Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар замежных спраў ФРГ наведае Беларусь з «двухбаковым» візытам упершыню з 1995 году


Віцэ-канцлер, фэдэральны міністар замежных спраў ФРГ Зыгмар Габрыэль

17 лістапада Беларусь з рабочым візытам наведае віцэ-канцлер, фэдэральны міністар замежных спраў ФРГ Зыгмар Габрыэль.

Зыгмар Габрыэль плянуе сустрэцца ў Менску зь міністрам замежных спраў Беларусі Ўладзімерам Макеем. Фэдэральны міністар таксама возьме ўдзел у XV Менскім форуме, які пачнецца 16 лістапада ў Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханэса Раў.

17 лістапада Зыгмар Габрыэль сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам.

Пра гэта падчас прэс-канфэрэнцыі ў Менску паведаміў пасол Нямеччыны ў Беларусі Пэтэр Дэтмар, адказваючы на пытаньне карэспандэнта Свабоды.

Пэтэр Дэтмар
Пэтэр Дэтмар

—​ Міністар замежных спраў прылятае раніцай. Потым пройдзе гутарка з прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам. Плянуецца двухбаковая гутарка зь міністрам замежных спраў Беларусі Макеем. І потым плянуюцца выступы абодвух міністраў падчас Менскага форума, пасьля чаго ён адразу адлятае ў Нямеччыну. Гэта вельмі насычаная праграма».

— Ці азначае, гэты візыт нейкую новую фазу ў дачыненьнях паміж ФРГ і Беларусьсю?

— Што тычыцца новага пэрыяду ў нашых адносінах, то я думаю, што не. Але гэта проста пацьвярджае добры стан нашых дачыненьняў, таму я рады, што міністар замежных спраў знайшоў час, каб прыехаць сюды і пацьвердзіць гэта.

Адказваючы на пытаньні журналістаў, пасол ФРГ таксама сказаў, што рашэньне ўзначальваць ці не беларускую дэлегацыю на саміце «Ўсходняга партнэрства» у Брусэлі можа прыняць толькі сам Лукашэнка.

Але тут гаворка ідзе не пра канцэрт па заяўках

«Мы спадзяемся, асабіста я спадзяюся і хацеў бы, каб ён прыняў у гэтым удзел. Але тут гаворка ідзе не пра канцэрт па заяўках жадаючых, а пра расстаноўку палітычных прыярытэтаў, пра палітычнае рашэньне, якое можа прыняць і прыме толькі ён».

Гэта першы з 1995 году «двухбаковы» візыт фэдэральнага міністра замежных спраў Нямеччыны ў Беларусь, паведамляе прэс-служба беларускага МЗС.

У 1995 годзе Менск наведаў з аднадзённым візытам міністар замежных спраў ФРГ Клаўс Кінкель, тады ён сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам.

Перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2010 году ў Менску пабываў міністар замежных спраў ФРГ Гіда Вэстэрвэле. Ягоны візыт праходзіў разам зь візытам міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага. Гіда Вэстэрвеле заклікаў улады Беларусі ажыцьцявіць дэмакратычныя рэформы і правесьці свабодныя прэзыдэнцкія выбары. Толькі ў гэтым выпадку магчыма далейшае збліжэньне з ЭЗ, заявіў тады ён.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG