Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч на волі пасьля пяцідзённага арышту: «Я гатовы прыняць удар»


Мікола Статкевіч пасьля вызваленьня ў кастрычніку

Адзін з лідэраў беларускай апазыцыі Мікалай Статкевіч вызвалены пасьля пяцідзённага арышту. Гэтае пакараньне яму было прызначанае за ўдзел у акцыі 8 верасьня ў цэнтры Мінска супраць вучэньняў «Захад-2017», паведамляе БелаПАН.

Статкевіч павінен быў выйсьці ў 20.30 з Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС. У гэты час яго жонка Марына Адамовіч пацікавілася ў дзяжурнага ЦІП, дзе Статкевіч. Ёй адказалі, што ён «вызвалены адпаведна часу». Аднак з ЦІП палітык не выходзіў.

Каля 20.45 Адамовіч патэлефанавала ў Ленінскае РУУС, дзе ёй паведамілі, што Статкевіч знаходзіўся там, затым яго адпусьцілі.

Неўзабаве Статкевіч выйшаў на сувязь з жонкай.

«Я ім сказаў, што заканадаўства не легітымнае»

Адзін з лідэраў незарэгістраванага Беларускага нацыянальнага кангрэса расказаў журналістам, што прыблізна за паўгадзіны да канца тэрміну арышту яго павезьлі ў Ленінскае РУУС. Там супрацоўнікі ЦІП і аддзела выкананьня пакараньняў правялі з ім прафіляктычную гутарку аб недапушчальнасьці парушэньня закона аб масавых мерапрыемствах.

«Я сказаў, што ёсьць Канстытуцыя. Што заканадаўства не легітымнае. Няма абранага парлямэнта, што я самы законапаслухмяны, бо спрабую вярнуць у краіну закон безь якіх-небудзь карысьлівых мэтаў», — сказаў Статкевіч.

Вываз у РУУС і прафіляктычную размову палітык ацэньвае як акт ціску. Паводле яго, гэта ўжо другі раз, калі яго не выпускаюць непасрэдна з ЦІП.

Статкевіч зьвярнуў увагу, што яго затрымалі напярэдадні заплянаванай паездкі ў Кіеў, дзе ён павінен быў сустрэцца з эўрадэпутатамі на пасяджэньні «Эўранэсту» ў рамках праграмы «Усходняе партнэрства».

Палітык заявіў, што «ўлада выбарачна б’е па лідарах, а мільёны баяцца».

«Ня бойцеся, мільёны, бʼюць па тых, хто спрабуе ўзяць на сябе адказнасьць. Я гатовы прыняць гэты ўдар і са свайго шляху ня збочу», — сказаў Статкевіч.

На яго думку, страх ва ўладаў зьявіўся пасьля масавых сацыяльных пратэстаў зімой і вясной гэтага года.

«Гэты страх ім цяжка канкрэтызаваць, бо людзі зноў прыціхлі, але не вядома, калі яны выбухнуць наступным разам. Хапаць многія тысячы — няма карысьці. Таму ўлады бʼюць па тых, хто навідавоку, — па лідэрах БНК», — адзначыў палітык.

3 лістапада стала вядома, што Статкевіч асуджаны яшчэ на 10 дзён адміністрацыйнага арышту. Гэтае рашэньне судом Маскоўскага раёна было прынятае яшчэ 26 кастрычніка. Статкевічу ставілася ў віну правядзеньне пікету 7 кастрычніка ля Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна. У той дзень Статкевіч выйшаў на волю з ЦІП пасьля 15 дзён арышту. Палітыка сустракалі жонка, актывісты і журналісты, з якімі ён пагутарыў.

8 верасьня ў цэнтры Мінска прайшла несанкцыянаваная акцыя супраць беларуска-расейскіх вучэньняў «Захад-2017», якая была арганізаваная афіцыйна не зарэгістраваным Беларускім нацыянальным кангрэсам. У савет БНК уваходзяць вядомыя палітычныя і грамадзкія дзеячы, Статкевіч сустаршыня гэтай асацыяцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG