Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра карупцыю жонкі Парашэнкі першым напісала выданьне з поштай на Gmail і блытанінай наконт прэм’ера Беларусі


Пятро Парашэнка з жонкай у ліпені 2017 году

Навіна аб тым, што жонка ўкраінскага прэзыдэнта Пятра Парашэнкі Марына нячыстая на руку зьявілася на сайце выданьня Luxembourg Herald, 14 лістапада 2017 году. «Жонка ўкраінскага прэзыдэнта магчыма замяшаная ў крадзяжы грошай, прызначаных для дзяцей-інвалідаў», — напісала яно.

Навіна хутка распаўсюдзілася ў расейскім сэгмэнце інтэрнэту. Прычым ужо бяз слова «магчыма», а як дакладная інфармацыя.

Між тым, простая праверка выклікае сумневы адносна праўдзівасьці навіны. Сайт Luxembourg Herald быў створаны толькі ў 2016 годзе, што дзіўна для сапраўды аўтарытэтнага выданьня. Асноўны адрас пошты рэдакцыі — бясплатная пошта Gmail.

Іншыя крыніцы іх абвінавачваньні на адрас Марыны Парашэнкі не пацьвярджаюць, а само выданьне ігнаруе просьбы даць доказы гісторыі з жонкай прэзыдэнта Ўкраіны.

За ўвесь час існаваньня Luxembourg Herald ня выдала ніводнага гучнага расьсьледаваньня. Сярод галоўных навінаў на сайце цяпер — артыкул «Люксэмбург зрабіўся прадстаўніцтвам беларускай бізнэс-ініцыятывы». У артыкуле пішацца пра беларуска-эўрапейскі эканамічны форум з удзелам прэм’ер-міністра Беларусі Андрэя Кабякова, які нібыта прайшоў на гэтым тыдні, хоць насамрэч ён адбыўся яшчэ ў канцы кастрычніка.

Але загалоўкі пра жонку Парашэнкі без сумневаў зьявіліся на фэдэральных расейскіх СМІ:

«Першая лэдзі Украіны зьвязаная з адмываньнем сродкаў празь міжнародныя гуманітарныя фонды», — паведаміла 18 лістапада тэлепраграма «Весці».

«Гаворка ідзе пра сотні мільёнаў долараў», — дадаў у той жа дзень тэлеканал «Царьград ТВ».

«Марына Парашэнка асабіста кантралявала гэтую дзейнасьць і актыўна ўдзельнічала ў рэклямным прасоўваньні «фондаў-аднадзёнак», — далучыўся да выкрываньня лібэральны тэлеканал «Дождь» на наступны дзень, 19 лістапада.

«Схема крадзяжу была немудрагелістая: дабрачынцам падаваліся ліпавыя фінансавыя справаздачы», — паведаміў канал ТВЦ.

Да тэмы «ва ўладзе ва Украіне злодзеі» хутка далучыліся і сацсеткі. «Сямейка клиптоманов», — таўруюць мужа і жонку Парашэнка карыстальнікі ВКонтакте (арфаграфія аўтарская — РС).

На сайце тэлеканалу «Дожджь» артыкул пра Марыну Парашэнку, нягледзячы на гнеўныя камэнтары карыстальнікаў, правісеў больш за суткі, і толькі потым быў зьняты — без тлумачэньня. Але ў астатніх расейскіх выданьнях навіна ўсё яшчэ даступная.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG