Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор просіць для «француза з патронам» штраф і вызваленьне на парукі


Суд над Жалянам Віё

У гомельскім судзе над францускім падарожнікам Жалянам Віё прадстаўніца дзяржаўнага абвінавачаньня Лашчанка папрасіла пакараць падсуднага штрафам у памеры 300 базавых велічыняў (6900 рублёў) і вызваліць у зале суду на парукі.

Раней хадайніцтва пра вызваленьне грамадзяніна Францыі пад асабістую адказнасьць падалі менскія сяброўкі Віё.

Такім чынам, рассыпаецца вэрсія крымінальнай справы наконт таго, што замежны падарожнік зайшоў у «чырвоны калідор», не запоўніўшы дэклярацыю пра наяўнасьць боепрыпасу.

Сёньня быў прагледжаны запіс з відэарэгістратара, пададзены суду Гомельскай мытняй. У допытах мытнікаў двойчы гучала, што Віё ішоў па «зялёным» калідоры.

Папраўдзе Жалян сам паказаў патрон, запытаўшы, ці сувэнірны патрон адносіцца да забароненых для перавозкі рэчаў. Аднак мытнік Крыцкі не валодаў у неабходнай меры ангельскай мовай і нічога ня здолеў патлумачыць французу.

Пачаткова яго вінавацілі ў незаконнай перавозцы агнястрэльнай зброі (ч. 2 арт. 295 КК) і незаконным абарачэньні атрутных рэчываў (ч. 1 333-1 КК), што пагражала Віё да 7 гадоў пазбаўленьня волі.

У працэсе аб'яўлены перапынак да панядзелка 20 лістапада.

Гіём Віё: Тое, што здарылася з братам у Беларусі, для нашай сямʼі сапраўднае пекла

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG