Брытанская газэта Guardian апублікавала сэнсацыйную інфармацыю пра тое, што міністар гандлю ва ўрадзе прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа Уілбур Рос робіць бізнэс зь зяцем Уладзіміра Пуціна праз суднаходнае прадпрыемства ў Расіі.
Паводле Guardian, дакумэнты паказваюць, што Рос мае долю ў суднаходнай кампаніі Navigator праз ланцужок афшорных інвэстыцый. Navigator мае прыбытковае партнэрства з «Сібурам», расейскай газавай кампаніяй, частка якой належыць Кірылу Шамалаву, мужу дачкі Пуціна Кацярыны Ціханавай.
Рос, мільярдэр і блізкі сябар Трампа, захаваў валоданьне ў Navigator нават пасьля ўступленьня на пасаду ў гэтым годзе. Guardian піша, што ён атрымлівае выгаду ад дзейнасьці расейскай кампаніі, якой кіруюць члены сям’і і блізкія саюзьнікі Пуціна, некаторыя з якіх знаходзяцца пад санкцыямі ЗША.
Пра тое, што Рос мае справу з расейцамі, якія знаходзяцца пад санкцыямі ЗША, піша і ВВС.