Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рабочы з Гомля спагнаў з прадпрыемства кампэнсацыю за незаконнае звальненьне


Анатоль Паплаўны, архіўнае фота
Анатоль Паплаўны, архіўнае фота

Сьлесар-інструмэнтальшчык з Гомля Анатоль Паплаўны праз суд спагнаў са свайго працадаўцы, сумеснага акцыянэрнага таварыства «Гомелькабель», 100 рублёў маральнай шкоды.

«Сёлета ў сакавіку я апынуўся на вуліцы: дырэкцыя не працягнула са мною кантракт, нягледзячы на мой перадпэнсійны ўзрост. Асабліва шмат прэтэнзіяў выстаўляў намесьнік дырэктара па ідэалёгіі й пэрсаналу Сяргей Наркевіч: я і складкі на суботнік не здаваў, і апазыцыйным СМІ інтэрвію раздаваў, і на выбарах быў назіральнікам ад апазыцыі. Прэтэнзіі тычыліся ня працы, а маёй грамадзкай дзейнасьці», — расказаў Свабодзе Анатоль Паплаўны.

Пры падтрымцы Беларускага незалежнага прафсаюзу РЭП Паплаўны аспрэчыў сваё звальненьне ў судзе Чыгуначнага раёну і быў адноўлены на працы з аплатай вымушанага прагулу.

Незаконнае звальненьне, паводле рабочага, прынесла яму маральныя пакуты, адчуваньне ўсёдазволенасьці наймальніка, пачуцьцё трывогі за будучыню ў зьвязку зь немагчымасьцю ўтрымліваць сваю сям’ю, ня маючы працы. З гэтай прычыны і падаў пазоў у суд на кампэнсацыю маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў.

Прадстаўнікі СААТ «Гомелькабель» часткова прызналі пазоў і прасілі суд ацаніць маральныя пакуты свайго рабочага ня больш як у 10 рублёў — у сто разоў менш, чым заяўлена было ў пазове.

Судзьдзя Галіна Чарнашэй вырашыла спагнаць з прадпрыемства на карысьць Анатоля Паплаўнага 100 рублёў у якасьці кампэнсацыі маральнай шкоды.

«Мяне перасьцерагалі на працы: ня варта, маўляў, судзіцца з дырэкцыяй, а то начальнікі знойдуць магчымасьць расквітацца. Я думаю іначай: няхай яны мяне баяцца. У мяне найвышэйшая кваліфікацыя ў сваёй прафэсіі, я спраўна выконваю свае абавязкі. Чаго мне баяцца? Наадварот, кіраўнікам варта больш думаць пра ўмовы працы рабочых, арганізацыю вытворчасьці», — кажа Анатоль Паплаўны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG