Лінкі ўнівэрсальнага доступу

26 чалавек загінулі ў выніку страляніны ў пратэстанцкай царкве ў Тэхасе


Царква ў Сазэрлэнд Спрынгс пасьля страляніны

5 лістапада падчас набажэнства ў баптысцкай царкве ў гарадку Сазэрлэнд Спрынгс (штат Тэхас) нападнік адкрыў агонь з агнястрэльнай зброі. Па папярэдніх дадзеных губэрнатара Тэхаса, загінулі прынамсі 26 чалавек, 20 параненыя.

Некалькі людзей знаходзяцца ў шпіталях у крытычным стане. Загінулым было ад 5 да 72 гадоў.

Паводле паліцыі, агонь адкрыў 26-гадовы Дэвін Патрык Келі. Неўзабаве пасьля пачатку службы ён, апрануты ў чорнае, пад’ехаў да царквы, выйшаў з машыны, зрабіў некалькі стрэлаў, увайшоў у царкву і працягнуў стральбу. Пры выхадзе з царквы па ім адкрыў агонь адзін з мясцовых жыхароў, узброены вінтоўкай. У перастрэлцы Келі быў паранены. Яму ўдалося пакінуць месца злачынства ў сваім аўтамабілі. Пасьля кароткай пагоні, арганізаванай мясцовымі жыхарамі, была знойдзеная разьбітая машына зь целам нападніка. Невядома, ці ён зьдзейсьніў самагубства, ці памёр ад раненьняў, атрыманых падчас перастрэлкі. Як паведамляе паліцыя, на забітым была бронекамізэлька.

Горад Сазэрлэнд Спрынгс месьціцца за 48 кілямэтраў на поўдзень ад Сан-Антоніа. Там пражывае каля 400 чалавек.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп выказаў спачуваньні ў Twitter. Ён паведаміў, што сочыць за сытуацыяй зь Японіі, а прадстаўнікі ФБР і іншых фэдэральных службаў вядуць расьследаваньне на месцы злачынства.

Папярэдні падобны інцыдэнт адбыўся 2 кастрычніка ў Лас-Вегасе. Тады ахвярамі злачынцы, які страляў па людзях зь верхніх паверхаў гатэлю, сталі 58 чалавек.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG