Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зачынілі адну з крамаў з гамафобнымі надпісамі, якая належала расейскаму радыкалу Сьцерлігаву


Герман Сьцерлігаў (у цэнтры) на сустрэчы зь сялянамі, што зьбіраюцца балятавацца ў дэпутаты. Кастрычнік 2015 году
Герман Сьцерлігаў (у цэнтры) на сустрэчы зь сялянамі, што зьбіраюцца балятавацца ў дэпутаты. Кастрычнік 2015 году

У расейскім горадзе Пермь зачынілася крама праваслаўнага радыкала Германа Сьцерлігава «Хлеб і соль». Гэта адбылося пасьля скаргаў мясцовых жыхароў на гамафобную таблічку на дзьвярах крамы.

Паліцыя не знайшла парушэньняў у шыльдзе. Аднак рашэньне аб адмове пачаць адміністрацыйную справу аспрэчыла пракуратура, паведамляе расейскае выданьне «Коммерсантъ». Сам Сьцерлігаў сьцьвярджае, што закрыў краму «праз несур’ёзнае стаўленьне партнэраў», перадае партал Ura.ru.

1 лістапада стала вядома, што паліцыя запатрабавала ад Сьцерлігава прыбраць гамафобную таблічку зь вітрыны адной з крамаў «Хлеб і соль» у Маскве. Паліцыянты патлумачылі сваё патрабаваньне шматлікімі скаргамі грамадзян. Сьцерлігаў пасля гэтага заявіў пра намер прадаць усе свае маскоўскія крамы. «Моцна душыць пракуратура», — сказаў ён.

Вітрына крамы Сьцерлігава ў цэнтры Масквы
Вітрына крамы Сьцерлігава ў цэнтры Масквы

Раней Герман Сьцерлігаў паведаміў падпісчыкам ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте» пра звальненьне прадавачкі сваёй фэрмэрскай крамы ў Кіраве, якая нібыта пачаставала кліента-гея квасам: «Усіх наступных прадавачак, якія падтрымліваюць гэтую брудную навалач, будзем выкідваць на дарогу штурхялём пад зад!» — напісаў ён на сваёй старонцы.

Аказалася, што звальненьне прадавачкі стала адным з наступстваў кампаніі, якую разгарнулі супраць Сьцерлігава ЛГБТ-актывісты. Яны хадзілі па яго «фэрмэрскіх крамах», паведамлялі пра сваю нетрадыцыйную сэксуальную арыентацыю і правяралі, ці пагодзяцца іх пасьля гэтага абслужыць, здымаючы дыялёгі з прадаўцамі схаванай камэрай.

Да апошніх дзён адзіным пасьпяховым прыкладам барацьбы са скандальнымі крамамі была гісторыя з Санкт-Пецярбургу. У чэрвені сёлета Вера Ўрубель, жыхарка дома на Лігаўскім праспэкце, у якім зьявілася крама Сьцерлігава, дамаглася яго закрыцьця — замест цэнтру гораду сваю новую краму бізнэсоўцу давялося адкрываць на ўскраіне.

***

50-гадовы Герман Сьцерлігаў — расейскі бізнэсовец, вядомы сваімі радыкальна праваслаўнымі поглядамі. Быў адным з сузаснавальнікаў першай у Расеі таварнай біржы на пачатку 1990-х, адзін зь першых расейскіх мільянэраў. Вылучаўся ў прэзыдэнты Расеі на выбарах 2004 году, аднак зарэгістраваны ня быў. У тым жа годзе пакінуў бізнэс і паехаў разам зь сям’ёй у вёску. Праз чатыры гады зноў вярнуўся да камэрцыйнай дзейнасьці.

Прапагандуе ідэі праваслаўнага хрысьціянства, хоць да ніводнай з існуючых цэркваў сябе не залічвае. Выступае за аб’яднаньне Расеі, Украіны і Беларусі. У 2014 годзе казаў, што хоча атрымаць пашпарт «ЛНР».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG