Паліцыі пакуль невядомыя матывы 26-гадовага Патрыка Дэвіна Кэлі, які ў нядзелю адкрыў страляніну падчас набажэнства ў баптысцкай царкве ў пасёлку Сазэрлэнд-Спрынгс, штат Тэхас.
Ахвярамі страляніны сталі, паводле апошніх дадзеных, прынамсі 26 чалавек, параненыя каля 20. Ахвярам было ад 5 да 72 гадоў, сярод забітых — 14-гадовая дачка пастара.
Як паведамляе New York Times, Кэлі раней служыў у нялётным складзе вайскова-паветраных сілаў ЗША і некалькі гадоў таму быў асуджаны да 12 месяцаў турмы за гвалт у адносінах да жонкі і малалетняга дзіцяці. Пасьля ён быў адпраўлены ў адстаўку за «неналежныя паводзіны».
Кэлі адкрыў стральбу ў царкве неўзабаве пасьля пачатку нядзельнага набажэнства, на якое сабраліся многія жыхары пасёлку — усяго ў ім жыве каля 400 чалавек. Пры выхадзе з царквы па нападніку адкрыў агонь адзін зь мясцовых жыхароў, узброены стрэльбай. Кэлі быў паранены, аднак здолеў пакінуць месца злачынства на аўтамабілі. Пасьля кароткай пагоні, арганізаванай мясцовымі жыхарамі, была знойдзеная разьбітая машына, у якой знаходзілася цела нападніка. Невядома, учыніў ён самагубства ці памёр ад ранаў, атрыманых падчас перастрэлкі.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп выказаў спачуваньні родным загіблых. Ён падкрэсьліў, што праблема ня ў праве на зброю, а ў псыхічных праблемах нападніка. Апанэнты Трампа — прыхільнікі абмежаваньняў на вольны продаж зброі ў ЗША, — аднак, ставяць тэхаскую трагедыю ў адзін шэраг з папярэднімі выпадкамі масавых забойстваў у ЗША, учыненых злачынцамі, узброенымі аўтаматычнай зброяй. Усяго месяц таму, 2 кастрычніка, у Лас-Вегасе ахвярамі злачынца, які страляў зь верхніх паверхаў гатэлю, сталі 58 чалавек.