Раней навіннае агенцтва Reuters са спасылкай на крыніцы, блізкія да перамоваў, паведаміла, што Мугабэ згадзіўся пайсьці ў адстаўку.
У нядзелю раніцай ён быў пазбаўлены пасады лідэра кіруючай партыі Афрыканскі нацыянальны саюз Зымбабвэ-Патрыятычны фронт (ZANU-PF). ZANU-PF выставіла 93-гадоваму дыктатару ультыматум: альбо адстаўка на працягу сутак, альбо імпічмэнт.
Адразу пасьля вечаровага тэлезвароту лідэр кампаніі за адхіленьне Мугабэ ад улады вайсковы вэтэран Крыс Муцвангва заявіў, што ў сераду людзі выйдуць на вуліцы сталіцы Зымбабвэ Харарэ з пратэстам і патрабаваньнем адстаўкі дуктатара.
Вайсковы пераварот, хатні арышт, масавыя пратэсты
Незадоўга да гэтага ў Зымбабвэ быў учынены вайсковы пераварот, а Мугабэ адправілі пад хатні арышт. Путчысты абвясьцілі сваёй мэтай барацьбу з «злачынцамі з акружэньня прэзыдэнта», якія прывялі краіну да сацыяльнага і эканамічнага крызісу.
Пасьля захопу ўлады ў краіне жонка прэзыдэнта Зымбабвэ Грэйс Мугабэ, вядомая таксама пад імем «Гучы Грэйс» за сваю любоў да раскошных пакупак, уцякла ў Намібію. Агенцтва ANA са спасылкай на крыніцы зазначала, што яе адпусьцілі з умовай, што Мугабэ сыдзе ў адстаўку.
Напярэдадні тысячы чалавек выйшлі на вуліцы сталіцы Зымбабвэ, гораду Харарэ, каб вітаць армію, якая вось ужо некалькі дзён утрымлівае пад хатнім арыштам прэзыдэнта Мугабэ. Яны запатрабавалі адстаўкі 93-гадовага прэзыдэнта, які кіраваў краінай 37 гадоў. «Ад імя ўсіх грамадзян мы кажам нашай арміі:» Вялікі вам дзякуй за мірнае ўмяшаньне", — цытуе Бі-Бі-Сі словы аднаго з пратэстоўцаў.
15 лістапада ўзброеныя сілы Зымбабвэ ўзялі пад кантроль сталіцу, горад Харарэ і цяпер краінай кіруе раней адпраўлены ў адстаўку віцэ-прэзыдэнт Эмэрсан Мнангагва. У канцы мінулага тыдня вайскоўцы захапілі тэлецэнтар і рэзыдэнцыю прэзыдэнта Зымбабвэ. Яны ня жадаюць прызнаваць, што тое, што адбываецца ў краіне зьяўляецца вайсковым пераваротам.
93-гадовы Робэрт Мугабэ — адзіны кіраўнік, якога краіна ведала ад моманту здабыцьця незалежнасьці ў 1980 годзе. У наступным годзе ён зьбіраўся пераабірацца на новы тэрмін. У гэтым выпадку Мугабэ заставаўся б ва ўладзе да 99 гадоў, што цалкам адпавядае яго плянам дажыць да 100-гадовага юбілею.