Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінуў год ад пачатку суду, які выпісаў Алесю Юркойцю сем гадоў турмы. Неўзабаве наступны суд, апэляцыйны, мусіць пацьвердзіць, зьмяніць ці адмяніць гэты прысуд.

Сюжэт такі. Сьледчыя КДБ дамагліся ад мытніка Чэпіна, каб ён сказаў, што перадаваў грошы мытніку Юркойцю. Чэпін урэшце блытана празнаў, што нібыта перадаваў, нібыта грошы, нібыта тры разы. І кожны раз гэта адбывалася ў машыне, у якой мытнікі вярталіся з працы.

Судзьдзю Супруну гэтага сьведчаньня хапіла, каб вынесьці Юркойцю жорсткі прысуд. Аргумэнты Алеся ў сваю абарону суд праігнараваў.

А што гэта былі за аргумэнты? Вось хоць бы адзін зь іх.

Мытнікі Чэпін і Юркойць ніколі не заставаліся ў машыне ўдвух, толькі пры сьведках. Як мінімум, заўсёды быў трэці — Пашкевіч. Выкліканы ў якасьці сьведкі на працэс Пашкевіч пацьвердзіў, што так і было. Калі мытнікі прыяжджалі з Ашмян у Астравец, яны адразу разыходзіліся — хто пешкі, хто да сваёй машыны, каб ехаць далей. Юркі Юркойць выскокваў першым, а грузны, хворы на падагру Пашкевіч выбіраўся апошнім.

— Хто першым выходзіў з машыны? — спытаўся ў Пашкевіча Юркойць.

— Ты, — адказаў Пашкевіч.

Дык вось, у пратаколе судовага паседжаньня, які падпісаў судзьдзя Супрун, адказ Пашкевіча: «Я».

Сэнс у тым, што судзьдзя выступіў на баку абвінавачаньня і сфальсыфікаваў пратакол для таго, каб дапусьціць магчымасьць Чэпіну і Юркойцю застацца ў машыне адным, каб сьледам можна было дапусьціць, што Чэпін перадаваў Юркойцю грошы. Ну а тое, што дапускаецца, ужо ня так цяжка выдаць за даказаны факт, было б жаданьне і ўлада ў руках.

«Я вось чытаю пратакол судовага паседжаньня, дык мяне аж падкідае, — піша Юркойць з турмы. — Усё сапраўды важнае пасьлядоўна выкінута, а істотнае замененае з дакладнасьцю да наадварот».

Юркойць бачыць, што пратаколы сфальсіфікаваныя. Яго аж «падкідае» ад хлусьні на паперы. Наперадзе апэляцыйны суд, які наўрад ці будзе правяраць фальсыфікацыі Супруна. Інакш давялося б зноў выклікаць сьведку Пашкевіча і ўвесь працэс праводзіць ад пачатку.

Пытаньне асабістай віны Юркойця так глыбока заваленае гэбісцкімі альгарытмамі «арганізаванай злачыннай групы» і доказамі «па сукупнасьці», што дастаць яго на паверхню… неверагодна проста. Проста зь яго трэба пачынаць. У чым віна гэтага чалавека? Якімі фактамі яна даказаная? І толькі пасьля гэтага пачынаць перагляд.

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG