Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нянавісьць забівае ў наўпроставым і пераносным сэнсах. І гэта дастатковая прычына, каб мы не былі да яе талерантнымі.

Хай ксэнафобныя людзі сьцьвярджаюць, што «раз вы прапагандуеце талерантнасьць, дык прапагандуйце да канца», мы ня мусім прымаць тых, хто жадае нам зла. Гэта не талерантнасьць, а хітра зробленая падвойная пастка.

Барацьба з ксэнафобіяй — гэта вельмі часта барацьба супраць хлусьні.

Часам можа падацца, што барацьба з культываваньнем нянавісьці да нейкай сацыяльнай групы — гэта змаганьне выключна на ўзроўні этычных сістэм. Але насамрэч барацьба з ксэнафобіяй — гэта вельмі часта барацьба супраць хлусьні. Рэч ня толькі ў тым, што мы бачым дабром, а што — злом. Рэч яшчэ і ў тым, што ёсьць аб’ектыўная рэальнасьць.

На жаль, у Беларусі апошнім часам было дастаткова яскравых выпадкаў хлусні, якая выдавалася за маральную пазіцыю.

Мастачка Ніка Сандрас нядаўна моцна абурылася камэнтам «Грошы не пахнуць», зробленым нейкім мужчынам пад артыкулам пра супрацоўніцтва жаночай арганзацыі «Радзіслава» і фірмы па вытворчасьці бялізны Mark Formelle. У выніку яна абвінаваціла фэміністак у нежаданьні ісьці на кантакт з кіраўніцтвам Mark Formelle, якое пасля скандальнай рэкламы нібыта было адкрыта для абмеркаваньняў (што няпраўда).

Нянавісьць звычайна заплюшчвае вочы на рэальны стан рэчаў.

Вішанькай на торце стала заява «пі***ець — не мяхі цягаць» на адрас цэнтру пра прасоўваньні правоў жанчын «Яе правы». Той цэнтар акурат цягае мяхі — аказвае рэальную юрыдычную дапамогу жанчынам, якія пацярпелі ад хатняга гвалту. Абсурдна і нелягічна? Менавіта так. Але нянавісьць звычайна і ня мае ніякай лёгікі — яна нерацыянальная і заплюшчвае вочы на рэальны стан рэчаў. У гэтым канкрэтным выпадку нянавісьць да фэмінізму аказалася надзвычай моцнай, і нават «выбачэньні», якія мастачка выказала празь нейкі час, ня выратавалі сытуацыі, бо нянавісьць нікуды ня знікла, і падоўгу маскіраваць яе ў Сандрас не атрымліваецца.

Праблема тут ня столькі ў тым, што пасьпяховая ў сваёй працы жанчына ня бачыць, наколькі фэмінізм рэальна паўплываў на яе жыцьцё і выбіў для яе асабіста права займацца творчасьцю, а не прыслугоўваць першаму і адзінаму мужу ўсё жыцьцё. Ну, ня бачыць яна гэтай сувязі, што ж паробіш. Але яна наўпрост хлусіць, каб стварыць антураж да сваёй нянавісьці.

Музыка Аляксандар Кулінковіч натхніўся разважаньнямі Нікі Сандрас і таксама абразьліва выказаўся ў адрас фэміністак, абвінаваціўшы нас у тым, што мы нібыта не змагаемся за адмену сьпісу забароненых для жанчын прафэсій і выдаў стандартны ўжо набор мужчынскіх патрабаваньняў да фэмінізму: мы павінны змагацца за тое, каб жанчын прызывалі ў войска і пазьней адпраўлялі на пэнсію, а таксама мусім клапаціцца пра мужчын, якія пацярпелі ад хатняга гвалту. Не абышлося, вядома ж, і без папулярнай фантазіі, што «пры разводзе закон на баку жанчыны, усё адно, хоць п’янь падзаборная, але на яе баку». Тэкст быў вельмі яскравым прыкладам нянавісьці, на яго шмат скардзіліся, і Аляксандра нават заблакавалі на тыдзень ў фэйсбуку за гэтую сумнеўную творчасьць.

Хлусня, зь якой трэба змагацца так жа сама, як зь ВІЧ-дысідэнцтвам.

Абмежаваньне свабоды выказваньняў? Так. Ці справядлівыя такія абмежаваньні? На мой погляд, справядлівыя. І рэч ня ў тым, што мне крыўдна і непрыемна чытаць такія плыні нянавісьці, — ня першы ж і не апошні раз. Але тое, што піша Кулінковіч — гэта хлусня, зь якой трэба змагацца так жа сама, як зь ВІЧ-дысідэнцтвам, верай у тэлегонію і плоскую Зямлю.

Ад такой хлусьні ёсьць рэальная шкода — людзі распаўсюджваюць ВІЧ, бо ўпэўнены ў тым, што ён — прыдумка, прыніжаюць жанчын, якія мелі ў жыцці больш за аднаго сэксуальнага партнэра, вучаць навакольных не давяраць навуковым дасьледаваньням. Аляксандар Кулінковіч жа дае каманду «фас» у адрас фэміністак, і ягоная аўдыторыя яшчэ больш «упэўніваецца» ў тым, што фэміністычная павестка — гэта прыдуманае пытаньне, і на самой справе жанчыны не сутыкаюцца з дыскрымінацыяй.

Не магу пагадзіцца з тым, што любое меркаваньне мае права на існаваньне.

Я ніяк не магу пагадзіцца з тым, што любое меркаваньне мае права на існаваньне. З хлусьнёй трэба змагацца, а з хлусьнёй, якая культывуе нянавісьць па гендэрнай, узроставай, расавай прыкметах, з нагоды сэксуальнай арыентацыі, нефармальнага знешняга выгляду і інш., трэба змагацца радыкальна — абавязкова даводзіць, чаму гэта ўсё няпраўда, і дамагацца таго, каб такіх тэкстаў не было ў публічнай прасторы (прынамсі, без тлумачальнага дадатку). Тым больш, калі ілжывыя дадзеныя распаўсюджваюць вядомыя асобы, якія маюць пэўны ўплыў у грамадзтве.

У дыскусіях пра свабоду слова часта згадваюць выраз «я ня згодны ні з адным словам, якое вы прамаўляеце, але гатовы памерці за вашае права гэта казаць». Гучыць, вядома ж, драматычна і прыгожа, але часта гэтымі словамі спрабуюць абараніць акурат права на выказваньне нянавісьці. Давайце ўжо будзем шчырымі: жыць хочацца, а паміраць дзеля таго, каб хтосьці мог і далей расказваць, як нас ненавідзіць, неяк не надта.

Калі вас абурае гэты тэкст, проста замяніце ў ім слова «фэміністкі» на «беларускамоўныя». Магчыма, так будзе больш зразумела.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG