Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь адменіць міграцыйныя карткі для іншаземцаў


Міграцыйная картка для іншаземцаў, якія ўяжджаюць у Беларусь

Іншаземцы, якія едуць у Беларусь, ня будуць запаўняць міграцыйныя карткі. Такая норма ўнесена ў зьмены і дапаўненьні ў дамову паміж урадамі Беларусі і Расеі «Аб карыстаньні міграцыйнай карткай адзінага ўзору», якія сёньня ратыфікавалі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Скасаваньне міграцыйнай карткі тычыцца ўсіх іншаземцаў, канцавым пунктам падарожжа якіх ёсьць Беларусь (але не распаўсюджваецца на транзытных пасажыраў), а таксама экіпажаў марскіх і рачных судоў, якія заходзяць у парты Беларусі і Расеі.

Пагадненьне «Аб карыстаньні міграцыйнай карткай адзінага ўзору» паміж Расеяй і Беларусьсю дзейнічае ад 8-га лютага 2006-га году.

На думку першага намесьніка міністра ўнутраных спраў Івана Падгурскага, гэтыя зьмены дадуць магчымасьць скараціць чэргі на дзяржаўнай мяжы Беларусі, якія пэрыядычна ўзьнікаюць падчас выходных дзён, рэлігійных сьвятаў, летніх адпачынкаў. А гэтыя чэргі, паводле першага намесьніка міністра, адмоўна ўплываюць на імідж Беларусі.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка запытаўся ў Івана Падгурскага, у якой стадыі зараз знаходзяцца перамовы з Расеяй аб узаемным прызнаньні візаў замежных грамадзян, якія едуць у Беларусь праз тэрыторыю Расеі альбо ў Расею праз тэрыторыю Беларусі. Паводле Падгурскага, «супрацоўнікі нашага міністэрства паехалі ў Маскву для вырашэньня гэтага пытаньня». Ён ня здолеў пэўна сказаць, ці пасьпеюць бакі падпісаць гэты дакумэнт аб узаемных прызнаньні візаў да канца году.

Расея і Беларусь абяцаюць узаемна прызнаць візы да канца году

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG