Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывістку будуць судзіць за плякат «Беларуская армія — сэрыйны забойца»


Алена Луцковіч на акцыі «Марш абураных беларусаў»

Праз тры тыдні пасьля менскага «​Маршу абураных беларусаў» 21 кастрычніка ўчастковы інспэктар Акцябрскага РАУС Гомельскай вобласьці Дзьмітры Крумгольц склаў супраць мясцовай актывісткі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Алены Луцковіч пратакол паводле артыкулу 23.34 КаАП — удзел у мітынгу на плошчы Незалежнасьці ў сталіцы, які ня быў дазволены Менгарвыканкамам.

«Як сказана ў пратаколе, віна мая ў тым, што я „публічна трымала ў руках плякат з надпісам „Беларуская армія — сэрыйны забойца“ і такім чынам выказвала свае грамадзка-палітычныя погляды“. Бачыце, выказваць свае погляды — гэта ўжо ў нашай краіне правапарушэньне, быццам бы й няма ў нас Канстытуцыі, якая акурат і гарантуе свабоднае выяўленьне сваіх поглядаў», — зьдзіўляецца Алена Луцковіч.

Актывістка зьвяртае ўвагу, што над складаньнем пратаколу працавалі, мінімум тры міліцэйскія структуры — Менскае і Гомельскае ўпраўленьні ўнутраных спраў, а таксама Акцябрскі РАУС. У Менску праглядалі відэастужкі й здымкі, рабілі скрыншоты, запытвалі адпаведныя матэрыялы ў падразьдзяленьні грамадзянства й міграцыі, каб ідэнтыфікаваць жанчыну з плякатам, пісалі рапарты ды перасылалі ў Гомель, а адтуль ужо з адпаведнымі паперамі й рэзалюцыямі справу пераадрасавалі ў райцэнтар Акцябрскі (былая Рудобелка).

«Марш» у Менску адбыўся 21 кастрычніка — у хуткім часе пасьля таго, як у вайсковай частцы ў Печах пад Барысавам быў знойдзены павешаным малады салдат Аляксандар Коржыч. Алена Луцковіч патлумачыла Свабодзе, чаму трымае такі плякат: «Я проста жахаюся ад таго, што майму сыну давядзецца служыць у такім войску».

Дата разгляду адміністрацыйнай справы Алены Луцковіч у судзе Акцябрскага раёну пакуль ня вызначана.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG