Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У інтэрнэце зьбіраюць подпісы за ўшанаваньне памятных мясьцінаў, зьвязаных з БНР


На інтэрнэт-пляцоўцы petitions.by праходзіць збор подпісаў пад зваротам у Менгарвыканкам і Міністэрства культуры Беларусі з прапановай ушанаваць памяць пра Беларускую народную рэспубліку напярэдадні сотай гадавіны яе абвяшчэньня — 25 сакавіка 2018 году.

Ініцыятары прапаноўваюць усталяваць на будынках, якія зьвязаныя зь дзейнасьцю БНР, памятныя дошкі і бел-чырвона-белыя сьцягі (дзяржаўныя сьцягі БНР). У тэксьце пэтыцыі, у прыватнасьці, называюцца:

  • будынак былога Менскага гарадзкога тэатру (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы, вул. Энгельса, 7), дзе 5–17 сьнежня 1917 году прайшоў Першы Ўсебеларускі кангрэс
  • былы Дом губэрнатара (цяпер Рэспубліканскі музычны каледж, пл. Свабоды, 7), дзе 21 лютага 1918 году Рада Ўсебеларускага зьезду прыняла першую Ўстаўную грамату да народаў Беларусі, у якой заклікала беларускі народ зьдзейсьніць сваё права на «поўнае самавызначэньне»
  • дом Маліна (вул. Валадарскага, 9), дзе 24 сакавіка 1918 году ў кабінэце старшыні Народнага сакратарыяту Язэпа Варонкі пачалося пасяджэньне Рады БНР, якое закончылася 25 сакавіка прыняцьцем Трэцяй Устаўной граматы, што абвясьціла Беларусь вольнай і незалежнай дзяржавай
  • дом Воліна (вул. Валадарскага, 12), у якім з 25 лютага 1918 году працавала Беларускае народнае прадстаўніцтва на чале з Раманам Скірмунтам
  • Юбілейны дом (пр. Незалежнасьці, 26), у якім ад 17 жніўня 1918 году засядала Рада БНР (усе ў Менску)
  • дом купца Мураўёва ў Горадні (пл. Савецкая, 2), у якім засядала Рада БНР пасьля ад’езду зь Менску
  • будынак былога акруговага суду ў Магілёве (цяпер Магілёўскі абласны краязнаўчы музэй, пл. Славы, 1), дзе 12 ліпеня 1918 на сходзе, які адбыўся з ініцыятывы Магілёўскага нацыянальнага камітэту, прадстаўнікі грамадзкасьці Магілёву прызналі ў горадзе ўладу БНР.

Збор подпісаў будзе працягвацца да 12 сьнежня.

Глядзіце таксама: відэаэкскурсія па менскіх «адрасах БНР» ад Сяргея Харэўскага

У продажы зьявіліся календары «Адрасы БНР. 1918–2018»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG