Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрымалі сакратара расейскай «Партыі нацыяналістаў»


На «Рускім маршы» 4 лістапада 2016 году

Сакратар расейскай «Партыі нацыяналістаў» Андрэй Пятроўскі затрыманы ў Маскве супрацоўнікамі паліцыі. Лідэр арганізацыі Іван Бялецкі распавёў парталу «ОВД-Инфо», што супрацоўнікі праваахоўных органаў павезьлі Пятроўскага ў невядомым кірунку.

Раней у суботу ператрусы прайшлі ў доме самога Бялецкага, а таксама ў іншага лідэра расійскіх нацыяналістаў Юрыя Горскага. Самі яны знаходзяцца па-за межамі Расеі.

Іван Бялецкі зьвязвае дзеяньні паліцыі з шэсьцем нацыяналістаў «Рускі марш», да арганізацыі якога мае дачыненьне ягоны рух.

Саму акцыю ў маскоўскім раёне Любліна арганізатары адмянілі неўзабаве пасьля яе пачатку. Падставай паслужыла забарона на банэры, якія раней былі, паводле актывістаў, узгодненыя з мэрыяй.

Паліцыя разагнала ўдзельнікаў «Рускага маршу», якія сабраліся каля рамак мэталашукальнікаў. Частка нацыяналістаў працягнула шэсьце. Паведамлялася пра дзесяткі затрыманых. Іван Бялецкі сьцьвярджае, што ў паліцыю забралі больш за 70 чалавек.

***

Тым часам у Санкт-Пецярбургу паліцыя затрымала двух праціўнікаў «Рускага маршу». Пра гэта паведамляе «Медиазона» са спасылкай на журналіста Давіда Фрэнкеля.

Гарадзкія ўлады не ўзгаднілі шэсьце нацыяналістаў, але ў суботу некалькі дзясяткаў чалавек сабраліся ў раёне станцыі мэтро «Спортивная» і зьбіраліся ўскласьці кветкі ў памяць ахвяр бальшавікоў.

Па дарозе да месца правядзеньня акцыі нацыяналістаў сустрэлі двое актывістаў з плякатамі «супраць нацыяналізму, ксэнафобіі, расізму». Іх, а таксама аднаго з удзельнікаў шэсьця, павеьзлі ў пастарунак, распавёў Фрэнкель.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG