтва, а таксама аб сацыяльна-працоўных правах і аб скасаваньні прымусовай працы.

Акрамя таго, БКДП плянуе выказаць пратэст супраць рэпрэсій у дачыненьні да прафсаюзу РЭП і крымінальнага перасьледу яго лідэраў Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка.

Аляксандр Ярашук нарадзіўся 16 лістапада 1951 у вёсцы Унучкі Камянецкага раёна Брэсцкай вобласьці. У 1991 годзе працаваў загадчыкам аддзелу аграрнай палітыкі ЦК КПБ. У 1991–1996 гадах працаваў у Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі. У 1996–1998 гадах — першы намесьнік старшыні Менскага аблвыканкаму. У 1998–1999 гадах быў старшынём Менскага абласнога камітэту прыродных рэсурсаў. У 1999 годзе ўзначаліў Рэспубліканскі камітэт Беларускага прафсаюзу работнікаў аграпрамысловага комплексу, які ўваходзіць у склад ФПБ. З 2002 году — старшыня БКДП.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG