Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горад на мяжы: рарытэтныя фатаграфіі Берасьця 1920–1930 гадоў

Сьвяточнае шыхтаваньне асабістага складу і тэхнікі 4-га бранятанкавага батальёну Войска Польскага. Брэст, 1930-я гг.

Берасьце (афіцыйна: Брэст; раней: Brześć nad Bugiem і Брэст-Літоўск) славіцца сваёй крэпасьцю, пабудаванай ў XIX стагодзьдзі. Многія ключавыя падзеі XX стагодзьдзя адбываліся ў гэтым невялікім горадзе. Тут у 1918 годзе быў падпісаны Брэст-Літоўскі мір. 20 гадоў Берасьце належала Польшчы. 14 верасьня 1939 году яно было занятае нямецкімі войскамі, а 22 верасьня, у адпаведнасьці з савецка-нямецкім плянам падзелу Польшчы, было перададзенае 29-й танкавай брыгадзе Чырвонай арміі падчас імправізаванага параду. 22 чэрвеня 1941 году горад атакавалі нямецкія войскі. Абарона Брэсцкай крэпасьці стала легендарнай. У ліпені 1944 году горад быў вызвалены савецкімі войскамі і ўвайшоў у склад Беларускай ССР.

Архітэктар зь Менску Андрэй Далгоўскі калекцыянуе фатаграфіі і дакумэнты, зьвязаныя з гісторыяй гэтага гораду. У Музэі незалежнасьці ў Варшаўскай цытадэлі ад траўня па лістапад 2017 году адчкрытая выстава сабраных ім фотаздымкаў, зробленых у Берасьці ў 1919–1939 гадах. Андрэй Далгоўскі распавёў Свабодзе пра сваю калекцыю.

— Андрэй, вы нарадзіліся ў Менску, і з вашай сямейнай гісторыяй Берасьце не зьвязанае. Чаму вы сталі зьбіраць дакумэнты пра гэты горад?

— Прыцягвала разнастайнасьць падзей, роля Берасьця ў гісторыі. Я зь дзяцінства захапляўся фартыфікацыі, а там ёсьць цікавыя фартыфікацыйныя аб’екты. Дзякуючы таму, што там адбывалася шмат гістарычна значных падзей, гэтае месца мае сваю энэргетыку. Яно прыцягвае людзей ня толькі зь Менску: прыяжджаюць вывучаць Брэсцкую крэпасьць людзі з розных краін.

— У вас салідная калекцыя, зь якой для кнігі і выставы выкарыстана больш за 200 фотаздымкаў. Якія вы лічыце самымі каштоўнымі?

— Фотаздымкі раньняга пэрыяду ўсталяваньня ў Берасьці польскай улады, 1919–1920 гады. Вельмі каштоўна, калі атрымоўваецца на непадпісаных, неідэнтыфікаваных фотаздымках распазнаць гістарычна значных пэрсанажаў або аб’екты, якія не захаваліся да нашага часу.

— Ці складана адшукаць такія фатаграфіі? Вы купляеце іх на аўкцыёнах або знаходзіце ў Берасьці ў сямейных архівах?

— Цяжка зь сямейнымі архівамі, таму што людзі часьцей за ўсё ў Берасьці не заставаліся. Многія загінулі падчас Другой сусьветнай вайны, многія эмігравалі. У большасьці выпадкаў гэта пошук у іншых краінах — у Польшчы, у Нямеччыне. Самыя далёкія краіны, адкуль прыходзілі фатаграфіі, — Злучаныя Штаты і Аўстралія. То бок крыніцы розныя. Калі ў кагосьці засталіся фотаздымкі або арыгінальныя дакумэнты, я тлумачу, для якіх мэтаў патрэбна гэтая інфармацыя, як яна будзе выкарыстоўвацца. Асобная крыніца папаўненьня калекцыі — розныя інтэрнэт-пляцоўкі, аўкцыёны, крамы.

Цалкам чытаць размову тут.

«Белы палац» у Брэсцкай крэпасьці – адзін зь перабудаваных будынкаў старога гораду, вядомы падпісаньнем «Брэсцкага міру» ў 1918-м. Нямецкая паштоўка, 1916 г.
«Белы палац» у Брэсцкай крэпасьці – адзін зь перабудаваных будынкаў старога гораду, вядомы падпісаньнем «Брэсцкага міру» ў 1918-м. Нямецкая паштоўка, 1916 г.

Уласнаручны надпіс Наркама замежных справаў Льва Троцкага ў сьценах «Белага палацу», пакінуты ў сьнежні 1917 г.: «Ни мира, ни войны».
Уласнаручны надпіс Наркама замежных справаў Льва Троцкага ў сьценах «Белага палацу», пакінуты ў сьнежні 1917 г.: «Ни мира, ни войны».

Фрагмэнт кальцавой казармы ў Цытадэлі Брэсцкай крэпасьці. Каля 1920 г.
Фрагмэнт кальцавой казармы ў Цытадэлі Брэсцкай крэпасьці. Каля 1920 г.

Жылыя дамы для афіцэраў, воданапорная вежа і гаспадарчыя пабудовы на Кобрынскім умацаваньні Брэсцкай крэпасьці. Ні адзін з аб'ектаў у кадры да нашага часу не захаваўся.
Жылыя дамы для афіцэраў, воданапорная вежа і гаспадарчыя пабудовы на Кобрынскім умацаваньні Брэсцкай крэпасьці. Ні адзін з аб'ектаў у кадры да нашага часу не захаваўся.

Камандзір Рачной флятыліі Польскіх ВМС у Пінску Вітальд Заянчкоўскі (другі справа) на шпацыры ў Берасьці. 1930-я гг.
Камандзір Рачной флятыліі Польскіх ВМС у Пінску Вітальд Заянчкоўскі (другі справа) на шпацыры ў Берасьці. 1930-я гг.
Службоўцы пажарнай аховы Берасьця, 1935 г.
Службоўцы пажарнай аховы Берасьця, 1935 г.

Разьбітыя пазыцыі польскай матарызаванай батарэі 9-га дывізіёну зэнітнай артылерыі. Кобрынскае ўмацаваньне, верасень 1939 г.
Разьбітыя пазыцыі польскай матарызаванай батарэі 9-га дывізіёну зэнітнай артылерыі. Кобрынскае ўмацаваньне, верасень 1939 г.

Мост праз раку Мухавец у Брэсцкай крэпасьці, падарваны разам зь нямецкім танкам, які на яго ўехаў. Верасень 1939 г.
Мост праз раку Мухавец у Брэсцкай крэпасьці, падарваны разам зь нямецкім танкам, які на яго ўехаў. Верасень 1939 г.

Нямецкі танк, зьнішчаны польскімі артылерыстамі на подступах да крэпасьці. Верасень 1939 г.
Нямецкі танк, зьнішчаны польскімі артылерыстамі на подступах да крэпасьці. Верасень 1939 г.

Нямецкія кулямётчыкі на Цярэспальскім умацаваньні каля моста праз р. Буг. Верасень 1939 г.
Нямецкія кулямётчыкі на Цярэспальскім умацаваньні каля моста праз р. Буг. Верасень 1939 г.

Сумесныя мерапрыемствы па перадачы немцамі гораду Берасьце савецкім войскам. Урачыстае праходжаньне калёны нямецкіх войскаў перад трыбунай.
Сумесныя мерапрыемствы па перадачы немцамі гораду Берасьце савецкім войскам. Урачыстае праходжаньне калёны нямецкіх войскаў перад трыбунай.

Польскія ваеннапалонныя ў часовым лягеры. Цярэспальскае ўмацаваньне Брэсцкай крэпасьці, верасень 1939 г.
Польскія ваеннапалонныя ў часовым лягеры. Цярэспальскае ўмацаваньне Брэсцкай крэпасьці, верасень 1939 г.
Камандзір 2-га батальёну 76-га матарызаванага полку пяхоты вэрмахту падпалкоўнік Ганс Георг Лемэль (справа) і савецкі афіцэр падчас перадачы Брэсцкай крэпасьці савецкім войскам РККА. Цытадэль, 22 верасьня 1939 г.

Нямецкі унтэр-афіцэр і савецкі шараговец. Супольны здымак на Цярэспальскім умацаваньні Брэсцкай крэпасьці. У левай частцы кадру – польскія ваеннапалонныя ў часовым лягеры. 22 верасьня 1939 г.
Нямецкі унтэр-афіцэр і савецкі шараговец. Супольны здымак на Цярэспальскім умацаваньні Брэсцкай крэпасьці. У левай частцы кадру – польскія ваеннапалонныя ў часовым лягеры. 22 верасьня 1939 г.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG