Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская зорка більярду: «Даводзіцца тлумачыць, што Беларусь не Расея»


Маргарыта Фефілава, №1 этапаў Эўратуру

Упершыню беларуска ўзначаліла эўрапейскі рэйтынг у пуле — адной з самых папулярных разнавіднасьцяў лузнага більярду. У жніўні 20-гадовая Маргарыта Фефілава стала першай на этапе Эўратуру ў Нідэрляндах, а нядаўна паўтарыла вынік на аналягічным турніры ў Партугаліі. Ні ў жаночым, ні ў мужчынскім пуле прадстаўнікі Беларусі так высока яшчэ не сягалі.

Пул — самы малады від більярду, вытокі якога ідуць з Амэрыкі. Яго «бацькам» лічыцца Майкл Фэлан. У 1857 годзе ён распрацаваў більярдныя сталы новага тыпу, у якіх лузы былі нашмат большымі за шары, а таксама заклаў асновы правілаў гульні.

Сучасная разнавіднасьць пулу сыстэматызаваная ў 1910 годзе, а яшчэ праз два гады быў праведзены першы афіцыйны чэмпіянат. У той жа час пул дзеліцца на падвіды. Спачатку зьвілася «васьмёрка», якая мае пазыцыйны характар, а ў 1920-я — больш дынамічная «дзявятка». Сьледам атрымала разьвіцьцё і «дзясятка». Агулам разнавіднасьцяў пулу налічваецца больш за дваццаць. Мэтай Усясьветнай канфэдэрацыі більярднага спорту — уключэньне пулу, снукеру і карамболю ў праграму Алімпійскіх гульняў.

Верхняя частка гадавога рэйтынгу
Верхняя частка гадавога рэйтынгу

Дзедаў більярд і ахвярнасьць бацькоў

Пулам Маргарыта Фефілава займаецца прафэсійна. Яна вучыцца на трэцім курсе Беларускага дзяржаўнага інстытуту фізычнай культуры, спэцыяльнасьць — трэнэр більярднага спорту. Кажа, што захапленьне, якое перарасло ў працу, ўвайшло ў яе жыцьцё само сабой, хоць сьпіс папярэдніх інтарэсаў надзвычай рознабаковы: гімнастыка, спартыўныя танцы, плаваньне, шахматы, каратэ.

«Мабыць, вырашальнае слова аказалася за дзедам, — расказвае Свабодзе Маргарыта. — У ягоным доме на Віцебшчыне дагэтуль стаіць більярдны стол. Па ім я яшчэ ў маленстве поўзала, разганяла рукамі шарыкі па лузах. Калі падрасла, пачала гуляць. Нібыта атрымлівалася. І ў нейкі момант дзеда перамагла! Для яго гэта быў шок. Ну і нейкі знак таксама. Так і пайшло. Зьмяніла шмат трэнэраў, і ў выніку прыйшло разуменьне, што ўсё ня тое. Самым лепшым настаўнікам мог быць толькі тата. У гэтым сэнсе я і цяпер не магу давяраць нікому, апроч сваіх бацькоў».

Крышталёвы кубак за перамогу ў партугальскай Бразе
Крышталёвы кубак за перамогу ў партугальскай Бразе

Дзеля дасягеньня максымальных вынікаў сваёй дачкі Аляксандру і Сьвятлане Фефілавым давялося радыкальна зьмяніць сфэру дзейнасьці. Ня маючы раней дачыненьня да більярднай справы, пачалі вывучаць адпаведныя мэтодыкі, даведнікі, дапаможнікі. Тата сканцэнтраваўся на тэхнічным баку, мама — на псыхалёгіі. У выніку паўстаў сямейны клюб Pool Forever, неўзабаве пачаўся набор навучэнцаў.

Паступова школа заняла лідэрскія пазыцыі ў Беларусі, стаўшы гадавальнікам для многіх чэмпіёнаў. Вынікі выхаванцаў сталі важкай падставай, каб Беларуская асацыяцыя більярднага спорту прапанавала Аляксандру Фефілаву ўзначаліць у структуры арганізацыі кірунак пулу.

Аляксандар, Маргарыта і Сьвятлана Фефілавы
Аляксандар, Маргарыта і Сьвятлана Фефілавы

«Па вялікім рахунку, пад чэмпіёнства нашай дачкі мы „затачылі“ ўсю сваю дзейнасьць, — далучаецца да размовы бацька і асабісты трэнэр Маргарыты. — Бо ў нейкі момант зразумелі: калі ня будзе поўнай самааддачы, то і высокага выніку ня будзе таксама. А мы прызвычаіліся дабівацца максымуму. Таму і я, і Сьвятлана, і Маргарыта сканцэнтраваліся на дасягненьні агульнай мэты — падрыхтоўцы канкурэнтаздольнага гульца ня толькі эўрапейскага, а ўсясьветнага ўзроўню. Такое вось сямейнае прадпрыемства...»

У 15-гадовым узросьце Маргарыта атрымала званьне майстра спорту, а яшчэ раней, у дэбютным для сябе першынстве Менску 2010 году, здабыла першую афіцыйную ўзнагароду. Сёньня ў яе актыве 16 тытулаў чэмпіёнкі Беларусі, яна пераможца мужчынскага і жаночага Кубкаў краіны, неаднаразовая прызэрка міжнародных спаборніцтваў.

На чэмпіянаце сьвету ў Кітаі
На чэмпіянаце сьвету ў Кітаі

А літаральна днямі заваявала чарговую вяршыню — замацавалася на першым радку гадавога рэйтынгу Эўратуру. Дагэтуль нікому зь беларускіх «пулістаў» не ўдавалася ўзьняцца так высока.

Як тлумачыць Маргарыта, у вызначэньні эўрапейскага лідэра выкарыстоўваецца мадэль, аналягічная вялікаму тэнісу. А гэта значыць, каб як мага даўжэй утрымацца наверсе, трэба быць гатовым да кожнага турніру.

«Спаборніцтвы Эўратуру — яны рэйтынгавыя. Калі прапускаеш нават адзін турнір, вельмі моцна спаўзаеш у сьпісе — найперш за кошт таго, што практычна ўсе жанчыны, якія ўваходзяць у топ-16, езьдзяць на кожныя спаборніцтвы. Адпаведна, нават разавая няяўка азначае верагоднасьць адкату, а значыць, досыць складана зноў вярнуцца ў лік наймацнейшых, трэба выйграваць як мінімум некалькі турніраў запар. Прыблізна як у вялікім тэнісе: ненадоўга спынісься, і цябе адразу „зьядуць“. Рэйтынг WTA ў гэтым сэнсе падобны», — падсумоўвае спартоўка.

Апошнія штрыхі перад матчам
Апошнія штрыхі перад матчам

Заслужаны рэйтынг і белая пляма радзімы

Цікавімся ў навасьпечанай лідэркі Эўратуру, ці дазваляе прафэсійная дзейнасьць забясьпечваць сябе матэрыяльна? Пры ўсёй відовішчнасьці, пул аб’ектыўна не адносіцца да відаў, у якіх круцяцца вялікія грошы спонсараў — за выключэньнем хіба снукеру, дый тое мужчынскай яго часткі.

Нерэальна зарабляць, каб з гэтага яшчэ і жыць

«Хутчэй не, чым так, — пагаджаецца Маргарыта. — У любым выпадку мусіць быць дадатковы заробак — напрыклад, трэнэрская дзейнасьць. Турніры, у якіх я бяру ўдзел, досыць затратныя — пералёты, гатэлі, харчаваньне. Практычна ўсё аплочваецца з уласнай кішэні. Нерэальна зарабляць, каб з гэтага яшчэ і жыць. Тым больш калі гаворка не пра перамогу, а проста пра ўдзел. Скажам, на Эўратур траціцца недзе 500-600 эўра, чэк за першае месца — 1000 эўра. Нібыта і някепска, але ж кожны раз быць на п’едэстале немагчыма. Добра, калі паездка акупляецца, але часьцей выліваецца ў мінус. Каб быў плюс, трэба даходзіць да фіналу. Тады нешта нават застанецца».

З мамай Сьвятланай
З мамай Сьвятланай

Паколькі першымі заўзятымі спажыўцамі пулу былі наведнікі піўных пабаў, більярдны стол дагэтуль успрымаецца не зусім жаночым заняткам. Маўляў, лепей бы шчыравалі за кухонным. Аднак менавіта беларускія дзяўчаты сёньня найбольш гучна заяўляюць пра сябе на міжнароднай арэне — напрыклад, пра снукерыстку, пераможцу і прызэрку чэмпіянатаў сьвету Яну Шут Свабода ня так даўно расказвала.

Ці адназначны выбар на карысьць пулу зрабіла Маргарыта Фефілава? Або усё ж яшчэ пакідае шанец паспрабаваць сябе ў эліце більярду — снукеры?

«Не, выбар ужо адназначны, іншых плянаў няма, — катэгарычная ў сваім суразмоўца. — Мяне іншыя віды більярду ня вельмі і цікавяць — мабыць, якраз той выпадак, каму што бліжэй. Безумоўна, снукер — самая складаная дысцыпліна ў лузным більярдзе. Але я цалкам сканцэнтраваная на пуле, мне гэта падабаецца. Тым больш цяпер гэта мая прафэсія — трэба расьці, удасканальвацца. І мая сёньняшняя сіла — вынік сыстэмнай і напружанай працы».

На фоне сваіх трафеяў
На фоне сваіх трафеяў

Посьпехі беларускі спрыяюць ня толькі росту яе пэрсанальнага аўтарытэту. Кажа, што паралельна выконвае місію геаграфічнага лікбезу — пра Беларусь досыць цьмянае ўяўленьне нават на эўрапейскім кантынэнце, ня кажучы пра больш аддаленыя шыроты.

«Шчыра кажучы, некалькі гадоў таму, калі толькі пачала езьдзіць на Эўратуры, мала хто нават уяўляў, дзе тая Беларусь знаходзіцца, — згадвае Маргарыта. — Шмат хто, пачуўшы, адкуль я, перапытвалі: а гэта ўвогуле дзе? Ніякіх асацыяцый не ўзьнікала — ня ведаю, ці людзі такія нецікаўныя, ці наша краіна як „белая пляма“. Даводзілася нават на мапе паказваць, тлумачыць, што паміж Польшчай і Расеяй, Літвой і Ўкраінай. Цяпер ужо ведаюць мяне, а празь мяне — і Беларусь. Даводзіцца быць такім вось своеасаблівым пасярэдніцкім зьвяном (сьмяецца)».

З выхаванцамі школы Pool forever
З выхаванцамі школы Pool forever

Родная мова і чужародны асяродак

Маргарыту ў меншай ступені дзівяць абмежаваныя веды іншаземцаў пра Беларусь — урэшце, аб’ектыўна ня так шмат нагодаў, каб абмяркоўваць падзеі глябальнага ўзроўню з прывязкай да беларускіх. Разам з тым напружвае факт, што сама дзяржава нічога ня робіць для папулярызацыі нацыянальнай ідэнтычнасьці.

«На Эўратуры за сьняданкам расказала пра менскі аэрапорт. Усе надпісы — на расейскай, ангельскай і кітайскай. Ні слова па-беларуску! Аб’явы дублююцца на кітайскай! Як такое можа быць? Я патрыётка, люблю сваю краіну і вельмі перажываю, што беларуская мова папросту памірае. Так быць не павінна. У нас дзьве дзяржаўныя мовы, але дзе месца беларускай? Я згодная, што ангельская — мова міжнародных зносінаў, можна яе выкарыстоўваць у мэтро ці ў напісаньні вуліц. Але ахвяраваць беларускай дзеля той жа кітайскай? Ну як моладзь будзе цікавіцца роднай мовай, калі яе нідзе не прасоўваюць?»

З кубкамі чэмпіянату Беларусі
З кубкамі чэмпіянату Беларусі

Дзяўчына згодная з думкай, што сьветапогляд кожнага дзіцяці закладаецца ў сям’і бацькамі. Аднак калі ў паўсядзённым жыцьці гэта будзе рэгулярна натыкацца на іншародны асяродак, рана ці позна існуе рызыка маральнай капітуляцыі.

«Сама памятаю: раней на тым жа БТ беларускай мовы было больш — ток-шоў, праграмы навінаў, „Калыханка“. Цяпер усё па-расейску. Са школаў яе наогул выціснулі. Ня буду абагульняць, у мяне была выдатная настаўніца, гаварыла толькі па-беларуску, злавалася, калі нехта зьвяртаўся па-расейску. Хай сабе і падладжваліся, але мову вучылі. У іншых не было і гэтага, — кажа Маргарыта. — Так, залежыць ад выхаваньня, ад таго, што бацькі заклалі. Але немалая роля і СМІ, і паўсядзённага жыцьця. Наша мова ня вартая такой долі. Нават іншаземцы, якія чуюць беларускую, кажуць пра яе прыгажосьць. Шкада, што свае ж людзі ставяцца да яе з пагардай...».

Перамога на этапе Эўратуру ў Нідэрляндах
Перамога на этапе Эўратуру ў Нідэрляндах

Маргарыта лічыць, што сур’ёзная «ломка» адбываецца ўжо ў школе, дзе несфармаванага чалавека заганяюць у рамкі падрыхтаваных лякалаў і штампаў. А таму і выходзяць адтуль з багажом ведаў ня столькі практычнага, колькі ідэалягічнага парадку.

За мяжой даводзіцца тлумачыць, што Беларусь не Расея

«Безумоўна, гісторыя застанецца незалежна ад таго, будуць яе на нейкіх этапе перапісваць ці не. Гэта тое, ад чаго нельга проста ўзяць і адмовіцца. Наша абыякавасьць ужо прывяла да таго, што многія ня хочуць зазірнуць глыбей, лічаць, што Беларусь заўсёды была часткай Расеі, ніколі не жыла самастойна. Мне такіх людзей проста шкада, яны абмежаваныя ў сваіх поглядах, нічога па-сапраўднаму ня ведаюць, не разумеюць. За мяжой таксама даводзіцца тлумачыць, што Беларусь не Расея, а самастойная дзяржава са старажытнай гісторыяй, культурай, мовай. Дык гэта іншаземцы, а тут мясцовыя гэтага ня ведаюць», — распавядае спартоўка.

Моцная палова і параненае самалюбства

Сёньня Маргарыта Фефілава ўзначальвае ўсе нацыянальныя рэйтынгі ў падразьдзелах пулу — у «васьмёрцы», «дзявятцы», «дзясятцы». Мала таго, яна рэгулярна выстаўляецца на мужчынскіх спаборніцтвах, раз-пораз прымушаючы капітуляваць «моцную палову». Рэакцыя мужчын часьцяком зьдзіўляе.

Аляксандар Фефілаў за «разборам палётаў»
Аляксандар Фефілаў за «разборам палётаў»

Прыгадвае, што на адным зь нядаўніх мужчынскіх чэмпіянатаў Беларусі заняла два першыя месцы з чатырох магчымых. Пасьля чаго і ў сацыяльных сетках, і ў кулюарах пранеслася хваля абурэньня. Лейтматывам гучала патрабаваньне забараніць жанчынам удзельнічаць у разборках сапраўдных мужчын. Аднак зьмешаныя выступы дазволеныя міжнародным рэглямэнтам і Маргарыта адступаць ня мае намеру. Нават калі гуляюць два сапернікі аднолькавага ўзроўню, адзін у любым выпадку будзе пераможаны, канстатуе яна.

З жанчынамі не люблю гуляць, бо кардынальна адрозьніваецца мысьленьне, бачаньне більярду.

«Мне бяз розьніцы, з кім сапернічаць. Я пачынала спарынгі ў асноўным з мужчынамі, таму склад розуму ў мяне больш мужчынскі, чым жаночы. Больш скажу: з жанчынамі не люблю гуляць, бо кардынальна адрозьніваецца мысьленьне, бачаньне більярду. Іншая справа, што ёсьць мужчыны, якія ўмеюць годна прайграваць і прыклады зусім іншыя. Зусім не ўпрыгожвае, калі пасьля паразы чуеш — стол быў крывы, шары папсаваныя, сетка лепшая. У маім разуменьні гэта не мужчынскія паводзіны. Але самалюбства — справа тонкая, мужчыны ў гэтым сэнсе вельмі ранімыя. Асабліва калі выйграе дзяўчына».

Удзельнікі і гледачы турніру
Удзельнікі і гледачы турніру

Тым ня меней дзяўчына аб’ектыўна ацэньвае свае здольнасьці і кажа, што адна справа — гуляць дома і зусім іншая — выступаць на ўсясьветнай арэне. Найперш гэта тычыцца магутнай экспансіі з Кітаю.

«У Кітаі вельмі актыўна культывуецца свой від — кітайскі пул. Ладзіцца шмат камэрцыйных спаборніцтваў, у тым ліку ў пуле клясычным. Масавасьць дае плён: ва ўсясьветным топе вялікая колькасьць кітайцаў, наогул азіяцкіх спартоўцаў. Яно і ня дзіўна: шмат у якіх кітайскіх школах більярд выкладаюць як прадмет. Прыкладна як у нас урокі фізкультуры. Я сама бачыла, як у самай звычайнай школе ўся спортзаля застаўлена більярднымі сталамі. Таму настолькі шмат і гульцоў, і чэмпіёнаў. Плюс падцягваюцца Філіпіны, Карэя, Японія. Часьцяком думаеш, што перад табой проста робат», — распавядае беларуска.

Маргарыта Фефілава кажа, што на гэтым фоне эўрапейскі більярд хутчэй дэградуе, чым прагрэсуе. Зьмена пакаленьняў агаліла некалі моцныя флянгі, чым актыўна карыстаюцца азіяцкія канкурэнты.

Пераможца турніру Atlantic Challenge Cup
Пераможца турніру Atlantic Challenge Cup

«Некалькі гадоў таму эўрапейскі ўзровень можна было ставіць у прыклад, кажа яна. — Моцныя школы былі ў Польшчы, у Нямеччыне, іх спартоўцы бралі практычна ўсе мэдалі. А цяпер папросту няма рэзэрву. У юніёрскім більярдзе настаў пераломны момант, калі папярэдняе пакаленьне вырасла, а наступнае да патрэбных стандартаў так і не дацягнулася. А за апошнія гады ўтварылася проста бездань. І калі аб’ектыўна ацэньваць чэмпіянат Эўропы да 18 гадоў, ён нашмат ніжэйшы за тое, што было яшчэ 3 гады таму».

Унутраны патэнцыял і зайздроснае доўгажыхарства

А як з узроўнем разьвіцьця більярду ў Беларусі? Прынамсі ў агульнаадукацыйных школах, адрозна ад згаданага раней Кітаю, такога прадмету бачыць не даводзілася. Ці ёсьць кадравы патэнцыял?

Сярод удзельнікаў спаборніцтваў
Сярод удзельнікаў спаборніцтваў

«Більярднае жыцьцё ў асноўным сканцэнтравана, безумоўна, у Менску, — гаворыць Маргарыта Фефілава. — Наколькі ведаю, нядрэнныя школы таксама ў Берасьці, Барысаве, Дзяржынску. Што тычыцца ўзроўню, то, калі параўноўваць нават з тым, што было гадоў 5 таму, сытуацыя аб’ектыўна зьмянілася да лепшага. Па сабе нават памятаю: як толькі прыйшла ў більярд, на чэмпіянаце Беларусі зьбіралася 10-12 чалавек. Для параўнаньня, на апошнім удзельнікаў было ўжо пад восем дзясяткаў. Вельмі істотная розьніца».

Плюсы свайго віду спорту Маргарыта бачыць ня толькі ў магчымасьці разьвіваць «шахматны склад розуму», але і ў «доўгажыхарстве» за більярдным сталом. Любімай справай можна займацца без абмежаваньня ўзросту — з вопытам майстэрства толькі прыбаўляецца.

Засяроджанасьць на гульні
Засяроджанасьць на гульні

«Сапраўды, у більярд можна гуляць у любым узросьце. Нават праводзяцца чэмпіянаты сьвету і Эўропы для сэньёраў і лэдзі, гэта значыць для мужчын і жанчын у катэгорыі 45+. Іншымі словамі, гэта той від, якім рэальна займацца, пакуль, як той казаў, ногі носяць. Красамоўны прыклад: № 1 мужчынскага эўрапейскага рэйтынгу — немец Ральф Суке. Калі не памыляюся, якраз днямі яму споўніцца 49 гадоў. Так што калі дзесьці ўзрост і мае значэньне, то пул — дакладна ня той выпадак».

Сыстэмна здабываць узнагароды Маргарыта пачала ў 13-гадовым узросьце. Ад таго часу ў яе пэрсанальнай калекцыі ўжо назьбіралася блізу 80 мэдалёў і звыш 30 кубкаў.

А ў мінулыя выходныя Маргарыта Фефілава папоўніла мэдальную скарбонку чарговым тытулам — золатам і кубкам «Балтыйскай лігі», фінальны этап якой праходзіў у Таліне.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG