Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Героі застаюцца ў часе свайго трыюмфу


Алег Дашкевіч
Алег Дашкевіч

Ініцыятыва футбольнага клюбу БАТЭ спагнаць штраф памерам 5000 эўра з хлопца, што выбег на поле з нацыянальным сьцягам, абурыла Насту Дашкевіч.

«У сваёй заяве БАТЭ піша, што “хоча такім чынам нагадаць усім заўзятарам аб недапушчальнасьці падобных паводзінаў на стадыёне і паказаць, што ў клюбу ёсьць прававыя мэханізмы, каб адрасна пакараць парушальнікаў грамадзкага парадку”. Гэта той выпадак, калі “прававыя мэханізмы” ёсьць, а сораму — няма», — заўважае Наста.

На маю думку, нічога дзіўнага ў дзеяньнях БАТЭ няма, бо БАТЭ клюб постсавецкай правінцыі, дзе сорам і годнасьць у паводзінах не на першым месцы.

БАТЭ герой гэтага часу, які й жыве постсавецкімі ўяўленьнямі, марамі й дзеяньнямі, не выходзячы за тыя постсавецкія рамкі. Дзе кіруе сіюмінутная выгада, дзе няма адпаведнай клюбнай ідэалёгіі, канкрэтных маральных арыенціраў, глебы пад нагамі.

Можна сказаць, што БАТЭ як сыстэма — абсалютны адпаведнік той палітэканамічнай і этычна-эстэтычнай фармацыі, што склалася на прасторы, якую займае дзяржава пад назовам РБ.

У РБ, як і ў БАТЭ, таксама няма ўцямнай ідэалёгіі. РБ таксама кіруецца сіюмінутнай выгадай, варожа ставіцца да шляхетнасьці ў адносінах, адпрэчвае ў дзеяньнях звычайную чалавечую шчырасьць і думае, што ўсё вырашаюць грошы.

БАТЭ і РБ ня здолелі ці, хутчэй, і не імкнуліся вырасьці з малінавага пінжака 1990-х, хоць, здаецца, абодва суб'екты даўно апрануліся ў адзеньне вядомых спартовых і неспартовых брэндаў.

Днямі зноў адбыўся выпадак, калі заўзятар БАТЭ выбег на поле, каб разабрацца з галоўным арбітрам, які ўжо пад час матчу ўнутранага першынства паміж чэмпіёнам і аўтсайдэрам сёлетняга сэзону наваполацкім «Нафтанам» прызначыў у браму барысаўцаў памылковы пэналь.

Думаю, не памылюся, калі спрагназую, што ніякай позвы ў суд ад клюбу БАТЭ, з тым, каб спагнаць з парушальніка тыя семдзесят базавых велічынь (1610 беларускіх рублёў), на якія БАТЭ быў аштрафаваны Беларускай фэдэрацыяй футболу і аддаць іх «на дабрачыннасьць», як сьцьверджана ў заяве клюбу наконт папярэдняга выпадку, гэты заўзятар не атрымае.

Бо звычайна ва ўсіх сыстэмах РБ, і ў спартовай таксама, пасьлядоўнасьць дзеяньняў, вар'юецца ў адпаведнасьці зь бягучым момантам і кан'юнктурай, а БАТЭ сыстэма, народжаная ў РБ.

БАТЭ быў і пакуль застаецца героем часу РБ, кумірам для шматлікіх заўзятараў. Дзесяцігадовае чэмпіёнства, удзел у групе Лігі чэмпіёнаў, новы стадыён, часам фэерычны футбол у выкананьні.

Як менскае «Дынама» было кумірам заўзятараў савецкай Беларусі. Як нарэшце, Лукашэнка быў кумірам для публікі эпохі першых прэзыдэнцкіх выбараў.

Але любая сыстэма ня можа існаваць вечна. Час ідзе незалежна ад чыіхсьці жаданьняў. Яго можна прысьпешыць ці затармазіць, але ня болей. РБ адчувае гэта на ўласным лёсе, сыстэму ліхаманіць то з аднаго, то зь іншага боку.

БАТЭ, як яркі прадстаўнік гэтае сыстэмы, таксама ня можа застацца ўбаку ад пэрыяду высокае турбулентнасьці.

За два туры да заканчэньня чэмпіянату Барысаў ідзе ня так спрытна, як апошнія гады, ён толькі трэці, хоць і зь нястрачанымі шанцамі на чарговае чэмпіёнства.

Я заклікаю Насту Дашкевіч уважліва пасачыць за заканчэньнем нацыянальнага чэмпіянату. Магчыма, ягоны вынік дасьць падставы паразважаць не адно пра беларускі футбол.

Галоўнае акрэсьліваюць ускосныя дэталі. Героі адбываюцца й застаюцца ў сваім часе назаўжды, і «героі часу РБ» не выключэньне.

Можа быць, гэты футбольны чэмпіянат дасьць старт новаму часу і новаму герою, і неўзабаве адпадзе патрэба выбягаць на футбольнае поле пад час матчу, каб нагадаць беларусам пра іх прыгнечаныя нацыянальныя сымбалі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG