Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расьсьледаваньне зьнікненьня хлопчыка ў Белавескай пушчы падоўжылі да чатырох месяцаў


Рашэньне павялічыць тэрмін расьсьледаваньня зьнікненьня 10-гадовага Максіма Мархалюка ў Белавескай пушчы да чатырох месяцаў зьвязана «​са значным памерам працэсуальных і расьсьледніцкіх дзеяньняў»​. Пра гэта паведаміў афіцыйны прадстаўнік упраўленьня Сьледчага камітэта Горадзенскай вобласьці Сяргей Шаршаневіч, перадае БелТА.

«Рашэньне прынятае празь неабходнасьць выканаць значны аб'ём сьледчых і працэсуальных дзеяньняў. Сьледчымі УСК Гродзенскай вобласьці ва ўзаемадзеяньні з супрацоўнікамі органаў унутраных спраў, органамі мясцовага самакіраваньня, МНС, Міністэрствам абароны, праведзена вялікая праца, накіраваная на ўстанаўленьне месцазнаходжаньня зьніклага», — сказаў Шаршаневіч.

Таксама вядома, што дагэтуль рэалізуецца «комплекс вышуковых і сьледчых дзеяньняў, праводзіцца шэраг экспэртных дасьледаваньняў». Працягваюцца пошукавыя мерапрыемствы ў меркаваным кірунку руху хлопчыка — забалочанай мясцовасьці Белавескай пушчы.

Хлопчык абвешчаны ў міжнародны вышук

Зьніклага 16 верасьня ў Белавескай пушчы Максіма Мархалюка шукаюць і за межамі Беларусі. Інфармацыю аб гэтым распаўсюдзіў Сьледчы камітэт Беларусі. Па факце зьнікненьня Максіма Мархалюка Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 167 КПК. Разглядаецца і крымінальная вэрсія зьнікненьня, але асноўная па-ранейшаму застаецца нязьменнай: Максім заблудзіў у лесе.

Першыя паведамленьні ў СМІ пра зьнікненьне Максіма Мархалюка зьявіліся 18 верасьня. У зводцы гаварылася, што ў міліцыю зьвярнулася маці 11-гадовага хлопчыка і паведаміла, што каля 20.00 увечары 16 верасьня ён паехаў на ровары ў бок лесу каля сваёй вёскі і зьнік. Ужо а 22-й гадзіне 16 верасьня Максіма пачалі шукаць — бацькі, аднавяскоўцы, супрацоўнікі міліцыі і МНС.

У лесе знайшлі ровар хлопчыка, пакет з грыбамі, але болей ніякіх сьлядоў. Паводле зьвестак Міністэрства надзвычайных сытуацый, цягам 2017 году ў лясах Беларусі згубіліся 26 дзяцей, ня знойдзены дагэтуль толькі Максім Мархалюк. У большасьці выпадкаў пошукавыя апэрацыі завяршаліся посьпехам у першыя ж суткі.

Раней хлопчыка шукалі з удзелам соцень валянтэраў, пазьней супрацоўнікі МЧС і МУС вырашылі, што цяпер вялікай колькасьці шукальнікаў не патрэбна, у далейшых пошуках бяруць удзел адмыслоўцы.

«Ён сьніцца мне, але і ў снах ніякай падказкі». Зьніклага Максіма Мархалюка шукаюць трэці месяц

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG