Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паэтка і перакладчыца Тацяна Нядбай стала новай старшынёй Беларускага ПЭН-цэнтру


Тацяна Нядбай

5 лістапада ў Менску ў памяшканьні Прэс-клюбу на вуліцы Веры Харужай адбыўся чарговы агульны сход Беларускага ПЭН-цэнтру. Галоўным пытаньнем было абраньне новага старшыні арганізацыі.

Папярэдні старшыня паэт Андрэй Хадановіч адбыў чатыры кадэнцыі па два гады кожная. Сёньня ён выступіў са справаздачай за апошні двухгадовы тэрмін свайго кіраваньня.

Асноўнай задачай агульнага сходу было абраньне новага старшыні. Ім стала 35-гадовая паэтка і перакладчыца Тацяна Нядбай (Нядбаева), ляўрэатка прэміі «Дэбют» за паэтычную кнігу «Сірэны сьпяваюць джаз». Як перакладчыца Тацяна Нядбай пераклала кнігу Эвы Томсан «Песьняры імпэрыі».

Першым намесьнікам старшыні абраны пісьменьнік Павал Анціпаў. Другім — паэт і музыкант Уладзь Лянкевіч. Трэцім — Анка Упала (Алена Казлова), паэтка, празаік і перакладчыца.

У склад Рады, апрача старшыні і яе намесьнікаў, увайшлі Ўладзімер Арлоў, Андрэй Хадановіч і Сяргей Дубавец.

Падчас дэбатаў Уладзімер Арлоў падтрымаў кандыдатуру Тацяны Нядбай. Ён сказаў, што гэта таленавітая аўтарка і вопытны арганізатар культурных праектаў.

Галасаваньне было адкрытым. Супраць кандыдатуры Нядбай галасаваў адзін Уладзімер Някляеў. Ён падчас дэбатаў прапаноўваў падумаць пра іншыя кандыдатуры, але шэраг прапанаваных кандыдатур узялі самаадвод.

Таксама Ўладзімер Някляеў казаў, што ПЭН-цэнтру трэба болей падтрымліваць палітычна рэпрэсаваных.

Палітык і пісьменьнік Павел Севярынец у сваім выступе абвінаваціў ПЭН-цэнтар у прапагандзе гомасэксуалізму з прычыны таго, што некалі ў сядзібе ПЭНу была выстава "камінг-аўту". На гэта Ганна Янкута сказала, што задача ПЭН-цэнтру бараніць усіх творцаў, незалежна ад нацыянальнасьці, рэлігіі ці сэксуальнай арыентацыі. Ганну Янкуту падтрымаў Альгерд Бахарэвіч.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG