Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольга Шутава: на доктарскім экзамэне Скарыны ў Падуі прысутнічалі тры славутыя італьянскія кнігавыдаўцы


Вольга Шутава.
Вольга Шутава.

Былы дацэнт БДУ, кандыдат гістарычных навук, кіраўніца францускага праекту «Лябараторыі скарыназнаўства» Вольга Шутава больш дэталёва вывучыла дакумэнты пра абарону Францішка Скарыны ў Падуі і зрабіла нечаканыя высновы. Экзамэны Скарыны былі тыповымі для Падуанскага і іншых унівэрсытэтаў Эўропы і складаліся са звычайных i абавязковых для ўсіх кандыдатаў трох этапаў доктарскай абароны — звароту ў Сьвятую Калегію — Gratia; пробнага экзамэну Tentativum і асабістага экзамэну Privatum. Раней лічылася, што экзамэн Скарыны быў асаблівым, надзвычайным. Вольга Шутава зьвяртае ўвагу на незвычайны склад камісіі.

— Вольга, вы цяпер жывяце і працуеце ў Францыі. Ці існуе ў гэтай краіне скарыназнаўства? Ці нехта займаецца асобай і даробкам беларускага першадрукара?

— Тут сытуацыя парадаксальная. Пры ўсёй той значнасьці, якую мае асоба Францішка Скарыны для Беларусі, у Францыі скарыназнаўства як такога няма. Дый наагул ва ўласна эўрапейскім кантэксьце дасьледаваньняў пра яго адносна мала, а ў Францыі яны сёньня практычна зводзяцца да нуля.

Я спэцыяльна займалася гэтым. У Нацыянальнай бібліятэцы Францыі фонд ці калекцыя скарыназнаўства фактычна адсутнічае. Там знаходзіцца ўсяго некалькі кніжак, якія былі напісаныя яшчэ ў 60-70-я гады ХХ стагодзьдзя ў Беларусі. А на францускай мове там ёсьць толькі адна брашура старонак на семдзесят аўтарства Георгія Галенчанкі і Вячаслава Чамярыцкага, выдадзеная пад эгідай UNESCO. Так што гэта вялікая лякуна, і я канстатую гэта зь вялікім шкадаваньнем.

Пры ўсёй той значнасьці, якую мае асоба Францішка Скарыны для Беларусі, у Францыі скарыназнаўства як такога няма

Зрэшты, беларусістыка як такая ў Францыі ёсьць, але яна датычыцца пытаньняў сучаснасьці — вывучэньне Галакосту, партызанскага руху ў часе Другой сусьветнай вайны, Віцебскай мастацкай школы і Марка Шагала. Але ўсё, што тычыцца больш даўняй гісторыі, цалкам адсутнічае.

Зрэшты, сёньня вялікі дэфіцыт дасьледаваньняў пра Скарыну назіраецца ня толькі ў францускай гістарыяграфіі, але і ў англамоўнай, амэрыканскай. Мы можам казаць пра навуковую дзейнасьць вакол Скарыны старэйшага пакаленьня эміграцыі, гэта, у тым ліку, Сымона Брагі, Яна Садоўскага, Аляксандра Надсана, Антона Флароўскага. Але сёньня наагул адчуваецца адсутнасьць дасьледаваньняў пра Скарыну ў заходнеэўрапейскай гістарыяграфіі.

Таму ў мяне ўзьнікла ідэя стварыць «Лябараторыю скарыназнаўства» для актывізацыі дасьледаваньняў у галіне гісторыі Беларусі. Яна можа стаць адзінай плятформай і вэб-рэсурсам для публікацый і каардынацыі намаганьняў многіх дасьледчыкаў у галіне скарыназнаўства, а таксама беларускіх дасьледаваньняў у цэлым. Наш праект ужо існуе, хоць і не ўступіў яшчэ ў працу на поўную сілу. Ён ствараецца на чатырох мовах — беларускай, расейскай, францускай і ангельскай. Таму ён зможа даць імпульс для лепшай заўважальнасьці беларускіх дасьледаваньняў у заходняй гістарыяграфіі. I вельмi важна, што некаторыя вядучыя дасьледчыкi-скарыназнаўцы з Чэхii, Лiтвы i Беларусi ўжо падтрымалi «Лябараторыю скарыназнаўства». Спадзяюся, што яна хутка запрацуе напоўнiцу.

— Нават няма беларусістыкі ў кантэксьце славістыкі — мова, літаратура, этніка?

— Так, і нават у кантэксьце славістыкі. Беларусістыкі ў Францыі, фактычна, няма. Ёсьць шэраг дасьледчыкаў, якія займаюцца дасьледаваньнем сучаснай гісторыі Беларусі, але каб казаць пра гісторыю сярэдніх вякоў або пачатку новага часу — гэтага няма.

— Тым ня менш, у сваім дакладзе на скарынаўскай канфэрэнцыі ў Празе ў пачатку лістапада 2017 году вы расказвалі, што знайшлі згадкі пра Скарыну ў старой францускай бібліяграфіі.

— Так, я думаю, калі мы гаворым пра фэномэн Скарыны, трэба ставіць яго ня толькі ў наш беларускі кантэкст, але і ў цэлым у эўрапейскі. Скарына і паводле сваёй адукацыі, і паводле свайго, скажам так, эмігранцкага выбару належыць да эўрапейскага, а ня толькі да беларускага кантэксту. Таму і трэба шукаць у эўрапейскай культурнай прасторы зьвесткі пра яго. І такія зьвесткі знаходзяцца. Напрыклад, у кнізе Bibliotheca sacra (Парыж, 1702 і 1709), якую стварыў найвядомейшы бібліёграф Францыі, заснавальнік бібліятэчнай справы ў гэтай краіне Жак Лелёнг, ёсьць такая згадка. Пра Лелёнга ў свой час згадвалі i Пётар Уладзiмiраў, i Яўген Нямiроўскi, але яны, відавочна, сам арыгінал ня бачылі. Лелёнг хацеў сабраць любыя публікацыі, зьвязаныя зь Бібліяй — і рукапісныя, і друкаваныя. І вось у дастаткова вялікім фрагмэнце ён згадаў пра існаваньне Biblia Ruthenica.

у кнізе Bibliotheca sacra (Парыж, 1702 і 1709), якую стварыў найвядомейшы бібліёграф Францыі, заснавальнік бібліятэчнай справы ў гэтай краіне Жак Лелёнг, ёсьць такая згадка

І ў гэтым жа кавалку сваёй працы Лелёнг паведамляе, што здабыў інфармацыю пра існаваньне русінскай Бібліі ў італьянскага рэлігійнага дзеяча XVI стагодзьдзя П’етра Паўла Вэрджэрыё, пратэстанта, які жыў на тэрыторыі сучасных Славеніі і Харватыі і які быў асьветнікам, выдаўцом Бібліі. Менавіта ён згадвае пра Біблію Францішка Скарыны. Вось так мы можам казаць пра дзьве згадкі пра Скарыну і яго Біблію ў эўрапейскай культурнай і інтэлектуальнай прасторы.

Летам 2017 году ў зборніку «Францыск Скарына. Асоба, спадчына, дзейнасьць» быў апублікаваны мой артыкул, дзе я пісала пра ўрывак, які, як мне здаецца, у гістарыяграфіі быў недаацэнены і, больш за тое, няправільна атрыбутаваны. Гэта ўрывак з працы «Сапраўдныя партрэты знакамітых людзей» францускага дасьледчыка канца XVI стагодзьдзя Андрэ Тэвэ. Ён у нас перакладзены на беларускую і расейскую мовы. У гэтым кавалку Андрэ Тэвэ кажа, што ў Масковію прыяжджаў нейкі русінскі купец з Польшчы з кнігамі і шрыфтамі, якія былі там спаленыя. Гэты фрагмэнт з Андрэ Тэвэ быў апублікаваны нашымі дасьледчыкамі ў 1988 годзе, але быў ўзяты не з самога арыгіналу, але зь перавыданьня Агюстэнам Галіцынам 1858 году ў Францыі. У выніку гэтай блытаніны атрымалася, што ўрывак лічыўся ўзятым зь іншай працы Тэвэ — «Касмаграфіі». Але насамрэч ён узяты з працы «Сапраўдныя партрэты знакамітых людзей», якая датуецца 1584 годам.

І вось калі мы бярэм арыгінал, тады можам меркаваць пра той кантэкст — чаму Тэвэ пра гэта расказаў і хто яму пра гэта расказаў. Пасьля цэлага расьсьледаваньня я прыйшла да высновы, што Андрэ Тэвэ пра гэта расказаў пасол ангельскай кампаніі ў Маскве сэр Томас Рэндальф.

Калі ж высьветлілася гэта, то стала на месца і іншае сьведчаньне, якое прыводзіцца ў той жа беларускай Хрэстаматыі 1988 году — сьведчаньне Джайлза Флэтчэра, які амаль слова ў слова кажа тое ж, што і Андрэ Тэвэ (але на ангельскай мове) пра спальваньне кніг і шрыфтоў, якія прывёз нейкі ідэаліст-русін з Польшчы. Калі мы высьвятляем, што Томас Рэндальф быў непасрэдна начальнікам, калегам і сябрам Джайлза Флэтчэра, тады мы знаходзім агульную плятформу паміж сьведчаньнем Андрэ Тэвэ і сьведчаньнем Флэтчэра і разумеем, што яны казалі пра адно і тое ж.

Да сьведчаньняў Тэвэ і Флэтчэра ставіліся раней зь недаверам і адкладалі ўбок. Сьведчаньне Флэтчэра лічылася больш позьнім у параўнаньні з інфармацыяй Андрэ Тэвэ. Калі ж мы іх аб’ядноўваем і бачым, што сьведчаньне Тэвэ апублікаванае ў 1584 годзе, і сьведчаньне Флэтчэра, якое хоць i было апублікаванае ў 1591, на самой справе зьявілася ўжо ў 1589 годзе, — абодва адсылаюць нас да цараваньня ў Маскве папярэдняга манарха, гэта недзе 50-60-я гады XVI стагодзьдзя. Далей паўстае пытаньне або пра больш дакладную датыроўку гэтых сьведчаньняў, або пра тое, хто быў русінам з Польшчы, які прывёз спаленыя шрыфты. Магчыма, гэта быў не Скарына, а нехта іншы.

— Я ведаю таксама пра вашу новую вэрсію адносна доктарскага экзамэну, які ў Падуі здаваў Скарына. Пра што канкрэтна новае мы можам сёньня казаць?

— Існуе даволі рэдкае выданьне, якое было зроблена Дасьледчым цэнтрам Інстытуту гісторыі Падуанскага ўнівэрсытэту. Яны паставілі сабе задачу транскрыбіраваць нечытэльныя запісы актаў абаронаў Падуанскага ўнівэрсытэту за ўсе тыя гады, калі яны адбываліся. І выйшла велізарнае, шматтамовае выданьне. Пачало яно выдавацца ў 20-я гады мінулага стагодзьдзя. А ў 60-я гады ХХ стагодзьдзя друкаваліся запісы таго пэрыяду, што нас цікавіць. Кніга 1969 году, рэдактарам якой была Эльда Форын, уключала ў сябе акты абаронаў за 1501-1525 гады (Acta graduum academicorum ab anno 1501 — ad annum 1525 / ed. E. Martellozzo Forin. — Padova : Antentore, Istituto per la storia dell’Università di Padova, 1969).

Там я знайшла зьвесткі пра абарону Францішка Скарыны. Гэта ўсё тое, што ў нас прыводзіцца, што перакладзена на беларускую і расейскую мовы. На першы погляд здаецца, што нічога новага мы там узяць ня можам. Але калі тыя зьвесткі ставяцца ў кантэкст абаронаў іншых кандыдатаў, гэты запіс набывае зусім іншы выгляд.

У кнізе прадстаўленыя тры дакумэнты пад нумарамі 649, 650 і 651. Я іх апублікавала, хоць яны ня новыя, мы іх маем нават у хрэстаматыі. Але ў гэтай кнізе яны пададзеныя з больш дакладнай транскрыпцыяй. Тут мы можам дакладна казаць пра некаторыя лацінскія словы, якія былі прапушчаныя ў хрэстаматыі — яны не былі заўважаныя ранейшымі перапісчыкамі, бо не было дастаткова выразна напісаны.

Насамрэч тэрмін «Privatum» ня можа перакладацца, як «асаблівы» — маўляў, наладжаны менавіта для Скарыны. «Рrivatum» азначае «асабісты». Гэта быў агульны этап для ўсіх кандыдатаў

Але галоўнае — гэта абарона Скарыны ў кантэксьце абаронаў іншых кандыдатаў. Напрыклад, экзамэн Privatum, які ў клясычнай хрэстаматыі 1988 году названы «асаблівым». Насамрэч тэрмін «Privatum» ня можа перакладацца, як «асаблівы» — маўляў, наладжаны менавіта для Скарыны. «Рrivatum» азначае «асабісты». Гэта быў агульны этап для ўсіх кандыдатаў. Гэта вынікае з таго ж зборніка актаў 1969 году і наагул з гісторыі Падуанскага ўнівэрсытэту і іншых тагачасных эўрапейскіх унівэрсытэтаў.

Кожны кандыдат у дактары праходзіў працэдуру абароны, якая складалася з трох этапаў: прашэньне аб міласьці Gratie, другі этап Tentativum (пробны экзамэн, на якім вырашаўся лёс кандыдата) і трэці этап — Privatum або асабісты, прыватны, дзе адбывалася ўласна ўзнагароджваньне ступеньню доктара і ўручаліся доктарскія знакі — так званыя інсыгніі.

А што яшчэ больш цікава, дык гэта тое, што з дапамогай гэтых запісаў мы можам бачыць і аналізаваць склад камісіі, якая прысутнічала на экзамэнах Скарыны, бо да актаў існуюць яшчэ біяграфічныя сьпісы. Як я высьветліла, у складзе камісіі на абароне Скарыны прысутнічалі

у складзе камісіі на абароне Скарыны прысутнічалі як найменш тры пэрсанажы, зьвязаныя з кнігавыдавецкай справай. Сярод іх выдатны зьбіральнік кніг і манускрыптаў, знаёмы Альда Мануцыя Барталямэа дэ Санвіта

як найменш тры пэрсанажы, зьвязаныя з кнігавыдавецкай справай. Сярод іх выдатны зьбіральнік кніг і манускрыптаў, перапісчык, знаёмы Альда Мануцыя Барталямэа дэ Санвіта. Гэта вельмі цікавы пэрсанаж для італьянскай гістарыяграфіі. Побач з Альдам Мануцыем ён лічыцца вынаходнікам курсіву і вялікага мноства навінак у справе перапісваньня кніг. Яшчэ Сымон Брага некалі пісаў, што будучы ў Падуі, Скарына павінен быў заехаць і ў Вэнэцыю, каб пабачыць там бліскучую справу пасьпяховага Альда Мануцыя. Але высьвятляецца, што ў Падуі да 1500 году існавала як мінімум 7 друкарняў, а кнігарні знаходзілі ў непасрэднай блізкасьці ад унівэрсытэту. Туды натуральна павінен быў заходзіць Скарына.

Дык вось паўтаруся, што на абароне Скарына дзеля нейкіх прычынаў прысутнічалі як мінімум тры пэрсанажы, зьвязаныя з выданьнем кніг. Гэта значыць, што ўжо ў Падуі Скарына ня мог прайсьці міма ідэй пра друкаваньне кніг.

— А хто былі два іншыя, апрача Санвіта?

Гэта Антоні дэ Санчына і Хрыстафор зь Ліньяміна. Абодва яны паходзілі зь вельмі вядомых сямей заснавальнікаў італьянскага кнігадрукаваньня. Санчына — гэта вядомая юдэйская сям’я, якая займалася кнігадрукаваньнем. А Ліньяміна сам быў пісьменьнікам, паходзіў з тых Ліньяміна, якія пакончылі зь нямецкай манаполіяй на італьянскае кнігадрукаваньне.

— Ці быў Санчына хрышчаны, калі прысутнічаў на абароне ў каталіцкім унівэрсытэце?

— Не. Гэта цікавы факт. Менавіта ў Падуанскім унівэрсытэце дапускалі да працы і да абароны без увагі на веравызнаньне. Гэта сьведчаньне верацярпімасьці ў Падуанскім унівэрсытэце. Можа таму туды і трапіў Скарына... Але тое, што ўнівэрсытэт славіўся сваёй верацярпімасьцю, гэта вядома.

— Давайце, Вольга, зробім падсумаваньне. Значыць, экзамэн Скарыны ў Падуі быў ня нейкім асаблівым. Усе тры этапы, пра якія вы казалі, гэта была звычайная працэдура звычайнай доктарскай абароны і такіх абаронаў у 1512 годзе ў Падуі было ня менш за дванаццаць?

— Так, менавіта. Але каб гэта было правільна зразумета, я цяпер працую над тэмай пра іншую асаблівасьць Скарынавай абароны. Яна была, але ў іншым. З тых дванаццаці доктарскіх абаронаў абарона Скарыны сапраўды вылучаецца, але ня тым, што ў яго быў нейкі асаблівы экзамэн, якога насамрэч не было. Калі паглядзім на ўсе дванаццаць абаронаў

Калі паглядзім на ўсе дванаццаць абаронаў 1512 году, то ўбачым, што такая прадстаўнічая камісія з 33 чалавек, з такімі пэрсанажамі, як Санвiта, як галоўны прэзыдэнт Падуанскага ўнівэрсытэту, як высокія прадстаўнікі царквы — зьбіралася ў тым годзе толькі два разы

1512 году, то ўбачым, што такая прадстаўнічая камісія з 33 чалавек, з такімі пэрсанажамі, як Санвiта, як галоўны прэзыдэнт Падуанскага ўнівэрсытэту, як высокія прадстаўнікі царквы — зьбіралася ў тым годзе толькі два разы. Адзін раз, калі бараніўся Фэдэрыка Маўрацэні (Маразіні) — найвядомейшы арыстакрат, сын нядаўна памерлага Дамiнiка Маразiнi — члена Вэнцыянскай Рады Дзесяцi i нязьменнага пратэктара ўнівэрсытэту. А другі раз — у выпадку абароны Скарыны. І гэта вялікая загадка. Тыя шматлікія людзі спэцыяльна прыйшлі, каб тое дзіва паслухаць і ўбачыць на Tentativum і на апошняй стадыі экзамэну, на Privatum.

— Дык можа гэта адбылося таму, што Скарына быў сакратаром караля Даніі?

— Можа быць. У кожным выпадку, увага яму была нададзена асаблівая. І гэта на прыкладзе дванаццаці абаронаў 1512 году можна бачыць выразна. Такія прадстаўнічыя камісіі былі толькі ў Скарыны і Маўрацэні.

Вольга Шутава нарадзілася ў 1970 годзе ва Ўкраіне. Скончыла гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту ў 1992 годзе, у 1999-2007 — дацэнт гістфака БДУ. Жыве ў Францыі. Дырэктар Лябараторыі скарыназнаўства i валярызацыi дасьледаваньняў гісторыі і культуры Беларусі. Сфэра навуковых інтарэсаў: гістарыяграфія, гісторыя Беларусі, скарыназнаўства. Аўтар манаграфій «Психоистория: Школа и методы» (1997); «На пути к истории Людей: заметки по истории исторической мысли конца ХХ века» (1999); «Историография и постмодерн: Вопрос об идентичности во второй половине ХХ — начале XXI вв.» (2008), а таксама больш 60 навуковых артыкулаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG