Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 тэзаў пра сувязь расейскай філязофіі і прапаганды — лекцыя Максіма Гарунова


Максім Гаруноў у студыі Радыё Свабода ў траўні 2017 году

15 лістапада выкладчык філязофіі ў маскоўскай Вышэйшай школе эканомікі Максім Гаруноў чытае ў Карлавым унівэрсытэце ў Празе лекцыю, прысьвечаную сувязі паміж расейскай філязофіяй і прапагандай. Напярэдадні Гаруноў пагутарыў з карэспандэнтам Радыё Свабода і пераслаў нам тэкст лекцыі. Мы прапануем вашай увазе яе асноўныя пункты.

  1. Сучасныя расейскія нацыяналісты ня маюць арыгінальных аргумэнтаў і рыторыкі. Яны – рэканструктары і капіююць царскую прапаганду.
  2. У расейскай літаратуры 19-га стагодзьдзя яркім прыкладам такой прапаганды быў «антынігілістычны раман» – сэрыя твораў, якія ўпершыню публікаваліся ў часопісе «Русский вестник». Часопіс належаў вядомаму прапагандысту Міхаілу Каткову. Сутнасьць стратэгіі Каткова: перавесьці спрэчкі пра тое, як уладкаваць Расею з эканамічнай плашчыні ў багаслоўскую. Самадзяржаўе было пад пагрозай, калі гаворка ішла пра жабрацтва падданых. Але яно было па-за канкурэнцыяй, калі размаўляла на мове рэлігійнай веры.
  3. У курсах па літаратуры закранаюцца пытаньні пра палітычную ангажаванасьць некаторых расейскіх пісьменьнікаў. У курсах па расейскай філязофіі такога пытаньня няма. Таму чытач, які знаёміцца з тэкстамі расейскіх філёзафаў-выкрывальнікаў «бездухоўнасьці Захаду», звычайна не падазрае, што мае справу з прапагандысцкімі творамі.
  4. У агромністым архіве расейскай літаратуры безумоўна ёсьць раманы, якія нельга назваць прапагандысцкімі. Але калі прыбраць трактаты ў абарону самадзяржаўя з агульнага архіву філязофскіх тэкстаў на расейскай мове, дык там, за рэдкімі выняткамі, застануцца толькі ўнівэрсытэцкія дысэртацыі і творы расейскіх лібэралаў, якія ў асноўным былі пераказам папулярных эўрапейскіх і амэрыканскіх тэорый свайго часу.
  5. Для філёзафа ў імпэрскай Расеі пасьпяховы пошук пераканаўчай аргумэнтацыі ў абарону самаўладзьдзя і супраць ідэі прагрэсу канвэртаваўся ў кар'ерны рост. Таму можна пагадзіцца з савецкай крытыкай – тое, што ў цяперашнім расейскім дыскурсе называюць «русская философия» насамрэч зводзіцца да абароны самаўладзьдзя.
  6. Тых рэдкіх аўтараў, якія ня мелі дачыненьня да прапаганды, ставяць у адзін шэраг з прапагандыстамі, каб замаскаваць ангажаванасьць апошніх. Так, Іван Ільін, якога любіць цытаваць расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін, хутчэй прапагандыст, чым філёзаф. Сучасныя прапагандысты ня здольныя гэтак жа рэспэктабэльна абараняць самаўладзьдзе. Таму тэксты Ільіна запатрабаваныя расейскім чынавенствам.
  7. Калі на баку лібэральнай ідэі выступалі Леў Талстой, Антон Чэхаў і Ўладзімір Салаўёў, дык абаронцам самаўладзьдзя даводзілася шукаць аўтараў, здольных да палемікі на высокім узроўні. У выніку, на фоне савецкай і сучаснай расейскай прапаганды некаторыя прапагандысцкія тэксты таго часу выглядаюць як сумленная публіцыстыка і мастацкая літаратура, вартыя таго, каб стаць падмуркам сьветапогляду.
  8. Адзін з найбольш яркіх прыкладаў тут – Васілій Розанаў. Ягоны літаратурны талент і праца з пабочнымі тэмамі падманвалі і падманваюць публіку. Чытачы захапляюцца ягонымі інтымнымі дзёньнікамі. Але ў архіве Розанава дзёньнікі непарыўна зьвязаныя з адданасьцю палітычнаму праваслаўю, манарху, імпэрыі і саслоўнаму грамадзкаму ладу. Знаёмячыся зь дзёньнікамі, чытач прасякаецца сымпатыяй да аўтара, а сьледам за ім – сымпатыяй да манарха.
  9. У гэтым сэнсе паказальнае эсэ Венядзікта Ерафеева пра Розанава. Ерафееў усьведамляе, што мае справу з манархістам і антысэмітам. Ён бачыць публіцыстыку, якая абараняе права манарха распараджацца жыцьцём і маёмасьцю расейскіх падданых. Але ў фінале замест асуджэньня, якое атрымаў бы менш таленавіты аўтар, Ерафееў прызнаецца ў сымпатыі да Розанава. Іранічны тон Ерафеева ў адносінах да юдафобіі Розанава не азначае дыстанцыю. Як паказвае практыка, іронія без праблем спалучаецца з агрэсіяй. Тэксты Розанава небясьпечныя менавіта тым, што хаваюць агрэсію пад маскай літаратуры.
  10. Ва ўмовах эканамічнага крызісу, праваслаўе ў спалучэньні з культам моцнага аўтарытарнага лідэра, нягледзячы на архаічнасьць, застаюцца актуальнымі ў якасьці інструмэнтаў кіраваньня. А значыць лірыка Розанава і казуістыка Каткова будуць запатрабаваныя і надалей, калі Расея раптам ня зьменіцца, што малаімаверна.

Максім Гаруноў — выкладчык філязофіі ў маскоўскай Вышэйшай школе эканомікі, аглядальнік «Новой газеты». У свой час пісаў для расейскага нацыяналістычнага выданьня «Спутник и Погром», але памяняў свае погляды і выступіў з жорсткай крытыкай расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG