Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскі рабочы спрабуе адсудзіць у працадаўцы 1000 рублёў


Анатоль Паплаўны

Анатоль Паплаўны з прадпрыемства «Гомелькабель» патрабуе кампэнсаваць нанесеную яму маральную шкоду.

Сьлесар-інструмэнтальшчык з Гомля Анатоль Паплаўны прад’явіў судовы пазоў свайму наймальніку — прадпрыемству «Гомелькабель». «Сёлета ўвесну наймальнік не працягнуў са мною кантракт, і я апынуўся на вуліцы, — апавёў Паплаўны. — Асабліва шмат прэтэнзіяў выстаўляў намесьнік дырэктара па ідэалёгіі й пэрсаналу Сяргей Наркевіч: я і складкі на суботнік не здаваў, і апазыцыйным СМІ інтэрвію раздаваў, і на выбарах быў назіральнікам ад апазыцыі».

З дапамогай Беларускага незалежнага прафсаюза працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці Паплаўны зьвярнуўся ў суд з патрабаваньнем аднаўленьня на працы. Суд Чыгуначнага раёну Гомеля Паплаўнага на працы аднавіў і абавязаў дырэкцыю прадпрыемства выплаціць яму заробак за вымушаны паўтарамесячны прагул.

«Я выйграў суд, але да гэтага перацярпеў прыніжэньне, зьведаў безабароннасьць перад наймальнікам, пачуцьцё трывогі за будучыню сваёй сям’і, бо, ня маючы працы, ня мог яе ўтрымліваць. Мяне сёй-той перасьцерагае: маўляў, ня варта судзіцца з дырэкцыяй, а то начальнікі знойдуць магчымасьць расквітацца. Я думаю іначай: няхай яны мяне баяцца. У мяне вышэйшая кваліфікацыя ў сваёй прафэсіі, я не спазьняюся, спраўна выконваю свае абавязкі. Чаго мне баяцца? Наадварот, кіраўнікам варта больш думаць пра ўмовы працы рабочых, арганізацыю вытворчасьці», — кажа Паплаўны. Дата разгляду справы Паплаўнага стане вядомая да канца тыдня.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG