Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікола Нікалаеў: У Санкт-Пецярбургу ляжаць рукапісы Скарынавага перакладу тых кніг Бібліі, якія ў друкаваным выглядзе да нас не дайшлі


Гісторык беларускай кнігі, доктар філялягічных навук, загадчык аддзелу рэдкіх кніг Расейскай нацыянальнай бібліятэкі ў Санкт-Пецярбургу Мікола Нікалаеў на просьбу Радыё Свабода расказвае пра невядомыя сёньня ў друкаваных выданьнях рукапісныя копіі кніг Старога Запавету ў перакладзе Францішка Скарыны, якія захоўваюцца ў расейскіх і ўкраінскіх кнігасховішчах.

—​ Вядома, што ў Львове і Санкт-Пецярбургу захоўваюцца дзьве часткі аднаго рукапісу, які зьмяшчае ў сабе тэксты выдадзеных Скарынам кніг Бібліі, але таксама і некалькі кніг (кнігі «Эздры», кніга «Тобіі», кнігі «Прарокаў», 1-я кніга «Макабэяў» і іншыя), што друкам ня выйшлі або былі надрукаваныя, але да нас не дайшлі. У Энцыкляпэдыі «Францыск Скарына» ў біяграме расейскага навукоўца ХІХ стагодзьдзя Міхаіла Пагодзіна сьцьвярджаецца, што гэта пераклады Скарыны. Раскажыце, калі ласка, пра гісторыю гэтага рукапісу.

— Рукапіс, пра які вы гаворыце, гэта таўшчэзная кніга — 741 старонка, і фармат яе — вялікі аркуш (для ўяўленьня — гэта больш, чым фармат кніг Беларускай энцыкляпэдыі). Сапраўды, як вы сказалі, у ХІХ стагодзьдзі гэтая кніга была падзелена на дзьве часткі. Адна частка да сёньня знаходзіцца ў Львове, і гэта месца яе магчымага стварэньня. А іншая частка — у Санкт-Пецярбургу, хаця раней яна была ў Маскве.

Зубрыцкі ўзяў гэтую кнігу з бібліятэкі Львоўскага базыльянскага манастыра Сьвятога Ануфрыя, але манастырскае начальства не дазволіла яе перапраўляць у Маскву і запатрабавала вярнуць кнігу. Зубрыцкі вярнуў толькі палову, а начальства не заўважыла

У сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя маскоўскі прафэсар гісторыі Міхаіл Пятровіч Пагодзін завязаў дружбу з львоўскімі аматарамі гісторыі. Міхаіл Пятровіч меў грошы, ён дапамагаў львоўскім сябрам грашыма, яны для яго шукалі кнігі, а ён за кнігі шчодра плаціў. У Львове быў такі краязнавец Дзяніс Зубрыцкі, які пачаў перапіску з Пагодзінам і паведаміў, што ёсьць такая Біблія. Ён таксама напісаў, што можа паспрабаваць яе здабыць для Пагодзіна. Зубрыцкі ўзяў гэтую кнігу з бібліятэкі Львоўскага базыльянскага манастыра cьвятога Ануфрыя, але манастырскае начальства не дазволіла яе перапраўляць у Маскву і запатрабавала вярнуць кнігу. Зубрыцкі вярнуў толькі палову, а начальства не заўважыла. Або зрабіла выгляд, што не заўважыла, бо там удзельнічалі грошы. Такім чынам, да Пагодзіна адправілася палова рукапісу. І вось у Львове засталося 356 старонак, а ў Маскву паехала 385. Гэта значыць, што кнігу падзялілі амаль напалам.

Пасьля сьмерці Міхаіла Пагодзіна, які быў прафэсарам Маскоўскага ўнівэрсытэту, яго калекцыю кніг і рукапісаў купіла Імпэратарская Публічная бібліятэка ў Санкт-Пецярбургу. Калі калекцыя Пагодзіна прыйшла ў Публічную бібліятэку, яе таксама падзялілі паміж двума аддзеламі: паміж Аддзелам рэдкіх кніг, куды пайшлі старадрукі, і аддзелам рукапісаў, куды пайшлі рукапісы. Вось такая гісторыя падарожжаў гэтай кнігі.

— І якая была ўвага навукоўцаў да гэтага рукапісу?

—​ Доўгі час гэты рукапіс быў як бы на пэрыфэрыі навуковай увагі. Навукоўцы ведалі пра яго, напрыклад, Афанасій Бычкоў ведаў, што гэта пераклады Скарыны. Але актыўна зьвяртаць на яго ўвагу пачалі толькі ў апошнія дзесяцігодзьдзі, пачынаючы з прац Яўгена Неміроўскага.

—​ Да гісторыі вывучэньня мы яшчэ вернемся, а пакуль пытаньне да вас адносна самога рукапісу. Як ён датуецца, наколькі гэтае датаваньне дакладнае?

кніга магла быць напісана самім Скарынам, гэта мог быць рукапіс ягоных перакладаў. Почырк XVI стагодзьдзя, папера XVI стагодзьдзя, пераклады Скарыны, прадмовы Скарыны... Але там ёсьць прыпіска перапісчыка, якая паведамляе яго імя — і гэта не Скарына

— Калі я нядаўна трымаў гэтую кнігу ў руках, я адразу падумаў пра вас. Журналісты любяць сэнсацыйныя павароты. І тут такі сэнсацыйны паварот якраз мог быць — кніга магла быць напісана самім Скарынам, гэта мог быць рукапіс ягоных перакладаў. Почырк XVI стагодзьдзя, папера XVI стагодзьдзя, пераклады Скарыны, прадмовы Скарыны... Але там ёсьць прыпіска перапісчыка, якая паведамляе яго імя — і гэта не Скарына. Калі б такой прыпіскі не было, мы б маглі думаць. што гэта аўтограф Скарыны. Але на кнізе ёсьць надпіс пра тое, што «Дмітро зь Зінкава пісарчык у 1575 годзе перапісаў гэтую кнігу ў Ануфрыеўскім манастыры ў Львове».

І вось той «Дмітро зь Зінькава пісарчык», які ў XVI стагодзьдзі стварыў рукапіс, успамінаецца ў некалькіх месцах гэтай кнігі. Таму мы дакладна ведаем, што гэта не асабістая рука Францішка Скарыны. Але параўнаньне тэкстаў з выданьнямі Скарыны паказвае абсалютную тоеснасьць. Нават тыя адрозьненьні, якія ёсьць, падкрэсьліваюць, што гэта Скарына. Бо пісарчук часам прапускаў галосныя, каб было хутчэй (у славянскакй мове гэта магчыма), таксама там прысутнічаюць украінізмы, напрыклад, «що», і т. д. Але гэта і ўсё, астатняе цалкам скарынаўскае — і тэксты, і пераклады.

—​ А якая гісторыя вывучэньня хаця б таго кавалку, што апынуўся ў Санкт-Пецярбургу? Ці нехта параўноўваў, напрыклад, мову, асаблівасьці перакладу, каб высьветліць, ці сапраўды гэтыя не надрукаваныя пераклады належаць Скарыну?

—​ Гісторыя вывучэньня рукапісу даволі багатая. Яна пачалася яшчэ ў пачатку ХІХ стагодзьдзя, калі ўкраінскія дасьледчыкі заўважылі гэтую кнігу. Напрыклад, Маркіян Шашкевіч, пачынальнік украінскай літаратуры, пісаў у сваім зборніку «Русалка Днестровая», што ёсьць такая цікавая кніга — Біблія Старога Запавету, без пачатку і без канца, якая захоўваецца ў Львове. А потым, калі рукапіс ужо быў падзелены, яго гісторыяй займаліся і львоўскі прафэсар Якаў Галавацкі, і маскоўскі славянафіл і выдавец Іван Аксакаў. Але яны вывучалі гэтую кнігу, не папулярызуючы яе. Ім было цікава, яны хацелі пазнаёміцца зь ёй, але яны не сьпяшаліся нешта пра яе паведаміць шырокай навуковай грамадзкасьці. Таму можна сказаць, што кніга гэтая вывучана мала.

Першы сур’ёзны ўклад у вывучэньне гэтага рукапісу зрабіў Яўген Львовіч Неміроўскі, які да 500-гадовага юбілею Францішка Скарыны выдаў у Менску кнігу «Франциск Скорина. Жизнь и деятельность белорусского просветителя». Там ён апісаў і Пагодзінскі, і львоўскі рукапісы, зьвёў іх гісторыю і паказаў яе разьвіцьцё. Больш за тое, ён нават апублікаваў тыя прадмовы Скарыны, якія з друкаваных кніг невядомыя, але ў тым рукапісе яны ёсьць.

—​ Такім чынам, калі ёсьць прадмовы Скарыны, гэта адназначна даказвае, што і неапублікаваныя пераклады кніг Бібліі належаць яму, гэта яго пераклады?

—​ Гэта зь вялікай верагоднасьцю пераклады Скарыны. Пакуль не знайшлі надрукаваных і падпісаных Скарынам кніг, напрыклад, кніг «Эздры» або іншых, мы ня можам да канца быць упэўненыя, але верагоднасьць гэтая набліжаецца да 100 працэнтаў.

—​ Дык тут дапамог бы прафэсійны аналіз мовы, калі б лінгвісты і гісторыкі мовы гэтаму ахвяраваліся. Такога дасьледаваньня, відаць, не было?

—​ Не было. Гэтаму перашкаджае разьдзеленасьць рукапісу паміж Львовам і Санкт-Пецярбургам, а таксама тое, што ён не апублікаваны.

—​ Якой, на вашу думку, павінна быць будучыня гэтага рукапісу? Як ён павінен быць апублікаваны і пасьля якой падрыхтоўчай працы?

частка рукапісу знаходзіцца ў Расеі, частка ва Ўкраіне, а найбольш зацікаўленыя ў вывучэньні Скарыны — якраз беларусы

—​ Безумоўна, патрэбны міжнародны праект, расейска-беларуска-ўкраінскі. Бо частка рукапісу знаходзіцца ў Расеі, частка ва Ўкраіне, а найбольш зацікаўленыя ў вывучэньні Скарыны — якраз беларусы. Зрэшты, у кожнай з гэтых краін ёсьць людзі, зацікаўленыя ў вывучэньні гісторыі кнігадрукаваньня, гісторыі культуры, гісторыі перакладаў Бібліі. Кніга велізарная, гэта вялікі аб’ём тэкстаў, цяжка выдаць больш за 700 вялікіх старонак факсыміле з навуковымі камэнтарамі. А вось калі такое выданьне адбудзецца, тады трэба ўжо глядзець. Такая кніга шмат што дасьць і ня толькі для скарыназнаўства, але і для бібліістыкі, для гісторыі кнігі наагул.

—​ Давайце яшчэ раз удакладнім для чытачоў. Усе гэтыя больш за 700 рукапісных старонак вялікага фармату — гэта пераклады Скарыны. Так?

—​ Падобна, што так. Бо тыя кнігі, якія былі надрукаваныя і нам вядомыя, у тым рукапісе маюць абсалютнае падабенства. А ёсьць там яшчэ і біблейскія кнігі, якіх як надрукаваных Скарынам, мы ня ведаем. Або Скарына не пасьпеў іх надрукаваць, або надрукаваў, але яны не захаваліся.

—​ Дык гэта, як пішуць Яўген Неміроўскі і энцыкляпэдыя «Францыск Скарына», дзьве кнігі «Параліпамэнон» (або «Летапісаў»), чатыры кнігі «Эздры», кніга «Тобіі», 16 кніг прарокаў і кніга «Макабэяў»?

—​ Так. Гэта якраз той кавалак перакладу, які зрабіў бы Скарыну перакладчыкам поўнага тэксту Старога Запавету. Нядаўна ў Санкт-Пецярбургу прайшла канфэрэнцыя, прысьвечаная біблейскаму перакладу Мацея Дзясятага, які быў зроблены ў Вільні і ў Супрасьлі (скончаны ў 1507 годзе). Гэта таксама таўшчэзны рукапісны кодэкс, які захоўваецца ў Пецярбургу ў бібліятэцы Акадэміі навук. Там таксама амаль уся Біблія, больш за тое, і там ёсьць некананічныя кнігі. Гэты кодэкс таксама не надрукаваны.

І рукапіс зь перакладамі Скарыны, і Біблія Мацея Дзясятага — гэта два такія таўшчэзныя кодэксы прыблізна аднаго часу, калі ў Вялікім Княстве Літоўскім была вялікая зацікаўленасьць у біблейскай тэматыцы. Тады перакладаў і выдаваў Скарына, тады ж і перакладаў Мацей Іаанавіч (Мацей Дзясяты). Абедзьве гэтыя магутныя кнігі яшчэ чакаюць свайго выданьня і дасьледаваньня.

—​ Уражвае, што да 500-годзьдзя праскай Бібліі ніхто гэтую працу не зрабіў...

—​ Так. Гэтую працу ніхто не зрабіў, ніхто не падняў. Бо гэтае 500-годзьдзе не рыхтавалася, як грунтоўная навуковая падзея. На жаль.

—​ Я ўпэўнены, што сёньня шырокай публіцы абсалютна невядома, што недзе існуюць рукапісныя копіі скарынаўскіх перакладаў і, асабліва, той факт, што там ёсьць і невядомыя ў друкаваным варыянце кнігі Бібліі і прадмовы Скарыны да іх.

—​ Так. Яўген Неміроўскі ў сваёй кнізе нават апублікаваў прадмову да кнігі «Эздры», каб паказаць, што Францішак Скарына, напрыклад, ведаў творы італьянскага гуманіста Піка дэля Мірандаля, бо ў той рукапіснай прадмове ён згадваецца. Неміроўскі сыходзіць з таго факту, што гэта ўсё ж пераклады Скарыны. Іншая тэма — ці сам Скарына рабіў гэты пераклад. І толькі адначасова з выданьнем гэтае пытаньне можа быць вырашана.

—​ Ну, мне здаецца, што мова Скарыны настолькі арыгінальная, што яе павінен быў стварыць менавіта адзін чалавек. Гэта, відавочна, аўтарская мова, аўтарскі пераклад.

—​ Я вас у гэтай думцы падтрымаю. Маё чытаньне Скарыны гэта пацьвярджае. Калі яго пачынаеш чытаць, адразу бачыш гэтую асаблівасьць. Я думаю, што Скарына быў пад моцным уплывам чэскай мовы. Відаць, ён меў чэскую Біблію як узор, бо там яна прысутнічае і ў запазычаньнях, і нават у форме думаньня. Ён, вядома, часта піша і згадвае пра сваю радзіму, але відаць, што ён знаходзіўся пад магутным уплывам чэскай славяншчыны...

—​ І польскай. А чэскіх словаў у яго перакладах мовазнаўцы налічылі аж 200 штук... Наступнае пытаньне да вас такое. Як бы вы ацанілі становішча скарыназнаўства ў наш час? І як мы адзначылі юбілей 500-годзьдзя Скарынавай Бібліі?

—​ Мне складана ацэньваць скарыназнаўства. Яшчэ жывуць магутныя скарыназнаўцы, якія шмат пра Скарыну пісалі, шмат што сказалі і шмат што ведаюць. Гэта Георгій Якаўлевіч Галенчанка і Яўген Львовіч Неміроўскі, але яны ўжо вельмі пажылыя людзі. Цяпер яны актыўна навукай не займаюцца, ім за 80 гадоў. А маладыя не нарасьлі. З маладых дасьледчыкаў у галіне скарыназнаўства пакуль ніхто не праявіўся.

500-гадовы юбілей быў сустрэты пасьпяховым праектам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па факсымільным выданьні кніг Скарыны. Але і ў іх выданьні ёсьць вялікі навуковы недахоп, таму што бралі найлепш захаваныя кнігі і кампанавалі збор твораў Францішка Скарыны без уліку экзэмплярнасьці

Што праўда, 500-гадовы юбілей быў сустрэты пасьпяховым праектам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па факсымільным выданьні кніг Скарыны. Яны падрыхтавалі, выдалі і ўвялі ў навуковы абарот асобнік зь Нямеччыны. Але і ў іх выданьні ёсьць вялікі навуковы недахоп, таму што бралі найлепш захаваныя кнігі і кампанавалі збор твораў Францішка Скарыны без уліку экзэмплярнасьці. Гэта зрабіла праект больш танным, больш рэнтабэльным, але для рэдкай старадаўняй кнігі важна гісторыя экзэмпляра і, прынамсі, яго расфарбоўка. Арганізатары праекту Нацыянальнай бібліятэкі бралі тое, што ім давалі. Напрыклад, у нямецкім экзэмпляры ілюстрацыі не расфарбаваныя. А у расейскай Нацыянальнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу ёсьць экзэмпляры з расфарбаванымі ілюстрацыямі. Таксама і ілюстрацыі зь вельмі багатых маскоўскіх збораў пакуль ня ўведзеныя ў навуковы зварот.

Цяпер стаіць пытаньне — ці сам Скарына зьяўляецца аўтарам расфарбаваных ілюстрацый. Бо гравюры ён надрукаваў, гэта ўжо ўсе ведаюць. Але частка гравюр у ягоных выданьнях расфарбаваная. І вось пытаньне — калі гэтыя гравюры былі расфарбаваныя? На жаль, новае факсфмільнае выданьне тут не дапамагае, бо яно створанае з выпадкова ўзятых асобнікаў. Але яно зьяўляецца безумоўным укладам ў юбілей.

Што датычыцца навуковай прадукцыі... На жаль, я ня браў удзелу ў навуковым Кангрэсе, прысьвечаным юбілею, і, адпаведна, ня чуў дакладаў, але ведаю, што шукаць нешта новае, зьвязанае са Скарынам, — гэта вывучаць і аналізаваць цэлую эпоху канца XV стагодзьдзя і першай паловы XVІ стагодзьдзя. Тая эпоха пакінула шмат дакумэнтаў, над імі яшчэ можна і трэба працаваць. Магчыма, гэта зробяць наступныя пакаленьні.

—​ Дзіўна, што ў выданьне спадчыны Скарыны (Францыск Скарына. Творы. Мн.1990) прадмовы зь яго рукапісных кніг не ўвайшлі. Звычайна, у збор твораў ў якасьці дадаткаў уключаюцца нават тыя тэксты, якія прыпісваюцца аўтару. А тут практычна стопрацэнтная аўтэнтычнасьць тэкстаў, але іх не ўключылі ў выданьне творчай спадчыны асьветніка. Я пытаўся ў аднаго са складальнікаў той кнігі, чаму так сталася, але ён адказаў, маўляў, рукі не дайшлі. І вось так у нашай навукі і за наступныя 27 гадоў рукі не дайшлі да невядомых кніжак Бібліі Скарыны.

—​ Тая кніжка з прадмовамі, пра якую вы кажаце, была па-свойму рэвалюцыйная. Але гэтых тэкстаў Скарыны там сапраўды няма.

  • 16x9 Image

    Сяргей Абламейка

    Сяргей Абламейка нарадзіўся ў Менску. Скончыў гістарычны факультэт БДУ. Працаваў сьлесарам на МАЗе, выкладаў гісторыю ў школе, быў навуковым супрацоўнікам Музэю народнай архітэктуры і побыту, пасьля Скарынаўскага цэнтру. На «Свабодзе» – зь верасьня 1990 году, з траўня 1995 году – у Празе. Пісьменьнік, гісторык, журналіст.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG