Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МЗС Украіны: за «грыбную і шпіёнскую гістэрыю» ў Беларусі адказны трэці бок


Міністар замежных спраў Украіны Паўло Клімкін мяркуе, што апошнія рэзанансныя падзеі ў беларуска-украінскіх дачыненьнях маюць правакацыйны характар і не выключае іх расейскага паходжаньня.

«Спачатку грыбная гістэрыя, затым ягадная гістэрыя, затым шпіёнская гістэрыя, потым нейкая эканамічная... Выдаць, камусьці выгадна пабудаваць лёгіку ў дачыненьні да Ўкраіны, якая працуе ў Беларусі, што па вызначэньні ёсьць татальным глупствам. Але хтось гэта сьвядома будуе. Мы лічым, што гэта адзіная лёгіка», — сказаў сёньня Паўло Клімкін журналістам у Кіеве перад пачаткам паседжаньня ўраду.

У сувязі з гэтым міністар замежных спраў Украіны нагадаў пра правядзеньне супольных беларуска-расейскіх вайсковых вучэньняў «Захад-2017», пад час якіх адпрацоўваліся «менавіта наступальныя апэрацыі».

«Расея спрабавала падмануць увесь цывілізаваны сьвет адносна матываў і аб’ёмаў вучэньняў, там былі і мабілізацыйныя элемэнты. Я нядаўна быў на міжнародным форуме бясьпекі, і абсалютна ўсе згодныя з тым, што гэта сьвядомая адпрацоўка наступальных апэрацый і шантаж. Таму мы выдатна разумеем, што такая лёгіка, яна насамрэч сьмешная, але камусьці выгадная. Таму той, хто будуе такую лёгіку павінен несьці сваю адказнасьць», — дадаў Паўло Клімкін.

Расея спрабавала падмануць увесь цывілізаваны сьвет адносна матываў і аб’ёмаў вучэньняў

КДБ Беларусі 20 лістапада заявіў пра выкрыцьцё «ўкраінскай шпіёнскай сеткі», працу якой нібыта каардынаваў супрацоўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Ігар Скварцоў, які дзейнічаў як супрацоўнік амбасады. Скварцова абвясьцілі «пэрсонай нон-грата». У гэтай справе таксама арыштаваны карэспандэнт Украінскага радыё Паўло Шаройка, які цяпер абвінавачваецца ў шпіянажы.

Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі 21 лстапада заявіў аб затрыманьні 20 лістапада трох грамадзян Украіны, якія, як сьцьвярджаюць у камітэце, парушылі мяжу пры зборы ягад і грыбоў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG