Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму варта заўжды падтрымліваць нацыянальныя каманды


Алег Дашкевіч

Неяк гадоў пятнаццаць таму, пад час чэмпіянату сьвету па хакеі адзін з прыяцеляў, нешараговы актывіст Хартыі’97 у размове са мной прызнаўся, што ня будзе, і ўвогуле, маўляў, ня варта падтрымліваць нацыянальную каманду на гэтых спаборніцтвах.

— Чаму? — запытаўся я.

— Посьпех зборнай будзе выкарыстаны прапагандысцкай машынай як дасягненьне рэжыму Лукашэнкі, — быў адказ.

— Можа ня трэба так адназначна атаясамліваць зборную й Лукашэнку. Гэта ўсё ж розныя рэчы, — не пагаджаўся я.

— Не, — быў адказ. — Ты памыляесься.

Мы яшчэ трошкі паспрачаліся, і кожны застаўся пры сваім меркаваньні.

Можна было падумаць, што такая пазыцыя — праблема росту палітыка, калі б праз усе гэтыя гады праблема тая раз-пораз не паўставала наноў. На сёньня варта канстатаваць, што яна мае хранічны характар і пакуль застаецца стрэмкай у сьвядомасьці беларускага грамадзтва, перадусім апазыцыйнага асяродку.

Напярэдадні тэніснага фіналу ў Кубку Фэдэрацый на старонках фэйсбуку ўжо іншы калега заўважыў:

«Упершыню ня хочацца заўзець за беларускiх тэнiсiстак, настолькi агiдна iх карыстае дзяржаўная прапаганда».

Тое ж я чую ў прыватных размовах з рэгулярнай пэрыядычнасьцю то тут, то там.

Пастараюся сфармуляваць некалькі пазыцый, чаму падтрымліваць свае нацыянальныя каманды трэба заўжды.

Па-першае, нацыянальная каманда гэта не футбольны-хакейны клюб, то бок, не лякальная зьява. На ўзроўні высокіх міжнародных спаборніцтваў нацыянальная каманда заўжды й перадусім рэпрэзэнтуе краіну Беларусь, тым самым сьцьвярджаючы яе й нашае месца ў сьвеце. Усё іншае пасьля.

Па-другое, спорт зьява сацыяльная, да якой прыцягнутая ўвага мільёнаў беларусаў. Супрацьпастаўляць сябе мільёнам суайчыньнікаў, па меншай меры, няправільна.

Спытайце ў любога на вуліцы, за каго ён у любым спартовым супрацьстаяньні: за Беларусь ці за супернікаў Беларусі?

Думаецца адказ будзе відавочным. Можна мець прэтэнзіі да якасьці гульні, да пэрсанальнай грамадзянскай пазыцыі асобных спартоўцаў і трэнэраў, да акцэнтаў тэлевізійнай трансьляцыі і паводзінаў чынавенства на трыбунах, але гэта ня мае тычыцца падтрымкі нацыянальнай каманды.

Па-трэцяе, нацыянальныя каманды, пагатоў іх пасьпяховая гульня й вынікі ў спаборніцтвах, спрыяюць адзінству нацыі. Адмаўляючы ў падтрымцы нацыянальнай камандзе, мы адмаўляем у падтрымцы сваёй краіне, але без падтрымкі сваім народам ніякая краіна існаваць ня можа.

Вяртаючыся да тэніснага фіналу на Чыжоўка-Арэне можна было толькі захапляцца супрацьстаяньнем беларускай каманды безумоўным фаварытам з ЗША.

Быў бой, дзе шанцы беларусак ня мелі высокае каціроўкі, але ўсё вырашылася толькі позьнім вечарам у заключнай парнай сустрэчы. Трэба было бачыць эмоцыі амэрыканак у момант пераможнага розыгрышу.

Нашым дзяўчатам трошкі не хапіла досьведу й галоўнае, на маю думку, пазытыўных эмоцый, магчыма тых самых, у якім ім адмовілі некаторыя мае калегі-прыяцелі.

Ці лепей ад гэтага стала Беларусі, і ці горай сёньняшняй уладзе — пытаньне рытарычнае.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG