Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія сьледчыя будуць высьвятляць, ці быў расстрэл царскай сям’і рытуальным забойствам


Падчас сьвяткаваньня ў Санкт-Пецярбургу на дзень народзінаў Мікалая ІІ (архіўнае фота)

Сьледзтва плянуе прызначыць псыхоляга-гістарычную экспэртызу, каб высьветліць, ці не зьяўляўся расстрэл расейскай царскай сям’і ў 1918 годзе рытуальным забойствам.

Пра гэта паведаміла ў панядзелак старэйшая сьледчая па асабліва важных справах Сьледчага Камітэту Расеі Марына Маладцова на канфэрэнцыі «Справа аб забойстве Царскай сям’і: новыя экспэртызы і матэрыялы. Дыскусія», якую цытуе агенцтва «Новости». Пра тое, які рытуал маецца на ўвазе, не паведамляецца.

Паводле Маладцовай, для гэтага цяпер фармуецца экспэртная рада, у склад якой увойдуць навуковыя супрацоўнікі Акадэміі навук Расеі, Маскоўскага і Санкт-Пецярбургскага унівэрсытэтаў, гісторыкі, архівісты і сьвятары Расейскай праваслаўнай царквы. Дасьледаваньне стане магчымым пасьля заключэньня гісторыка-архіўнай экспэртызы, над якой цяпер працуюць спэцыялісты.

Бюст Мікалая ІІ каля пракуратуры ў анэксаваным Расеяй Крыме
Бюст Мікалая ІІ каля пракуратуры ў анэксаваным Расеяй Крыме

Апошні расейскі імпэратар Мікалай II і яго сям’я былі расстраляныя летам 1918 году ў Екацярынбургу. У 2000 годзе Расейская праваслаўная царква прылічыла Мікалая II і яго сямейнікаў да ліку сьвятых. Іх парэшткі былі перапахаваныя з магілы пад Екацярынбургам у магільны склеп Петрапаўлаўскага сабора Санкт-Пецярбургу.

Увосень 2015 году сьледчыя аднавілі расьсьледаваньне справы аб гібелі царскай сям’і. Цяпер таксама праводзяцца экспэртызы, каб вызначыць сапраўднасьць знойдзеных у 2007 годзе парэшткаў, магчыма, царэвіча Аляксея і вялікай князёўны Марыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG