Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар замежных спраў ФРГ сустрэнецца з Лукашэнкам, Макеем і выступіць на Менскім форуме


Фэдэральны міністар замежных спраў ФРГ Зыгмар Габрыэль.
Фэдэральны міністар замежных спраў ФРГ Зыгмар Габрыэль.

У Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханэса Раў праходзіць XV Менскі форум. Сёньня на ім выступяць віцэ-канцлер, фэдэральны міністар замежных спраў ФРГ Зыгмар Габрыэль, які прыбывае ў Менск з рабочым візытам, і міністар замежных спраў Беларусі Уладзімер Макей.

Зыгмар Габрыэль пачне свой візыт з сустрэчы з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Таксама ў яго адбудуцца перамовы з Уладзімерам Макеем.

Паводле нямецкага МЗС, сярод іншага будуць абмеркаваны двухбаковыя дачыненьні, супрацоўніцтва падчас міжнародных крызысаў, у прыватнасьці расейска-ўкраінскага канфлікту, і сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі.

Таксама з улікам саміту «Ўсходняга партнэрства» ў Брусэлі 24 лістапада тэмай перамоваў стане «магчымае збліжэньне паміж Беларусьсю і ЭЗ».

Падчас дыскусіі на форуме кіраўнік дэпартамэнту па Расеі, Беларусі, Малдове і «Ўсходнім партнэрстве» МЗС ФРГ Ганс- Пэтэр Гінрыхсэн сказаў, што «павага да каштоўнасьцяў і рэалізацыя гэтых каштоўнасьцяў на практыцы вельмі важныя для збліжэньня Беларусі і Эўразьвязу, паміж Беларусьсю і Нямеччынай».

«Беларусь — адзіная краіна, якая ня мае рамачнага пагадненьня з ЭЗ аб каапэрацыі. Мы ў Нямеччыне выступаем за тое, каб гэтае пагадненьне было падпісана. Але ў рамках ЭЗ шмат партнэраў кажуць, што сытуацыя з правамі чалавека павінна зьмяніцца перш, чым справа дойдзе да заключэньня гэтага пагадненьня. Трэба, каб Беларусь зрабіла значныя крокі наперад».

Што да «Ўсходняга партнэрства», то, паводле прадстаўніка нямецкага МЗС, ніхто ня мае намеру ставіць Беларусь перад выбарам — Эўразьвяз ці Расея.

«Заўсёды, калі гаворка заходзіць пра „Ўсходняе партнэрства“, у некага ўзнікае думка пра тое, што ўся справа ў геапалітыцы. Але нам зусім ня хочацца перацягнуць Беларусь на бок Захаду. Мы не імкнёмся да таго, каб Беларусь паляпшала стасункі з ЭЗ за кошт пагаршэньня дачыненьняў з Расеяй. Мы хочам, каб у Беларусі былі добрыя адносіны з партнэрамі і на Захадзе, і на Ўсходзе».

У сувязі з прыездам міністраў на Менскі форум прынятыя захады бясьпекі, яго ўдзельнікаў будуць прапускаць па пашпартах.

Паводле старшыні Менскага форуму прафэсара Райнэра Ліднэра, на форуме ўпершыню выступіць фэдэральны міністар замежных спраў.

«На адным зь менскіх форумаў у мінулыя гады ўжо выступаў дзейны міністар, кіраўнік ведамства фэдэральнага канцлера ФРГ спадар Пофала. Былі іншы раз прамовы, якія перадаваліся завочна. Напрыклад, міністар Штайнмаер у 2009 годзе даслаў сюды сваё вітальнае слова. То бок былі такія моманты, але першая прамова ўжывую з удзелам аратара такога ўзроўню, міністра замежных спраў, пройдзе сёньня».

Паводле Райнэра Ліднэра, у форуме бяруць удзел прадстаўнікі беларускай апазыцыі і палітычных партый, як зарэгістраваных, так і незарэгістраваных.

«Ёсьць тэмы, якія тычацца палітычнай культуры, стан якой далёкі ад таго, каб задавальняць Эўразьвяз. Напрыклад, што тычыцца ўдзелу ў палітычным жыцьці. Для мяне заўсёды было надзвычай важна, каб форум адлюстроўваў увесь шырокі спэктар палітычнага жыцьця».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG