Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разьлікі абвінавачанага ў карупцыі палкоўніка МУС Расеі вяла яго маці


Дзьмітры Захарчанка

Маці абвінавачанага ў карупцыі былога супрацоўніка МУС Расеі, палкоўніка Дзьмітрыя Захарчанкі, вяла ўлік сабраных ім сродкаў на агульную суму 8 мільярдаў рублёў.

Пры ператрусе сьледчыя выявілі сшытак, дзе былая настаўніца матэматыкі запісвала «ў слупок» ўсе разьлікі.

Пра гэта паведаміў пракурор Сяргей Бачкароў на пасяджэньні суду па іску аб канфіскацыі маёмасьці Захарчанкі.

Паводле Бачкарова, гаворка ідзе пра наяўную валюту, выяўленую ў кватэры сястры Захарчанкі ў Маскве. Раней паведамлялася, што сьледзтва знайшло ў сваякоў Захарчанкі наяўныя грошы ў розных валютах на агульную суму каля 9 мільярдаў рублёў, а таксама чатыры дарагія іншамаркі і 13 кватэраў. Дзьве зь іх, як сьцьвярджаецца, былы супрацоўнік выкарыстаў як грашовыя сховішчы. Усё гэта маёмасьць была канфіскавана.

20 лістапада афіцыйны прадстаўнік расейскай Генпракуратуры Аляксандр Курэнны паведаміў, што маці і сястра Дзьмітрыя Захарчанкі пакінулі Расею. Маці зьехала ў Ізраіль, а сястра — у Турцыю.

Дзьмітрый Захарчанка займаў пасаду намесьніка начальніка Ўпраўлення эканамічнай бясьпекі МУС Расеі. Ён курыраваў барацьбу са злачынствамі ў паліўна-энэргетычным комплексе. У верасьні летась Захарчанку арыштавалі па падазрэньні ў карупцыі і злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG