Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр расейскі сатырык Міхаіл Задорнаў. Што ён казаў пра Беларусь


На 70-м годзе жыцьця ў Расеі памёр пісьменьнік і сатырык Міхаіл Задорнаў.

Гумарыст Міхаіл Задорнаў пакутаваў на анкалягічнае захворваньне, паведамляюць «Известия» і ішныя расейскія СМІ. Агенцтву «Масква» сьмерць Задорнава пацьвердзіла калега і сяброўка Задорнава, тэлевядоўца Рэгіна Дубавіцкая, РБК атрымаў пацьверджаньне ад прэс-службы «РЕН-ТВ», дзе выходзіла перадача гумарыста.

Задорнаў праходзіў курс лячэньня ад ракавай пухліны галаўнога мозгу. Як стала вядома ў чэрвені, ён адмовіўся ад працэдураў, якія называў бескарыснымі, дзеля таго, каб пабыць разам з роднымі.

Памерлы сатырык шмат і ахвотна казаў пра Беларусь і беларускага «бацьку», якога лічыў узорам «сучаснага палітыка».

«Я захапляюся тым, што недзе захаваўся палепшаны СССР. Беларусь — „рымэйк“ усяго добрага, што было ў нас за савецкім часам», — любіў паўтараць ён.

Свабода ўспомніла, што расейскі сатырык казаў пра Беларусь.

Пра мудрага «бацьку»

«Лукашэнка клапоціцца не пра „таргашоў“, а пра людзей простых — разьвівае сельскую гаспадарку. Ён нібы разумее: прыстойныя людзі — тыя, якія вырасьлі на прыродзе, а не ў кулюарах улады і ў глямурных катэджах. Асабіста я цьвёрда перакананы: калі ў краіне шмат зямлі, то галоўным клясам павінна быць сялянства. А калі сялянства няма, то рана ці позна паўстане недахоп прыстойных людзей, паколькі абярэгі прыстойнасьці — ня ўлада і не банкі, а зямля і прырода.

Вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца ў „бацькі“! Ведаеце, што ён нядаўна прыдумаў? Зладзіў для чыноўнікаў экскурсію ў турму і паказаў ім, як шмат там свабодных камэраў».

Пра «адбеленых расейцаў»

«Мне нават само слова падабаецца — „беларусы“. Нібы нейкія „адбеленыя рускія“. Нездарма Беларусь заўсёды была абярэгам Расеі. Усе заваёўнікі — Фрыдрых, Напалеон, Гітлер, наступаючы на Расею празь Беларусь, страчвалі ў ёй мінімум чвэрць сваіх армій!

Мне апошнім часам людзі часта пішуць: „Станьце прэзыдэнтам Расеі, мы вас падтрымаем!“. Ніколі! Слова „прэзыдэнт“ ня наша. Мне больш па душы „бацька“. Якое дакладнае слова знайшлі простыя беларусы, каб не паганіць свайго кіраўніка чужародным „прэзыдэнтам“. Вось каб мне прапанавалі стаць бацькам, я б яшчэ падумаў!».

Пра партызанскі атрад

«Я разумею, Украіна легла пад Захад, ім вельмі хочацца стаць амэрыканцамі, — прамаўляў ён са сцэны. — Нават калі Расея ляжа пад Захад, застанецца Беларусь, пакуль там ёсьць „бацька“. Беларусь ня ляжа пад Захад, бо гэта не краіна, гэта — вялікі партызанскі атрад, які засеў у цэнтры Эўропы.

Вось няхай журналісты паглядзяць, як вы аплядыруеце таму, што я сказаў. Гэта яны крытыкуюць Беларусь. А яшчэ Грузія, Эстонія, Літва! Тая самая Літва, якая мае самую вялікую колькасьць самагубстваў у сьвеце! Аказваецца, эканоміка — яшчэ ня ўсё для шчасьця чалавечага. Чаму самагубстваў шмат? Радасьці мала. Супэрмаркетаў шмат, а радасьці мала. За савецкім часам было больш радасьці».

Пра крытыкаў Беларусі

«У першую чаргу мяне ўразілі беларускія дарогі. Яны не былі пакалечаныя суровай зімой, а значыць, будаўнікі не раскралі палову матэрыялаў, не «разьвялі» асфальт. І пры гэтым дарогі паміж гарадамі прамыя ад гарызонту да гарызонту, нібы «бацька» прачарціў іх лінейкай на мапе, як гэта калісьці зрабіў Мікалай І, вызначаючы чыгунку Масква — Пецярбург.

Пабываўшы ў Менску, Віцебску, Магілёве, Барысаве, я зрабіў для сябе галоўную выснову: Расея несправядліва паводзіць сябе ў дачыненьні Беларусі. Газэты, тэлебачаньне кпяць з «бацькі», з таго, што ў іх нібыта нічога няма, акрамя бульбы. Прыляпілі Беларусі ярлык «саўдэпаўскай адсталасьці».

Пра спакойнага суседа

«На самай справе сёньня Расея можа павучыцца ў свайго суседа. Ва ўсіх гарадах, дзе я быў, пабудаваныя новыя стадыёны, пры кожнай школе ёсьць спартовыя пляцоўкі. Тратуары настолькі чыстыя, што дома можна хадзіць у вулічным абутку. Беларусь пасьля развалу Саюзу ні з кім не ваявала. У ёй няма такой колькасьці маладых наркаманаў, як у Расеі. Тут няма алігархаў, якія ўплываюць на палітыку ўлады. Няма хросных бацькоў і паханоў, якія трымаюць у страху правінцыю».

Пра Нацыянальную бібліятэку

«Часам мне наогул здаецца, што Беларусь — адзіная краіна, якую не закрануў сусьветны крызіс. Некалькі гадоў таму ў Менску адкрылі бібліятэку, якой можа пазайздросціць любы Лёндан. У якім горадзе Расеі было зроблена што-небудзь падобнае? Беларусы ставяць помнікі сваім навукоўцам, пісьменьнікам. Яны захавалі высакародны тэатар. Там няма канцэптуальнага тэатра са спэктаклямі тыпу „Чабурашка і прэзэрватыў“, як у нас у Расеі».

Пра Нобэля Алексіевіч

«Нобэлеўскі камітэт яшчэ раз даказаў гэтай прэміяй, што мастацкая каштоўнасьць ім ня важная. Ім галоўнае, каб было нешта супраць Расеі. Сярод пісьменьнікаў, якія пішуць на расейскай мове, ёсьць значна больш таленавітыя і цікавыя — Прылепін, Пялевін. Я ў першую чаргу называю тых, каго сам люблю чытаць. Салжаніцыну Нобэлеўская прэмія таксама была дадзена не за мастацкасьць, а за антысавецкі зьмест. Сёньня мала хто можа пахваліцца тым, што дачытаў да канца нават „У коле першым“. Такая ж гісторыя была з Пастарнакам. Вось як Захад заточаны супраць Расеі, да памутненьня мазгоў.

Сучасная журналістыка, да якой належыць і Алексіевіч, гэта ўзаконены троль. Вельмі рэдка можна знайсьці ў каго-небудзь сьветлыя станоўчыя артыкулы пра каго-небудзь ці пра нейкую зьяву, падзею. Гэта заўсёды прыкмета бяздарнасьці — пісаць пра адмоўныя бакі жыцьця. Нашы пісьменьнікі маюць рацыю, калі крытыкуюць Алексіевіч. Гэта яшчэ адзін рэвэранс цемры, які атрымаў прэмію з той жа цемры».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG