Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску пачаўся зьезд Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў


Лідэр БКДП Аляксандар Ярашук. Архіўнае фота. 2015 год.

У зьезьдзе бяруць удзел больш за 60 прафсаюзных актывістаў, а таксама прыблізна дзесяць замежных гасьцей. Сёньняшні зьезд — дзясяты справаздачна-выбарны. Асноўнае пытаньне зьезду — выбары кіраўніцтва.

Паводле агенцтва БелаПАН, Аляксандр Ярашук, які ўзначальвае БКДП з 2002 году, пакуль не паведаміў, ці плянуе зноў выстаўляць сваю кандыдатуру альбо пакінуць пасаду.

Паводле вынікаў зьезду плянуецца прыняць рэзалюцыі аб парушэньнях правоў прафсаюзаў і працоўных у Беларусі, аб сацыяльна-эканамічнай сытуацыі ў краіне і становішчы працоўных, пэнсіянэраў, іншых сацыяльна неабароненых груп насельніцтва, а таксама аб сацыяльна-працоўных правах і аб скасаваньні прымусовай працы.

Акрамя таго, БКДП плянуе выказаць пратэст супраць рэпрэсій у дачыненьні да прафсаюзу РЭП і крымінальнага перасьледу яго лідэраў Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка.

Зьезд БКДП, паводле статута арганізацыі, склікаецца раз на тры гады. Папярэдні адбыўся ў сьнежні 2014 году. У яго выніковай рэзалюцыі дэлегаты запатрабавалі ад уладаў прадухіліць пагаршэньне сацыяльна-эканамічнай сытуацыі ў краіне.

Асацыяцыя прафсаюзаў «Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў» аб’ядноўвае Беларускі незалежны прафсаюз (БНП), Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ), Свабодны прафсаюз мэталістаў (СПМ) і Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП).

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG