Жонка прэзыдэнта Зымбабвэ Робэрта Мугабэ ўцякла з краіны пасьля таго, як уладу захапілі вайскоўцы. Пра гэта паведамляе тэлеканал ВВС. Паводле непацьверджаных вестак, Грэйс Мугабэ накіравалася ў Намібію.
Робэрт Мугабэ кіраваў Зымбабвэ амаль сорак гадоў — з 1980 году. Цяпер ён зьмешчаны пад хатні арышт і ў бліжэйшыя дні можа падаць у адстаўку. У сталіцу Зымбабвэ Харарэ заехалі танкі і бронетэхніка. У горадзе былі чуваць выбухі і перастрэлкі. Паведамляецца таксама пра затрыманьне некалькіх міністраў.
Вайскоўцы, якія захапілі ўладу, сьцьвярджаюць, што ня робяць дзяржаўны пераварот, а толькі выступаюць супраць «злачынцаў» ў атачэньні прэзыдэнта. У прыватнасьці, прыхільнікаў Мугабэ абвінавачваюць у эканамічных праблемах Зымбабвэ.
На мінулым тыдні Мугабэ адправіў віцэ-прэзыдэнта Эмэрсана Мнангагву ў адстаўку. Лідэр Зымбабвэ абвінаваціў яго ў падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту. Мнангагву разглядалі як магчымага пераемніка Мугабэ, ён карыстаўся падтрымкай арміі. Лічыцца, што менавіта адхіленьне Мнангагвы стала прычынай крызісу.