Такім чынам, пачалося ўсё з газэты Каліноўскага і, у пэўным сэнсе, закончылася газэтай Герменчука, «Свабодай». Дваццаць год таму яе закрыў суд.
У аўторак 25 лістапада 1997 году выйшаў апошні, 130-ы, нумар «Свабоды». З паведамленьнем аб сваёй вымушанай «сьмерці»: «Учора вышэйшы гаспадарчы суд прыняў рашэньне спыніць дзейнасьць газэты Свабода. Прысуд быў абвешчаны ў 14.00 — ужо пасьля падпісаньня нумару ў друк, таму мы ня маем магчымасьці падрабязна распавесьці пра судовы працэс. Але, па сутнасьці, судовага працэсу не было. Судзьдзі М.Клімянковай, якая разглядала справу, спатрэбілася ўсяго 15 хвілін, каб вынесьці рашэньне аб закрыцьці Свабоды. Судзьдзя абвесьціла, што рашэньне ўступае ў законную сілу з моманту яго прыняцьця. Гэта значыць, што ад сяньняшняга дня Свабода ня мае права выходзіць у сьвет — ліцэнзія ануляваная».
Але чытачам задзірыста паведамлялася, што рэдакцыя не разьвітваецца, што мае намер распачаць выпуск новага выданьня. Такім чынам, гісторыя «Свабоды» доўжылася з 25 сакавіка 1990-га, з прадвесьня свабоды, да 25 лістапада 1997-га — да наступленьня не найлепшых часоў для яе.
Напярэдадні, 19 лістапада газэта атрымала два папярэджаньні за адзін дзень: за публікацыі Альгерда Невяроўскага «Дзяды ў Менску» і Вадзіма Казначэева «Імпічмэнт — другая спроба».
Любая падзея, якая цябе закранае, перажываецца на асабістым узроўні. Я прадстаўляў «Свабоду» на Гарадзеншчыне. З усіх абласьцей у нас было найбольш чытачоў газэты. І падпіска была найбольшай, асабліва, зразумела, у Горадні. Гермянчук гэта заўсёды адзначаў.
І што цяпер? Было ніякавата, было трывожна. Праўда, рэдактар запэўніў, што зарэгістраванае новае выданьне, што ўсё мае наладзіцца, патрэбны толькі час. А пакуль будзем выдаваць інтэрнэт-вэрсію. Але што гэта такое, наколькі сур’ёзна?
Новая газэта — «Навіны» ўпершыню выйшла 16 студзеня 1998-га. Герменчуку было наканавана рэдагаваць яе да канца году. 6 студзеня 1999-га в.а.рэдактара ўжо быў Павал Жук, заснавальнік выданьня. Ягонай рукой Ігар Гермянчук быў звольнены з пасады «за непрафэсійнасьць». Што было, тое было. Такая гісторыя.
«Свабода» Герменчука трапіла ў энцыкляпэдыю. Але ці вывучаецца студэнтамі-журналістамі? Сумняваюся. Нават першая «Свабода»-спроба, дарэвалюцыйная, надрукаваная некалі Вацлавам Іваноўскім (пры Герменчуку ў шыльдзе было пазначана: заснаваная ў 1902-м, выходзіць з 1990-га), трапіла ў навучальную праграму адносна нядаўна. Мяне ўразіла, што на катэдры гісторыі журналістыкі, каб уключыць першую «Свабоду» ў праграму, выкарысталі як падставу нататку ў «Голасе Радзімы» за 1994 год. Хаця на гэтай катэдры я абараніў дыплёмную працу па «Свабодзе» у 1984-м, і неўзабаве была публікацыя ў «ЛіМе». Але газэце з такой назвай у нас прабівацца цяжка. Свабода — слова непапулярнае. Цяпер нават і «Мужыцкай праўдзе» не пазайздросьціш. Забараніць не забаранілі, але глядзяць скоса.
Прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Лені Фішэр дала досыць эмацыйную ацэнку: «Закрыцьцё газэты “СВАБОДА” — гэта адкрыты выклік міжнароднаму супольніцтву…» Трэба, каб была «Свабода»! Начальства адрэагавала моўчкі. Ня трэба… «Начальству відней».