Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адкрылася выстава памяці Сержука Цімохава


Сяржук Цімохаў. «Блакітны дзень — як сны начныя»

Увечары 9 лістапада ў менскай галерэі «Беларт» адкрылася выстава Сержука Цімохава. Яна прымеркаваная да пятай гадавіны заўчаснай сьмерці выбітнага жывапісца і графіка.

Апошняя прыжыцьцёвая выстава мастака ўлетку 2012 году была менавіта ў гэтай галерэі. Ён яе вельмі любіў. І таму мэмарыяльную выставу сябры і сямʼя зладзілі ў «Беларце».

Цуд Цімохава. Піша Аляксандар Лукашук

Адметнасьць экспазыцыі ў тым, што бальшыня зьмешчаных у ёй твораў выстаўлена ў Беларусі ўпершыню. Гэты жывапісны цыкль 2003–2009 гадоў дагэтуль знаходзіўся ў галерэі Аксэля Бабке (Дрэздэн, Нямеччына), зь якой Сяржук Цімохаў доўгі час супрацоўнічаў. Зь Нямеччыны на радзіму творы майстра вярнуліся пры актыўным спрыяньні беларускіх дыпляматаў.

«Дзяўчына з блакітнай стужкай», «Выпадковае спатканьне», «Зялёнае неба вясны», «Блакітны дзень — як сны начныя», «Вада», «Зямля», «Неба» ды іншыя паказваюць зусім невядомага беларускай публіцы Сержука Цімохава.

Гэта той пэрыяд ягонай творчасьці, які можна назваць блакітна-срэбна-залатым. Ён увогуле працаваў, як выказалася мастацтвазнаўца Ларыса Фінкельштэйн, на мяжы манумэнтальнасьці думкі і далікатнасьці колераў зь недасяжнасьцю нюансаў у дэталях.

Жывапіс Сержука Цімохава мэтафарычны і засяроджаны на мастацкім пераасэнсаваньні пэўнага кола тэмаў: узаемадзеяньня прыродных стыхіяў і чалавека, водгуку вераваньняў продкаў у сучаснай сьвядомасьці, пачуцьцёвасьці жаночага пачатку. Палотны майстра адрозьніваюцца вытанчанай калярыстычнай і складанай фактурнай дэталізацыяй кожнага элемэнту кампазыцыі.

Дапаўняюць экспазыцыю вернутых палотнаў знакавыя для творчасьці Сержука Цімохава жывапісныя дыптыхі 2000-х гадоў і некалькі палотнаў сэрыі «Грацыя», якія выстаўляліся пры жыцьці аўтара і будуць яшчэ шматкроць радаваць айчынную публіку.

Сяржук Цімохаў. «Начны блакіт»
Сяржук Цімохаў. «Начны блакіт»

«У сваіх творах, — пісаў мастак, — я імкнуся да гармоніі формы і духу, рысы і колеру, вялікіх формаў і дэталяў, рэалістычных элемэнтаў ды прыёмаў абстрактнага мастацтва. Мне падабаецца сам працэс стварэньня жывапісу, яго рукатворнасьць, магчымасьць адчуваць рукамі фарбу, бо толькі такім чынам мастак можа перадаць гледачу сваю энэргетыку, як рабілі гэта першабытныя мастакі, у чыіх творах і сёньня мы адчуваем жыватворную энэргію сонца, вады і зямлі».

Гэта цытата з альбому «Сяржук Цімохаў» (выдавецтва «Звязда», 2013), які можна яшчэ набыць у галерэі «Беларт» падчас экспанаваньня выставы.

Генадзь Мацур
Генадзь Мацур

Сябры і калегі Сержука Цімохава шмат гаварылі пра ягоны незвычайны талент творцы і чалавека. Ігар Марачкін, да прыкладу, нагадаў пра вернасьць мастака беларускай ідэі і пасьлядоўнасьць у яе адстойваньні. А Генадзь Мацур выказаў упэўненасьць, што Сяржук Цімохаў яшчэ ня раз зьдзівіць публіку. Бо ягоныя шматлікія творы вандруюць па ўсім сьвеце, а калісьці яны прыедуць на Радзіму.

Сяржук Цімохаў (1960–2012)
Сяржук Цімохаў (1960–2012)

Цімохаў Сяргей Аляксандравіч (1960–2012) нарадзіўся на Гомельшчыне. У 1979 годзе скончыў Менскае мастацкае вучылішча імя А. Г. Глебава.

Удзельнік моладзевага патрыятычнага згуртаваньня «Беларуская Майстроўня».

У 1984 закончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Беларуская акадэмія мастацтваў).

У 1986–1998 гг. жыў у Полацку. З 1989 па 1991 год працаваў галоўным мастаком гораду. Быў адным з заснавальнікаў вядомай у той час мастацкай галерэі «Рыса».

У 1999 годзе мастак пераехаў у Менск, дзе з 2007 году быў намесьнікам старшыні Беларускага саюзу мастакоў, сакратаром у экспазыцыйнай дзейнасьці.

Працы Сержука Цімохава знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музэі Рэспублікі Беларусі, Цэнтры сучаснага мастацтва ў Менску, Мастацкім фондзе Беларускага саюза мастакоў, Мастацкім фондзе Міністэрства культуры Расеі, музэі Марка Шагала (Віцебск), Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музэі-запаведніку (Полацак), галерэях Аксэля Бабке і «Walentowski Galerien» (Дрэздэн), Катажыны Напюркоўскай (Варшава), Алы Булянскай (Масква—Лёндан), у прыватных калекцыях на Радзіме і за мяжой.

Ён — ляўрэат ІІ Міжнароднага Шагалаўскага пленэру (1997), уладальнік Гран-пры VІІ Міжнароднай біенале «Залатое пяро Бялграда» (2003, Сэрбія), ляўрэат І Беларускай біенале жывапісу, графікі і скульптуры (2008).

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG