Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейская інтэграцыя Беларусі — гэта проста: дэмакратызуйцеся


Удзельнікі першага саміту «Ўсходняга партнэрства», Прага, травень 2009

Аляксандра Лукашэнку, аўтарытарнага кіраўніка Беларусі ад 94 году мінулага стагодзьдзя, у рамках нечувана (магчыма, празьмерна) шчодрага жэсту запрасілі на саміт «Усходняга партнэрства», які будзе на гэтым тыдні. Лукашэнка вырашыў ня ехаць, але беларускі рэжым усё роўна прыняў позу пераможцы і агучвае свае патрабаваньні да эўрапейцаў. Патрабаваньні, як заўжды, максымальныя: фінансавая дапамога, аблягчэньне візавага рэжыму, стварэньне інфраструктуры для далейшага разьвіцьця стасункаў «как ні в чём не бывало».

Цікавыя, паказальныя і, у сілу жанру, самавыкрывальніцкія тэксты напісалі многія камэнтатары: Юры Царык, Дзяніс Мельянцоў, нарэшце, выйшаў даклад цэлай зборнай лукашэнкаўскіх палітолягаў, ад «праварадыкала» Аляксандра Шпакоўскага да «лібэрала» Яўгенія Прэйгермана.

У сваім дэталёвым і ўзважаным тэксьце Ю. Царык піша пра тое, як добра было б Беларусі паслабіць візавы рэжым з Эўразьвязам і абнавіць юрыдычную базу дачыненьняў. Бо цяпер беларуска-эўразьвязаўскія стасункі грунтуюцца на савецкага часу (!) пагадненьні між СССР і папярэднікам Эўрапейскага Зьвязу, Эўрапейскай эканамічнай супольнасьці.

Хто ж спрачаецца — канечне, добра было б.

Больш за тое, гэта нават цалкам магчыма.

Уявіце сабе: большасьць суседзяў Беларусі — калісьці такія ж таталітарныя савецкія рэспублікі ці краіны камуністычнага блёку — ужо ня толькі маюць бязьвізавы рэжым з ЭЗ, але нават самі зьяўляюцца чальцамі ЭЗ. Гэта зусім не складана.

Для пачатку ў Беларусі трэба зноў правесьці дэмакратычныя выбары

Проста для пачатку ў Беларусі трэба зноў правесьці дэмакратычныя выбары (хоць бы ў мясцовыя саветы ў наступным годзе), пусьціць апазыцыю ў СМІ, акрэдытаваць «Белсат», перастаць зьбіваць, штрафаваць і кідаць «на суткі» актывістаў.

Вось пра што трэба казаць і пра што трэба нагадваць: Беларусь «мае імідж» апошняй дыктатуры Эўропы, бо яна і ёсьць апошняй дыктатурай Эўропы. У Беларусі дваццаць два гады не было дэмакратычных выбараў, адсутнічае свабода слова, людзі церпяць палітычныя рэпрэсіі. Гэта недапушчальныя рэчы.

Да гэтага ўсе даўно звыкліся, але сутнасьць беларускай дыктатуры ад гэтага не зьмяняецца. У розных міжнародных рэйтынгах свабоды Беларусь знаходзіцца на ўзроўні цэнтральнаазіяцкіх і афрыканскіх тыраніяў. Праваабаронцы кажуць пра прынамсі двух палітвязьняў, у нацыянальным парлямэнце толькі адзін дэпутат заяўляе пра сябе як пра чальца апазыцыі.

І мы тут не гаворым пра «вышэйшую матэматыку» як гендэрнае раўнапраўе, правы ЛГБТ ці мараторый на сьмяротнае пакараньне. У Беларусі не выконваюцца нават базавыя, мінімальныя стандарты цывілізаванага грамадзтва і цывілізаванай палітычнай сыстэмы.

Беларусь нікому не патрэбная як «донар стабільнасьці»

Ня трэба падманвацца: Беларусь нікому не патрэбная як «донар стабільнасьці» і «пляцоўка» для дыялёгу па Данбасе. Пра якую «стабільнасьць» можна казаць датычна бяднеючай краіны, чыя будучыня пад вялікім пытаньнем, бо залежыць ад волі, настрою ці стану здароўя аднаго немаладога і несумленнага чалавека, аточанага расейскімі агентамі ўплыву?

Посьпех беларускага ўдзелу ў саміце «Ўсходняга партнэрства» залежыць выключна ад беларускіх уладаў, і ня трэба скідаць адказнасьць на Брусэль. Беларусы павінны прасіць заходнеэўрапейцаў не пра грашовыя падачкі, а перадусім пра дапамогу ў паступовай і небалючай (у тым ліку для Крамля), але няўхільнай дэмакратызацыі беларускай палітычнай сыстэмы. Бо беларускі рэжым усё яшчэ мае шанец сысьці ў гісторыю мірна, у рамках паступовай трансфармацыі.

Ключавыя словы — «усё яшчэ можа».

Бо галоўны рэдактар ўплывовага расейскага радыё «Эхо Москвы» Аляксей Венядзіктаў, які мае доступ да вельмі высокапастаўленых крамлёўскіх інсайдэраў, днямі выказаў меркаваньне, што Ўладзімір Пуцін застанецца пры ўладзе і пасьля 2024 году, калі скончыцца ягоны наступны (паводле Канстытуцыі — апошні) прэзыдэнцкі тэрмін. Прычым, магчыма, застанецца ён у якасьці кіраўніка «саюзнай дзяржавы».

«Саюзную дзяржаву», як вы ведаеце, Расея мае толькі адну — з лукашэнкаўскай Беларусьсю.

Эўрапейскі зьвяз Беларусі на дапамогу ня прыйдзе

Калі Венядзіктаў бяз дай нагоды агучвае сярод іншых і вэрсію пра «саюзную дзяржаву», гэта азначае, што яе ў Крамлі таксама прапрацоўваюць. А вы разумееце, што гэта азначае для Беларусі. Магчымае ператварэньне «саюзнай дзяржавы» з папяровай фікцыі ў рэальную цэнтралізаваную структуру — гэта будзе праблема выключна Беларусі і выключна яе кіраўніцтва (дакладней, той яе часткі, якая не захоча перакваліфікавацца ў расейскую губэрнскую адміністрацыю). Эўрапейскі зьвяз Беларусі на дапамогу ня прыйдзе, бо Беларусь — гэта не Ўкраіна зь яе напрацаванымі сувязямі, лабісцкімі магчымасьцямі дый агульнагуманітарнай каштоўнасьцю для Захаду (усё ж хаўрусьнік і дэмакратычная краіна). Захаду, як і ў пачатку дзевяностых, будзе прасьцей разьбірацца з адным «адроджаным СССР», чым з эннай колькасьцю разнастайных дзяржаваў на яго месцы.

Не змарнаваць саміт «Усходняга партнэрства» і рабіць сваю «хатнюю работу» — гэта задача ў цяперашняй сытуацыі перадусім для беларускіх уладаў і асабіста для Аляксандра Лукашэнкі, а не для Эўразьвязу.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG