Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня не Нью-Ёрк і не Сан-Францыска, мост не такі высокі і народу меней. Але застаецца прынадай для самагубцы. Гэта Стары мост, у цэнтры. Менавіта на ім адбылося здарэньне з кіроўцам аўтобуса, якое цяпер абмяркоўваюць.

Напісана дастаткова: чалавека ўратавалі, ён у рэанімацыі, калегі зьвярнуліся ў пракуратуру. Прычына ўчынку — невыносныя ўмовы працы. Скардзіцца бяз сэнсу, зь незадаволенымі размова жорсткая. Канечне, падзея атрымала розгалас, і кагосьці з транспартнага начальства могуць пакараць ці нават звольніць. Але сытуацыя ў гэтай гаспадарцы, стыль абыходжаньня зь людзьмі, вельмі нагадвае аўтарытарны стыль апошніх дваццаці год у самой краіне: перагнуць ці пераламаць «цераз калена». Што з гэтым рабіць загадаеце, каго звальняць?

Канечне, здарэньне прыцягвае ўвагу сваёй нестандартнасьцю. Рэйсавы аўтобус спыняецца раптоўна на мосьце, навокал ідзе транспарт, кіроўца выходзіць, пералазіць цераз парэнчы — і ў Нёман. У горадзе яшчэ два вялікія масты цераз раку, і плынь машын бадай ня меншая. І прынамсі адзін зь іх — Новы — вышэйшы за гэты, шанцаў ацалець менш. Гэта адно. Другое: побач там бязьлюдна. І нарэшце трэцяе: блізка ад Старога мосту ратавальная станцыя (каля цэнтральнага пляжу). Чалавека ўратавалі. Пасьпелі.

Відавочна: калі ён не цішком вырашае скончыць з жыцьцём, каб ніхто ня бачыў, а выбірае для гэтага галоўны мост, то зразумела — у душы ў яго можа прысутнічаць кволая надзея. На што? Перш: што нехта ўбачыць, што на вачах у людзей ён зьдзейсьніць гэты свой крок, ня сам-насам. Значыць, нехта можа ўразіцца, пераказаць убачанае, пашкадаваць. Другое: існуе магчымасьць, што ўратуюць. І так сапраўды ня раз здаралася. Бывала, што ратавальнікі, але таксама проста мінакі выцягвалі з вады няўдалых самагубцаў.

Выпадак з кіроўцам аўтобуса яшчэ больш незвычайны. Напэўна ж ён усё прадумаў. Драматургію. Пракруціў у галаве ня раз свой сцэнар. Згодна яму відавочцамі падзеі стануць дзясяткі людзей. Ён пакажа ім сваё «кіно». Для чалавека пэўная маральная сатысфакцыя, ня йнакш. Бо ён быў гатовы загінуць, як вынікае з таго, што адбылося.

Хто гэтыя людзі, чые ўчынкі час-часам трапляюць у крымінальную хроніку? Я ня ведаю, горад вялікі. Але ўсе яны — гарадзенцы. Толькі аднойчы здарэньне набыло для мяне адценьне набліжанасьці. Аднойчы даведаўся, што былога рэдакцыйнага калегу вылавілі зь Нёману. І нейкія цьмяныя словы: ці ня быў кімсьці ўтоплены. Але неўзабаве другі былы калега, да слоў якога заўсёды варта прыслухацца, вярнуў на зямлю: скочыў з мосту, жонка прычынай нібыта.

У душы пашкадаваў яго. Мы зь ім некалі былі самымі адстаючымі ў газэце па гэтак званых «арганізаваных» матэрыялах. Штомесяц быў плян: напісаць за кагосьці тэкст, падпісаць яго прозьвішчам, і бухгальтэрыя затым дашле яму ганарар. Гэта называлася ленінскай традыцыяй ствараць «масавасьць» савецкага друку, каб на старонках мільгацелі прозьвішчы рабацяг і розных начальнікаў. Два тэксты з тваім прозьвішчам у адным нумары былі б расцэненыя як парушэньне ленінскай традыцыі. Трэба было змушаць сябе пераўвасобіцца ў некага і нашрайбаваць так, каб адпавядала яго ўзроўню і занятку, ад ягонага імя. Дык вось мы з узгаданым калегам пастаянна мелі праблемы з выкананьнем гэтага ідыёцкага паказчыка. Між іншым, ён карыстаўся беларускай мовай.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG