Паводле суразмоўцы агенцтва, Керымаў змог пазьбегнуць падаткаў дзякуючы паніжанаму кошту нерухомасьці. Яшчэ каля 40 мільёнаў эўра за розныя паслугі былі выплачаныя сэнатарам наяўнымі, зьнятымі з рахункаў у Швайцарыі і Манака, і не задэкляраванымі, сьцьвярджае крыніца AFP.
Як стала вядома ў чацьвер, 30 лістапада, у рамках расьсьледаваньня справы Керымава, была затрыманая 46-гадовая агентка па нерухомасьці. Імя затрыманай не называецца. Ёй таксама прад’яўленыя абвінавачваньні ў адмываньні грашовых сродкаў і махлярстве. Пра гэта AFP паведамілі ў пракуратуры Ніцы.
Чалец расейскага Савету Фэдэрацыі ад Дагестана Сулейман Керымаў быў затрыманы ў аэрапорце Ніцы 20 лістапада. Яго пакінулі пад вартай на 48 гадзін, а затым прад’явілі абвінавачваньні ў адмываньні грошай і нявыплаце падаткаў. Па вэрсіі сьледзтва, вілы на мысе Анціб былі набытыя Керымавым праз падстаўных асоб.
У 2013 годзе Керымаў стаў галоўным героем калійнай вайны паміж Беларусьсю і Расеяй. Сьледчы камітэт Беларусі абвінаваціў мільярдэра паводле крымінальнай справы ў злоўжываньні паўнамоцтвамі ў дачыненьні да службовых асобаў ЗАТ «Беларуская калійная кампанія».
Генэральнага дырэктара «Уралкалію» Вячаслава Баўмгертнэра арыштавалі адразу пасьля сустрэчы з тагачасным прэм'ер-міністрам Міхаілам Мясьніковічам. У Беларусь тады, дарэчы, запрашалі і самога ўласьніка кампаніі. Лукашэнка патрабаваў кампэнсаваць страты ў памеры больш чым 100 млн. даляраў.
У выніку, Керымаў прадаў сваю долю ва «Ўралкаліі», «Беларуськалій» пачаў наладжваць зь ім стасункі, Баўмгертнэра адвезьлі ў Расею, патрымалі крыху ў СІЗА, перавялі пад хатні арышт і ўрэшце спынілі крымінальную справу. Страты, пра якія казаў Лукашэнка, так і не сплацілі.