Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перакуліся, Скарына!


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Скарына так і ня стаў сваім у гэтай дзяржаве. Дакладней сказаць: для гэтай дзяржавы. Такі мэсыдж яна паслала ўсім аматарам першадрукара з нагоды 500-годзьдзя першай нашай друкаванай кнігі.

Бюракратычная адпіска пра Скарыну зь лётнішча — найлепшае сьведчаньне. Год круціць вала за хвост і адказаць беларусам, што ў сьвеце замацаваная іншая традыцыя называць аэрапорты… Быццам беларусы так і праседзелі за жалезнай заслонай да цяперашніх дзён. Калі б для Лукашэнкі Скарына быў кімсьці, з аэрапорта не дадумаліся б даслаць адпіску. Як піць даць.

Я параўноўваю два пяцісотгодзьдзі, якія адбыліся на маіх вачах, прыцягнулі маю ўвагу. Самога Скарыны і сёлета — ягонай Бібліі. Тады было мноства кніг надрукавана і цяпер. І нейкія зьмены, безумоўна, мы ўбачылі, калі параўноўваць з той першай гадавінай. Напрыклад, цешылі вока юбілейныя плякацікі на газэтных шапіках і ў некаторых вітрынах. Былі мерапрыемствы, былі шчырыя людзі сярод чыноўнікаў, якія добра гаварылі пра Скарыну. Але не было наступнага кроку, самага важнага, каб галоўныя вусны прамовілі, каб пачуць панэгірыкі зь іх. І каб на ўвесь сьвет.

Мяне заўсёды бянтэжыла наша крыху наіўная прага змаганьня з Францыскам. Не зважаючы, што ён сам сябе так называў звычайна. Ня кажучы: прыгожае эўрапейскае імя. І што? Над галавой Скарыны на ордэне напісана — «Георгій». Вось супраць чаго змагацца трэба было.

Гісторыя самога ордэну — дакладнае адлюстраваньне стаўленьня да Скарыны галоўнага начальства.

Першае ўзнагароджаньне — амаль праз два гады пасьля зацьвярджэньня ордэну! Амаль два гады ў шуфлядзе пыліўся.

І што, і каго выбралі на ролю першага кавалера? Мастака Савіцкага. Які, наколькі памятаецца, спачатку быў за Кебіча, ну а потым, само сабой, стаў за Лукашэнку. Не пісьменьнік, не друкар, і нават ня мэдык ці батанік, а яму першаму Скарыну на грудзі.

Ну й пайшло-паехала. Трапіўся ў сьпісах, праўда, і друкар. «Советскую Белоруссию» выпускаў. Але каб ніякіх пісьменьнікаў. Пазьней і яны трапяцца, але галоўнае, каб невядомыя. Бо вядомыя, выбачайце за калямбур, як вядома, былі гарой за сваю мову, за літаратуру, за беларускую школу. А таксама за дэмакратыю, за эўрапейскі шлях. А гэта ўпоперак начальству. Чаму пад сукном свой ордэн Францыска (Георгія) трымалі напачатку так доўга? Таму што барацьба трывала. Супраць дэмакратыі, супраць эўрапейскага шляху, супраць свабоды слова, супраць школы на роднай мове, супраць пісьменьнікаў нарэшце. Скарынаўскім ордэн тут быў зусім недарэчы.

Але потым і да яго рукі дойдуць. І чым далей, тым болей будзе ўзнагароджаных. Але яскравы прыклад: стваральнік і кіраўнік Скарынаўскага цэнтру Адам Мальдзіс атрымае ордэн 167-м. Вы думаеце, іншыя дасьледчыкі Скарыніяны ў лепшым становішчы? Зусім не. Ну, чым яны ўрэшце займаюцца? Хіба гэта важна? Вось чалавек прасьпяваў «ты моя банька, я твой тазик», і ўсе радыёстанцыі паставілі, гэты ордэн заслужыў без размоў.

Ну, канечне, нельга ў такім казытлівым пытаньні не паставіць сябе на месца «простага чалавека», які прывык начальству ў рот зазіраць. І я паспрабую гэта зрабіць. Чым заслужыў той Скарына аэрапорт, скажыце? Ён, што — лётчык? Не. Крылы намаляваў, як некалі Леанарда? Таксама не. Ну дык і нечава баламуціць.

А можа й сапраўды? Але чаму тады Нацыянальную бібліятэку не назваць?.. Ды вы што?! «Ленінцы» — імя сына Скарыны Лукі, купца? Ды ніколі!

Такія вось засталіся ўражаньні ад юбілейнага, скарынаўскага году. Хаця, калі раптам у мяне, як у правінцыяла, склалася скажоная карціна сьвету, то папраўце, я прыслухаюся. Абяцаю.

Плякацік у вітрыне да 500-годзьдзя першай кнігі, надрукаванай у Празе Скарынам
Плякацік у вітрыне да 500-годзьдзя першай кнігі, надрукаванай у Празе Скарынам

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG