Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьявіўся віртуальны музэй Касьцюшкі. Ад вас залежыць, ці зьявіцца беларускамоўная вэрсія


Віртуальны музэй нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы, Літвы й ЗША стварыла група польскіх аматараў гісторыі на чале з Мацеем Піваварчукам. Зрабіць экскурсію па музэі можна пакуль на польскай мове. Але кожны наведнік зь Беларусі — гэта голас на карысьць беларускамоўнай вэрсіі, абяцае захавальнік музэю.

Віртуальная ўстанова пачала працу сёньня ўвечары пад адрасам kosciuszko.wielkiehistorie.pl. У музэі можна будзе пабачыць каля 100 экспанатаў зь Беларусі, Польшчы і Швайцарыі. Ён будзе пашыраць свае экспанаты.

«Ідэя стварыць віртуальны музэй Тадэвуша Касьцюшкі нарадзілася летась. Сэйм Польшчы абвясьціў 2017-ы Годам Тадэвуша Касьцюшкі. Мы задумаліся, чаму Тадэвуш Касьцюшка герой многіх народаў і кім насамрэч ён быў», — расказвае Піваварчук.

Поўная экскурсія па музэі працягваецца амаль 1,5 гадзіны. Наведнік зможа пабачыць гістарычныя дакумэнты і карціны ў лічбавым выглядзе. Сярод дакумэнтаў, напрыклад, напісаная яго рукою гісторыя вайны з Расеяй, а таксама асабістыя рэчы — гаржэт з часоў навучаньня ў рыцарскай школе, цыркуль з пэрыяду, калі Касьцюшка будаваў умацаваньне West Point, дзе цяпер знаходзіцца прэстыжны ўнівэрсытэт арміі ЗША.

Госьці музэю пабачаць таксама анімацыйны і дакумэнтальны фільмы пра месца нараджэньня Касьцюшкі — Мерачоўшчыну.

«Мы адмыслова паехалі ў Беларусь, каб пабачыць і зьняць мясьціны, дзе ён нарадзіўся і вырас. Маем таксама гісторыю ягонай маці. На беларускім Палесьсі, на першым этапе ягонага жыцьця, шмат што адбываецца. Вядома, што ён называў сябе літвінам. Але мы не ацэньваем гісторыю XVII ст. праз прызму XXI стагодзьдзя. Тым ня менш з гэтай зямлёй ён быў моцна зьвязаны», — тлумачыць ініцыятар віртуальнага музэю.

Пакуль музэй працуе толькі на польскай мове. Неўзабаве мае зьявіцца і ангельская. Мацей Піваварчук зьбіраецца адсочваць, зь якіх краін будуць прыходзіць наведнікі, і гэта паўплывае на зьяўленьне чарговых моваў.

«Для мяне будзе гонар, калі там зьявіцца беларуская мова», — кажа захавальнік музэю.

Паўплываць на зьяўленьне беларускай мовы можна, увайшоўшы на сайт віртуальнага музэю Касьцюшкі зь беларускага IP.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG