Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Правобразам новай скульптуры ў Менску стаў Уладзімер Караткевіч


Cкульптура «Прысьвячэньне паэту» аўтарства Ўладзімера Слабодчыкава

У Менску на вуліцы Камуністычнай, 24 зьявілася скульптура паэту, які вельмі нагадвае маладога Ўладзімера Караткевіча. Свабода даведалася, што аўтарам кампазыцыі зьяўляецца скульптар Ўладзімер Слабодчыкаў.

«Прысьвячэньне паэту»

— Вялікі камэнтар я змагу даць ужо пасьля адкрыцьця, якое можа быць праз пару дзён. А цяпер скажу, што афіцыйна ён называецца і праходзіць па ўсіх дакумэнтах (і што горад дазволіў устанавіць) як «Прысьвячэньне паэту». Так называецца скульптурная кампазыцыя. Гэта ня помнік, — сказаў карэспандэнту Свабоды Уладзімер Слабодчыкаў.

— Але рысы скульптурнага вобразу вельмі нагадваюць Уладзімера Караткевіча.

— Вельмі прыемна, што вы гэта заўважылі. Правобразам быў Караткевіч. Але гэта ня помнік, бо помнік Караткевічу патрабуе больш фундамэнтальных і плошчы, і месца.

"Прысьвячэньне паэту"
"Прысьвячэньне паэту"

«Гэта хутчэй скульптура, а ня помнік»

На скульптуры, як і на адрэстаўраваным будынку, перад якім яна стаіць, пакуль няма ніякай шыльды. Будаўнікі, якія працавалі на аб’екце, паведамілі, што тут будзе культурны цэнтар і студыя гуказапісу.

У прэсавай службе Менгарвыканкаму сказалі, што па інфармацыю трэба зьвяртацца на «Амкадор», які зьяўляецца заказчыкам.

Афіцыйны прадстаўнік прадпрыемства Аляксандар Маліноўскі патлумачыў карэспандэнту Свабоды, што да гэтай скульптуры і будынку мае дачыненьне УП «Спамаш».

Скульптура каля цэнтру "Спамаш"
Скульптура каля цэнтру "Спамаш"

— Гэта хутчэй скульптура, а ня помнік. Я сёньня быў у кіраўніцтва, мне сказана так: афіцыйнае адкрыцьцё яшчэ не адбылося, дата пакуль ня вызначана. Калі яна будзе прызначаная, мы будзем запрашаць і прэсу, і нейкіх вядомых асобаў, усё гэта будзе ўрачыста, як агульнагарадзкое мерапрыемства. Будзе адкрыцьцё гэтай скульптуры, якую нядаўна ўстанавілі. Пакуль камэнтароў мы не даём.

— Але гэтая скульптура прысьвечаная Ўладзімеру Караткевічу?

— Я думаю, што не. Гэта такі зьбіральны вобраз маладога паэта.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG