Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАТЭ закрые міжнародны футбольны сэзон у Беларусі гульнёй з «Црвэнай Звэздай»


Фрагмэнт гульні паміж БАТЭ і «Кёльнам»

23 лістапада а 21-й гадзіне на «Барысаў Арэне» адбудзецца чарговы матч групавой стадыі футбольнай Лігі Эўропы. Мясцовы БАТЭ прыме бялградзкую «Црвэну Звэзду». Гульня закрые міжнародны футбольны сэзон у Беларусі.

Пасьля чатырох тураў беларуская каманда займае перадапошнюю пазыцыю ў квартэце, але яшчэ мае шанцы зачапіцца за другое месца. Гэта дазволіць на наступны год прадоўжыць выступы ў стадыі плэй-оф.

Турнірнае становішча ў групе Н напярэдадні сёньняшняй сустрэчы:

1. «Арсэнал» (Лёндан) — 10 балаў (розьніца мячоў 8-3).
2. «Црвэна Звэзда» (Бялград) — 5 (2-2).
3. БАТЭ (Барысаў) — 4 (6-10).
4. «Кёльн» — 3 (6-7).

Барысаўцы зноў прэтэндуюць на чэмпіёнства Беларусі

Паралельна БАТЭ вырашае і іншую важную для сябе задачу — змагаецца за чэмпіёнскі тытул у нацыянальным першынстве. Перад апошняй гульнёй барысаўцы вырваліся на першае месца ў найвышэйшай лізе і падвысілі шанцы на тое, каб 12-ы раз стаць чэмпіёнамі Беларусі.

10 лістапада апэляцыйны камітэт Беларускай фэдэрацыі футболу перагледзеў ранейшае рашэньне ў гэтак званай «справе Верамко» ды пастанавіў вярнуць барысаўскаму клюбу БАТЭ 3 балы за вераснёўскую перамогу супраць «Слуцку».

Аляксандар Вянгерскі з "Пагоняй"
Аляксандар Вянгерскі з "Пагоняй"

БАТЭ супраць Вянгерскага

Тым часам грамадзкасьць у чаканьні судовага працэсу з удзелам БАТЭ. Футбольны клюб падаў у суд на заўзятара Аляксандра Вянгерскага, які 28 верасьня выбег на поле барысаўскай арэны зь бел-чырвона-белым сьцягам і ў байцы з «Пагоняй» падчас матчу Лігі Эўропы з «Арсэналам».

БАТЭ хоча спагнаць зь Вянгерскага 5 тысяч эўраў — на такую суму Дэпартамэнт кантролю, этыкі і дысцыпліны UEFA аштрафаваў беларускага прадстаўніка ў Лізе Эўропы. БАТЭ падкрэсьлівае, што не вяртаньне сродкаў ёсьць прычынаю пазову, а нагадваньне аб недапушчальнасьці падобных паводзінаў». Усе спагнаныя сродкі пойдуць на дабрачыннасьць.

Папярэдняе паседжаньне прызначана на 1 сьнежня ў судзе Вялейскага раёну.

Пасьля інцыдэнту Аляксандар Вянгерскі быў асуджаны на 10 сутак адміністрацыйнага арышту, яго прызналі вінаватым у дробным хуліганстве і непадпарадкаваньні законнаму патрабаваньню службовай асобы. У зьняволеньні Вянгерскі абвясьціў галадоўку.

Днямі Вянгерскі паведаміў, што на суд ня зьявіцца, паколькі «зьехаў у адну з эўрапейскіх краінаў, каб пачаць зарабляць на штраф». Ён адзначыў, што ня вернецца ў Беларусь, пакуль не зьбярэ неабходную суму. Пры гэтым грошы перадасьць у дзіцячы дом самастойна, без пасярэдніцтва БАТЭ.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG