Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лічыцца, прынамсі, многімі, што Лукашэнка вярнуў савецкую сымболіку, у тым ліку 7-га лістапада як сьвята, а таксама савецкую рыторыку дзеля ідэйных меркаваньняў. Бо ён, нібыта, ідэйны камуніст, а заадно каб зьнішчыць згадку пра сваіх канкурэнтаў БНФаўцаў.

Мне падаецца, што задача была вельмі прагматычная — зрабіць СССР 2.0 як крыніцу асабістай звышулады. А які можа быць агульны сымбаль у выпадку канфэдэрацыі Беларусі і Расеі? Як было спалучыць «Пагоню» і дзьвюхгаловага арла? А вось, калі ласка, выйсьце — знаёмыя ўсім абрысы з чырвонай зоркай, толькі падкарэктуй начыненьне ўнутры вянка.

Мінула больш за 20 гадоў. Што цяпер?

З кожным годам самастойнае жыцьцё былых калёній Крамля дае свой плён. Усё меней, напрыклад, робіцца агульнага ў дзяржаўных ідэалёгіях Беларусі і Расеі. У іх — імпэрыя, цары, РПЦ і «Рускі марш». У нас «моцная незалежная дзяржава» і Дзень вышыванкі. У іх эканамічныя самасанкцыі, у нас хай сабе асьцярожны, але бязьвіз і «беларускія крэвэткі».

У нас 7-га — дзяржаўнае сьвята з вельмі сьціплымі, амаль незаўважнымі адзначэньнямі.

У Расеі 7-га недзяржаўнае, але зь вялікім тэатралізаваным парадам. Дзе рэй вядзе тэма... Вялікай Айчыннай вайны (ВАВ). З вэтэранамі, з парадам вайсковай тэхнікі часоў ВАВ.

Liubou Luniova: «7 лістапада машынальна ўключаю тэлевізар. У РФ не выходны дзень. На „РТР“ ідзе як у будзённы дзень „Утро России“. Вядоўца прагнозу надвор’я ў кашулі ў сінюю, белую і чорную клетку і... у „калярадзкім“ мятліку. Вось гэтым усё сказана».

Як для мяне, працытаваная замалёўка толькі пацьвярджае, што «скрэпа» і ў нутры самой Расеі адна — саветчына. А ВАВ і Вялікая Перамога — самыя моцныя сымбалі савечыны. А таму і Леніна прыбраць немагчыма: парэшткі ў зямлю, а помнікі на звалку ці ў музэй.

У Расеі прыбяры Леніна, пачнецца ланцуговая рэакцыя: Ленін — чырвоная зорка — подзьвіг савецкага народу. Бо калі народ-пераможца не савецкі, то які? Расейскім, як калісьці ў імпэрыі, ужо не назавеш, мусіць быць павага да іншых нацыянальнасьцяў. Прыбіраеш камуністычную складовую — сыплецца ўся «велічнасьць» і «магутнасьць». І адчуваньне выключнасьці і абранасьці. І галоўнае — адзінства.

У Беларусі саветчына даўно страціла практычны сэнс — разам са стратай надзеяў Лукашэнкі стаць ачольнікам адноўленага СССР.

Але і пазбавіцца саветчыны Лукашэнка ня можа: прыбіраеш Леніна — замахваесься на савецкае, а значыць на «подзьвіг савецкага народу ў ВАВ». Чыстай вады рэвізіянізм і недабразычлівасьць у дачыненьні да саюзьніка.

У Беларусі 7-га лістапада — дзяржаўнае сьвята, а ў Маскве галоўны сымбаль «сьвята» ляжыць на цэнтральным пляцы.

Прыбяры адно — пасыплецца «мы адзін народ».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG