Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кадыраў заявіў, што гатовы пайсьці ў адстаўку. Але пакуль не ідзе


Рамзан Кадыраў

Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў заявіў пра сваю гатоўнасьць пайсьці ў адстаўку і даць Крамлю магчымасьць выбраць ягонага пераемніка, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Праваабарончыя арганізацыі вінавацяць Рамзана Кадырава, 41-гадовага бацьку 12 дзяцей, чые інтарэсы вар’ююцца ад пародзістых коней да барацьбы і боксу, у адвольных арыштах і катаваньні апанэнтаў, поўным непрыманьні сэксуальных меншасьцяў і жорсткіх палітычных дэклярацыях, якія ставілі Крэмль у няёмкае становішча.

Кадыраў узначальвае Чачню з 2007 году. У сакавіку мінулага году прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін выступіў за тое, каб былы паўстанец-ісламіст працягнуў працу на пасадзе кіраўніка рэспублікі. У той жа час Пуцін запатрабаваў, каб расейскае заканадаўства строга выконвалася ў гэтым пераважна мусульманскім рэгіёне.

У тэлевізійным інтэрвію, адказваючы на пытаньне, ці гатовы ён пайсьці ў адстаўку, Кадыраў сказаў: «Можна сказаць, гэта мая мара».

«Калісьці патрэбныя былі такія, як я, каб ваяваць, навесьці парадак, — а ў нас сёньня парадак, росквіт. Я лічу, што прыйшоў час зрабіць зьмены ў Чачэнскай рэспубліцы», — сказаў Кадыраў у інтэрвію тэлеканалу «Россия-1».

Адказваючы на пытаньне пра тое, хто можа зьмяніць яго на пасадзе кіраўніка Чачні, Кадыраў сказаў, што гэта «прэрагатыва кіраўніцтва дзяржавы». «Калі мяне спытаюць, каго вы хочаце, — ёсьць некалькі чалавек, якія на ўсе 100% могуць выконваць гэтыя абавязаньні, абавязкі на найвышэйшым узроўні», — сказаў ён, не ўдаючыся ў дэталі.

Нечаканая заява Кадырава была зробленая на фоне чаканьняў, што 65-гадовы прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін абвесьціць пра свой намер дамагацца пераабраньня прэзыдэнтам на чацьвёрты тэрмін на выбарах у сакавіку.

Разбураная ў выніку дзьвюх войнаў паміж урадавымі войскамі і выступоўцамі за незалежнасьць рэгіёну паўстанцамі, Чачня аднаўляецца дзякуючы шчодрай фінансавай падтрымцы расейскага бюджэту. Рэспубліка застаецца рэгіёнам, які атрымлівае адны з самых буйных субсыдыяў.

Назваўшы Пуціна сваім кумірам, Кадыраў сказаў у інтэрвію, што гатовы памерці за яго і выканаць любы ягоны загад.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG